Дрэс-код для першакласніка

Источник материала:  
Сёння ў школах краіны ўжо не ўбачыш дзяўчынак у аднолькавых сукенках, як гэта было гадоў дваццаць таму, і хлопчыкаў — у аднатыпных касцюмах. Цяпер нават вучні малодшых класаў імкнуцца да адметнасці. Тым не менш школьная супольнасць выбрала акрэслены напрамак моды — дзелавы стыль.
Дрэс-код для першакласнікаУ канцы жніўня школьны гандаль прыкметна ажывае. Вярнуліся з летнікаў і вёсак дзеці, а з імі прыйшлі клопаты бацькоў пра школу. Сёлета, як заўсёды, па ўсёй краіне працавалі кірмашы, на якіх можна было, вобразна кажучы, цалкам сабраць школьны ранец. На адным з такіх “базараў” пабывала і я.
Зайшоўшы ў мінскі выставачны цэнтр “Белэкспа”, дзе праходзіў кірмаш “Прывітанне, школа!”, нават разгубілася — столькі там разнастайных пісьмовых прыналежнасцяў, сшыткаў, падручнікаў. І ўсё падавалася такім яскравым — на любы густ, адным словам.
Шмат наведвальнікаў было ля стэндаў швейных фабрык “Калінка”, “Славянка”, “Камінтэрн”, “Белкрэда” — менавіта там шыецца фірменнае адзенне для школьнікаў. Заўважыла, што сёлета больш пашанцавала дзяўчынкам. Для іх — мноства прыгожых і вельмі зручных строяў. Не дзіўна, што разгубіліся маладыя бацькі Ірына і Віталь Качанавы, калі куплялі адзенне для дачкі-першакласніцы Карыны. “Ніяк не маглі выбраць паміж сарафанам і касцюмам, — прызнаецца Ірына. — Урэшце вырашылі ўзяць і тое, і другое”. Строгі выгляд школьнага адзення бацькі ўхваляюць — маўляў, хай прывыкае дзяўчынка да дзелавога стылю, у школе ж трэба думаць найперш пра вучобу. Пра тое, што на ўроках не да месца джынсы, гаварылі мне і дзесяцікласніцы Маша Казлова і Лера Сіняўская з 23-й мінскай гімназіі. Дзяўчаты выбралі сабе класічныя касцюмы.
Усяго ж, як мне паведаміў намеснік старшыні канцэрна “Беллегпрам” Уладзімір Астроўскі, сёлета было распрацавана амаль паўтары сотні мадэляў адзення для вучняў. Для дзяўчынак — больш за пяцьдзясят строяў, для хлопчыкаў — больш за сорак.
Пагадзіцеся, ёсць з чаго выбраць, каб мець адметны выгляд. Дарэчы, упершыню былі распрацаваны і мадэлі дзелавых касцюмаў з вельвету. Парадавалі і тканіны, з якіх пашыта адзенне. На этыкетках прачытала: шэрсць, бавоўна, шоўк, віскоза. А значыць, мінімум сінтэтыкі. І максімум камфорту, які вельмі патрэбен школьнікам пад час падарожжаў па Краіне ведаў.

Кацярына Мядзведская

←Овощную сеялку сконструировали сами

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика