"Гарачую ваду дадуць праз гадзіну. Не, прабачце, к выхадным"
З пяціпавярховага дома № 132 па вуліцы Савецкай у Смалявічах да нас звярнулася адна з жыхарак: "Можа, чым дапаможаце — вады няма ўжо паўтара месяца. Хоць да нядаўняга часу побач яшчэ вісела аб'ява: маўляў, апошні дзень правядзення рамонтных работ — 27 ліпеня".
— А тут, вы ж бачыце, ужо лета скончылася. А вады як не было, так і няма. Зразумейце, наколькі нязручна: мала таго, што вады няма, дык усё навокал раскапана, мяняюць трубы... Працуюць работнікі не больш чым да 17 гадзін. Вось зараз палова трэцяй гадзіны дня, а кагосьці з рамонтнікаў я з вакна не бачу. Дарэчы, ніякіх агароджаў няма, а побач гуляюць дзеці. Вельмі страшна, барані Божа, каб хто выпадкова не зваліўся ў яму, — перадала нам сутнасць праблемы маладая маці.
У дыспетчарскай Смалявіцкага КУП "ЖКГ" здзівіліся звароту нашай газеты: маўляў, у згаданы дом гарачую ваду дадуць сёння літаральна праз гадзіну. Як гэта праз гадзіну, калі работы, як сказалі жыхары, яшчэ не завершаны? Просім удакладніць інфармацыю. Дыспетчар звязваецца з начальнікам кацельні і ўжо разгублена, са слоў апошняга, паведамляе, што вада ў доме № 132 будзе не сёння праз гадзіну, а к выхадным. "На гэтым участку працуюць нашы падрадчыкі, відавочна, узніклі нейкія праблемы..." Нараканні пра агароджы вакол месца будоўлі суразмоўца абяцае перадаць кіраўніцтву.
Тэлефануем ужо намесніку дырэктара па цеплаэнергетыцы прадпрыемства Генадзю ГРЫГАРУКУ.
Па словах Генадзя Іванавіча, прычына зацягвання тэрмінаў рамонтных работ наступная. "Калі пачыналі рамонт цеплатрасы, замену труб, матэрыялаў было толькі на першы этап працы — недзе 5-10 працэнтаў ад неабходнага. Аднак потым узніклі праблемы з фінансаваннем — адпаведна, патрэбныя матэрыялы ўжо пастаўляліся са спазненнем. Аб'яву для жыльцоў мы потым павесілі новую". Даць ваду ў дом суразмоўца паабяцаў дні праз два, максімум — да выхадных. "Будзем старацца. Тым больш, што ў райвыканкаме прынялі рашэнне — працаваць да цемнаты".
Таксама здзівіла намесніка дырэктара па цеплаэнергетыцы прадпрыемства заўвага адносна агароджаў. "Мы заўсёды агароджваем месцы раскопак. І каля дома № 132 так усё зроблена. Тым не менш, я удакладню сітуацыю па гэтым пытанні ў падрадчыка".
Сяргей РАСОЛЬКА.