З-пад марозу апенькі, альбо Залаты ўзрост Кледнявічаў

Источник материала:  

— Залаты ўзрост? Гэта як у нас — за 70 гадоў, бліжэй да 80-і! Можа, не ўсім падабаецца, але нам нармальна!

— З-пад марозу апенькі! Мы тут усе натуральныя дзеўкі! Не пудрымся, на фарбуемся і не румянімся. Пражылі і не ведаем, як тая памада адкрываецца і дзе купляецца.

— Мы задаволеныя: збяромся, пасмяёмся, паспяваем. Ну чым не залаты ўзрост?

Спеўкі і танцы да ўпаду

У вёсцы Кледнявічы, што ў Дрыбінскім раёне, цэнтр жыцця — бібліятэка-клуб. Улетку на зялёнай паляне каля невялікага будынка бібліятэкі збіраюцца ўдзельнікі клуба для сельскіх пенсіянераў пад назвай "Залаты ўзрост".

Дзясятак бабуль, апранутых у святочныя строі і вышыванкі. З упрыгажэнняў — яркія хусткі і пацеркі, ужо амаль што музейных узораў моды сярэдзіны мінулага стагоддзя. Сярод спявачак — адзіны мужчына ў кепцы, упрыгожанай пунсовымі макамі (абсалютна наглядная ілюстрацыя таго, што жанчыны жывуць даўжэй за мужчын).  

З-пад марозу апенькі, альбо Залаты ўзрост Кледнявічаў

Імправізаваны канцэрт пачынаецца, старыя бадзёра пад гармонік зацягваюць "Ой, пры лужку, пры лужку..." Потым парамі танцуюць "лайдака". На іншым баку паляны ў далоні пляскаюць аднавяскоўцы, якія падцягнуліся з дзецьмі і сабакамі падтрымаць "Залаты ўзрост".

Клуб працуе пры бібліятэцы з 1998 года і вельмі шануецца яго ўдзельнікамі. Гавораць, што яны душой маладзеюць: дзякуючы рэпетыцыям ды выступленням проста няма часу хварэць. Бабулі бегаюць на спеўкі, як у маладосці на танцы.

— Ах, хлопцы: глядзяць-глядзяць, а тады — хадзі пад ручку, — узгадвае Ефрасіння Рыгораўна Краўцова, якой амаль 80 гадоў. — Раней кашулі былі сацінавыя і паркалёвыя, і яны ўсе былі мокрыя пасля танцаў. Дадому прыйдзеш стомленая. Хадзіла адпачываць, а так замарылася!

— Калі ідзеш на танцы, трэба было сабраць гарманісту хоць бы літр жыта і некалькі яек, — не забываюцца на важныя дэталі жанчыны. — І яшчэ два яйкі гаспадыні хаты, дзе танцы, каб пусцілі. І тады ўжо скачам да ўпаду!

Саламяны матрац на шчасце

Міхаіл Іванавіч Анікееў — адзіны мужчына і лідар вясковага клуба. Спявае разам з жонкай Марыяй Якаўлеўнай, з якой пражыў 50 гадоў: нядаўна справілі залатое вяселле.

— Ён быў брыгадзірам на ферме, а я — даяркай: там пазнаёміліся. Запрашаў на танцы, вадзіў у кіно, потым пажаніліся, — Марыя Якаўлеўна не бачыць нічога рамантычнага ў гісторыі свайго кахання і шлюбу. Вось толькі памятае, што маладыя на вяселлі так і не пацалаваліся: засаромеліся сваякоў.

— Ой, і правільна, — кажа сваё слова за сціпласць і Ефрасіння Рыгораўна. — Цяпер усе цалуюцца, а пасля вяселля праз два тыдні разбягаюцца. Бо глядзяць, каб муж аўтамабіль падараваў, мільёны зарабляў, ды яшчэ на руках насіў. А калі не — дык развядуцца! А трэба працаваць і паважаць свайго мужыка, тады і ён будзе з павагай ставіцца да жонкі, і будуць жыць разам!

