Для атрымання льготнага крэдыту на жыллё трэба мець статус чаргавіка — нават для шматдзетнай сям'і ў двухпакаёўцы...
Днямі ў рэдакцыю патэлефанаваў спадар Аляксей К. з Мінска наконт свайго жыллёвага пытання. Справа ў тым, што яны разам з жонкай і двума маленькімі дзеткамі жывуць у сучаснай двухпакаёвай кватэры агульнай плошчай 63 квадратныя метры. Відавочна, што нават па ранейшых нормах гэтая сям'я не трапляла ў ранг тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Усё так, аднак...
Паводле слоў суразмоўцы, недзе праз 4 месяцы ў іх сям'і чакаецца свята — нараджэнне трэцяга дзіцяці. У сувязі з гэтым Аляксей пытаецца, ці атрымаюць яны разам са статусам шматдзетнай сям'і магчымасць будаваць сабе большую кватэру па лініі муніцыпальнага будаўніцтва з выкарыстаннем ільготнага крэдыту?
З гэтым пытаннем мы звярнуліся да намесніка начальніка ўпраўлення жыллёвага будаўніцтва Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Уладзіміра Дарапіевіча. Спецыяліст згадзіўся, што сям'і, дзе трое малых дзетак, жыць у двухпакаёвай кватэры будзе не вельмі ўтульна. Разам з тым, сёння па новых нормах крытэрый патрэбнасці ў жыллі ў Мінску зніжаны да 10 квадратных метраў на чалавека. А гэта значыць, што цяпер шматдзетную сям'ю з пяці чалавек, якая мае кватэру агульнай плошчай 63 жыллёвыя квадраты, на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў мясцовыя чыноўнікі не паставяць. У такім выпадку гэтая сям'я не мае магчымасці атрымаць і льготны крэдыт на будаўніцтва жылля. Уладзімір Дарапіевіч не выключае магчымасці, што з цягам часу менавіта для шматдзетных сем'яў будзе распрацавана нейкае пэўнае паслабленне прыняцця грамадзян на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
А пакуль спецыяліст Мінбудархітэктуры параіў спадару Аляксею пасля атрымання статуса шматдзетнай сям'і звярнуцца ў жыллёвы аддзел па месцы жыхарства. Там яму абавязкова, пасля разгляду канкрэтнай сітуацыі, прапануюць нейкія іншыя прымальныя схемы будаўніцтва жылля для вялікай сям'і. Спадзяёмся, што гэта так...
Сяргей КУРКАЧ.