Пчала
"Божая працаўніца" — пчала — у культуры шмат якіх народаў стала надзвычай шматпланавым сімвалам; увасабленнем працавітасці і стараннасці, арганізатарскіх і творчых здольнасцяў, мудрасці і храбрасці, самаадданасці, беражлівасці. Часам пчала сімвалізавала таксама красамоўнасць.
У старажытных славян пчала стала сімвалам кахання, таму што аб'ядноўвала ў сабе і радасць, асалоду (мёд), і гаркоту (джала) — тое, без чаго не абыходзіцца сямейнае жыццё.
Пчолы заўсёды былі паплечнікамі нябесных бостваў. Дзікі мёд называлі "ежай багоў". Хрысціяне працягнулі гэту традыцыю: пчаліны мёд стаў сімвалам Хрыстовай дабрадзейнасці, а джала — яго пакутамі.
Часам выяву пчалы можна сустрэць на надмагільных камянях як сімвал бессмяротнасці. Магчыма, таму, што абуджэнне пчалы пасля зімовага сну атаясамлівалася з уваскрэсеннем пасля смерці.
Згодна са старажытнымі паданнямі, святымі пчолы сталі таму, што джалілі рукі тых, хто прыносіў пакуты Хрысту, і палягчалі яго ўласныя пакуты: яны прыляталі роем і пілі яго крывавы пот. Таксама лічыцца, што менавіта пчолы першымі разнеслі вестку пра Яго Уваскрэсенне. Пчалу заўсёды лічылі Божай угодніцай, таму што яна робіць воск на свечкі — "Богу ахвяру прыносіць".
Сярод усходніх славян пчалярства лічылася адной з самых шаноўных і таямнічых спраў. Тыя, хто меў сто і больш вулляў, паводле народных уяўленняў, мелі дачыненне да нячыстай сілы, іх звалі знахарамі, калдунамі і ведзьмакамі. У дахрысціянскія часы ў народзе існавала паданне, што пчолы з'явіліся ў багне, таму іх ахоўнікамі лічылі вадзяніка.
Лічылася, што пчала джаліць толькі грэшнікаў, што пчолы не любяць дрэнных людзей, а добрага чалавека пчала не кране.
Сярод сялян існаваў звычай: "Чалавеку злоснаму, грахоўнаму лепш пчол не заводзіць!"
Забіць пчалу без нагоды лічылася вялікім грахом, скрасці вулей ці калоду — страшэнным злом, разбурыць вулей — "разбурыць храм Божы".
Паўсюдна лічылася, што гаспадар павінен размаўляць з пчоламі як з разумнымі істотамі, быццам яны з'яўляюцца членамі яго сям'і. Ім трэба расказваць сямейныя навіны. Калі пчолы на некалькі хвілін змаўкалі, а потым гулі роўна, значыць, прымалі навіны добра; калі ж выляталі з вулляў і злосна гулі — чакай непрыемнасцяў.
Лічылася, што пчолы не "шануюць" таго гаспадара, які любіць есці мёд, і дрэнна ў яго вядуцца.
Калі рой вылецеў і сеў на сухую галіну зялёнага дрэва — гэта прадказвала смерць гаспадара ці яго сваякоў.
Чужы рой, які наведаў вашу гаспадарку, лічыўся добрай прыкметай, знакам дабрабыту ў хаце і гаспадарцы.
Прыкмячалі: на які хлеб "пайшла" пчала, "той на зерне будзе ўраджайны".
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.