Бабуля Краўцова — галоўная жартаўніца ў "Залатым узросце". Яна і актуальныя прыпеўкі прыдумае, як хлопец 5 тысяч рублёў на піва пры пацалунку забраў з кішэні, і раскажа цікавыя гісторыі з уласнага жыцця.

— Я пайшла замуж за суседа, — кажа Ефрасіння Ягораўна. — Проста жылі, працавалі за палачкі ў калгасе. А каб ложак набыць, пяць гусакоў здалі на мяса. Аднак матраца не было. Як спаць? За тым часам лён малацілі, і пасля працы я напхала саломы, на плячо яе — і панесла дадому трафей. Брыгадзір Пятрок думаў, што я нешта каштоўнае скрала: "Стой, куды ідзеш?" Я яму: "Нам спаць з мужыком няма на чым". Ну і вось: на тым саламяным матрацы нажылі двух хлопцаў!

Пасляваеннае каханне

— Тут усе дзеці вайны стаяць, — паказвае на сваіх сябровак Міхаіл Іванавіч. — Вялікая Айчынная вайна — гэта была самая страшная падзея ў нашым жыцці. Побач з Кледнявічамі па рацэ 9 месяцаў праходзіла лінія фронту. На гэтым баку — немцы, а на тым — савецкія. Мы ўсё перажылі. Да вайны ў вёсцы было 200 двароў, а пасля засталося менш за дзясятак, бо ўсё спалілі.

Вяртанне з бежанцаў было пакутлівым: людзі паступова пакідалі зямлянкі, якія яны называлі "бункерамі", і сталі адбудоўвацца. Бабулі толькі ўздыхаюць, калі Анікееў расказвае пра тыя часіны: у калгасе "Трэцім вырашальным", які потым стаў "Пражэктарам", працавалі шмат, але не за грошы, а за працадні.

— А потым адрадзілася вёска, пабудавалі клуб, — працягвае мужчына. — І было нам добра, калі ўжо пасля вайны трохі абжыліся.

Без кахання, вядома ж, немагчыма было жыць у любыя часіны.

— О! Любоў круцілі, — смяецца старэйшая пяюха "Залатога ўзросту" 87-гадовая Вольга Рыгораўна Пруднікава. — Калі прыехала з бежанцаў, па суседстве жыў хлопец, якога звалі Іванам. У мяне быў тата, які ладзіў усім боты. Зладзіў і Івану. Хадзіў-хадзіў, глядзеў-глядзеў. А як споўніўся нам 21 год, то Іван з гарэлкай да маіх сваякоў з прапановай, а яны і не супраць. Сышліся, жылі і нажылі траіх дзяцей. А цяпер я адна...  

З-пад марозу апенькі, альбо Залаты ўзрост Кледнявічаў

Аднак бабуля, якая пражыла вялікае жыццё, ставіцца і да свайго цяперашняга адзіноцтва разважліва, як вясковы філосаф.

— І працаваць, і спяваць паспяваю! Не лянуюся! Вельмі ганаруся, што мною не грэбуюць, а валакуць мяне спяваць. Не кідаюць мяне і добра вітаюць у нашым клубе.

Бульба і сала, а не ёгурт і банан

Валянціна Кузьмінічна Лосева пасля школы адразу пайшла на ферму даіць кароў, потым гатавала на полі ежу касцам — тут жа, на полі ў вядры. Працавала шмат, але на танцы ўвечары бегла спрытна. Кавалерам быў свой вясковы хлопец: "Мы былі знаёмыя ўсё жыццё, а потым пажаніліся".

— Ой, за тым часам ніхто кампліментаў (нават цяжка вымавіць!) нам не казаў, — смяецца жанчына. — Гэта цяпер добра ўмеюць гаварыць. Тады ўсё было проста: селі, запелі, усміхнуліся. Хоць было цяжка, беднасць была, і есці не было чаго, а жылі з песнямі, весела, добра. А цяпер часта замест песень злосць. Гэта дрэнна.

