Калі грошы растуць шпарка?
Відавочна, што пра гэта добра ведаюць у Трастбанку. Пацвярджэннем такой думкі можна лічыць нядаўна адкрыты дэпазіт "Шкварка". З гэтай нагоды кіраўніцтва вядомай у Беларусі банкаўскай установы арганізавала прэзентацыю новага фінансавага прадукту.
На сустрэчы з журналістамі старшыня праўлення ЗАТ "Трастбанк" Юрый Каштанаў адзначыў, што з'яўленне згаданага ўкладу, працэнтная стаўка якога ў нацыянальнай валюце ўжо дасягае лічбы 40, стала водгукам на патрэбы кліентаў у сучаснай эканамічнай сітуацыі.
Ва ўмовах росту інфляцыі і стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, працягнуў Юрый Міхайлавіч, найбольш мэтазгодным з'яўляюцца ўкладанні зберажэнняў у кароткатэрміновыя банкаўскія дэпазіты з высокай працэнтнай стаўкай, якім і з'яўляецца ўклад "Шкварка".
Ідэя такой не зусім стандартнай назвы банкаўскага прадукту нарадзілася ўнутры банка. Слова "шкварка", заключыў старшыня праўлення ЗАТ "Трастбанк" Юрый Каштанаў, асацыюецца ў кожнага з нас з нацыянальным каларытам, дастаткам і дабрабытам у сям'і.
Некаторыя лічбы ўжо дзейнага з 20 чэрвеня гэтага года дэпазіту "Шкварка" агучыў намеснік старшыні праўлення, начальнік дэпартамента банкаўскіх картак Сяргей Буднікаў. Паводле яго слоў, новы ўклад адкрываецца толькі ў нацыянальнай валюце, мінімальная сума ўкладу — адзін мільён беларускіх рублёў.
Падводзячы вынікі прэс-канферэнцыі, яе арганізатары адзначылі, што ў бліжэйшых планах — павышэнне працэнтнай стаўкі дэпазіту "Шкварка" і магчымасць распараджацца дэпазітам праз банкаўскую пластыкавую картку ЗАТ "Трастбанк".
Уладзімір ЗДАНОВІЧ.