У напамін пра тыя бедныя, але вясёлыя часіны пад кіраўніцтвам Валянціны Кузьмінічны бабулі зацягнулі гумарыстычную песню: пад шчымлівы матыў загаласілі, што "яшчэ свіння ў нас апарасілася, а мы з табой у разлуцы дасюль". Такая лірыка прабуджае ўспаміны пра пасляваенныя харчы.

— Не было чаго есці, — узгадвае бабуля Краўцова. — Здаралася, што збіралі плюшкі — гнілую бульбу, якая засталася ў полі. Разам з травой сушанай таўклі ў ступе і ляпёшкі пяклі. Трэба ж было чым карміцца.

Але, разам з тым, Ефрасіння Рыгораўна ці то жартам, ці то ўсур'ёз лічыць, што менавіта гэткі падножны корм (а па-сучаснаму — натуральныя харчы і вітаміны) дазволіў ім дажыць да такіх гадоў і нядрэнна сябе адчуваць, працаваць і нават спяваць:

— А цяпер усе харчуюцца немаведама чым! І маладыя не хочуць весяліцца ды спяваць, таму што ядуць гэтыя ёгурты ды бананы! Што нам той банан! Ён тут не нарадзіўся і не рос. Для нашага арганізма патрэбны дранікі, смажаная бульба, гарбузы ды яшчэ шматок сала! Сала як наясіся, дык мацней топчашся!

Ніна Цімафееўна Шадурская цярэбіць свае белыя перламутравыя пацеркі, калі дае параду маладым, у сувязі з цяперашнімі крызіснымі часінамі:

— Трэба болей працаваць — іншага выйсця няма. Быць спагадлівымі і не лаяцца. Гэта самае лепшае ў жыцці. Калі не будзе добрага настрою, любові адно да аднаго — нічога не будзе добрага.

— Падаецца, што лёгка не будзе, — падтрымліваюць жанчыну сяброўкі. — Але будзем жыць. Мы ў Кледнявічы на голую зямлю прыехалі і пражылі. І цяпер маладым трэба мець нейкую крышку зямлі за горадам, каб мець агарод. І калупацца там, і есці бульбу з капустай.

Самі бабулі, нягледзячы на свой паважны ўзрост, усё яшчэ трымаюць хатнія гаспадаркі і жывёлу. Як могуць, апрацоўваюць зямлю, каб дапамагаць дзецям і ўнукам — грашыма і харчамі. "Кумпяк на плечы — і ў горад!" — смяецца Ефрасіння Краўцова.

Іна Фанарыкава, загадчыца бібліятэкі-клуба ў Кледнявічах (падзякі ёй ад старых маглі б заняць асобную газетную старонку), гаворыць, што шмат чаму вучыцца ў вясковых пенсіянераў — і не толькі нейкім гаспадарчым сакрэтам, але і стылю жыцця.

— З такімі людзьмі хочацца працаваць. Калі ў сорак гадоў пачынаеш меркаваць, што жыццё хіліцца да захаду, то вельмі дапамагаюць стасункі з "Залатым узростам". Яны ў гэтым сваім узросце — бадзёрыя, вясёлыя, з запалам у вачах.

Мы часта скардзімся на жыццё, ці не так? Вядома ж, грошай нестае, а цэны высокія. Часам дзеці дрэнна сябе паводзяць. Падаецца, што нас не кахаюць, а калі кахаюць — то не так, як нам хочацца. Здараецца, хваробы адольваюць, а то і проста непрыемнае надвор'е напаткала. Звыклыя сяброўскія размовы, пагадзіцеся.

Але часам становіцца неяк сорамна за свае скаргі. Менавіта калі сустракаюцца ў жыцці такія людзі, як у Кледнявічах: якія хоць не ведаюць, як адкрываецца памада і што такое кампліменты, але пражылі з аптымізмам сваё не самае лёгкае жыццё, захавалі лепшыя якасці чалавечага характару ды маюць сілы даць добрыя парады і суцешыць тых, каму трэба будзе яшчэ пераадолець свае жыццёвыя цяжкасці і дастойна дажыць да залатога ўзросту.

Ілона Іванова, фота аўтара.

Дрыбінскі раён.  

←Можно ли жить без дизайна?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика