Анатоль РУБІНАЎ: "Трэба ўводзіць патрабаванні да мінімальна дапушчальнага ўзроўню ведаў..."
Ці можна стаць студэнтам ВНУ, маючы сярэдні бал атэстата 3,2 па дзесяцібальнай шкале і "двойкі" па ўсіх асноўных школьных дысцыплінах — фізіцы, матэматыцы, хіміі і мове? Здаровы сэнс падказвае, што гэта немагчыма. Між іншым, такі абуральны выпадак сёлета меў месца ў Міжнародным дзяржаўным экалагічным універсітэце імя акадэміка А.Д. Сахарава. І хоць уладальнік такога "бліскучага" атэстата змог стаць студэнтам толькі платнай формы навучання, тым не менш факт застаецца фактам — прэтэндаваць на атрыманне дыплома аб вышэйшай адукацыі можа сёння любы ахвотны.
— Вышэйшая адукацыя стала ў нашай краіне ўжо не проста масавай, а фактычна ўсеагульнай, што непазбежна прыводзіць да рэзкага зніжэння яе якасці і да істотнай дэфармацыі рынку працы, паколькі змяшаецца доля рабочых і спецыялістаў сярэдняга звяна, — упэўнены старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзеннем уступных іспытаў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах у 2011 годзе Анатоль РУБІНАЎ. — Колькасць тых, хто паступіў у ВНУ, у нас амаль удвая перавышае колькасць тых, хто пайшоў навучацца ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Атрымліваецца, што на аднаго работніка ў нас будзе два начальнікі? Увогуле колькасць месцаў у ВНУ сёлета амаль на 40 працэнтаў перавышала колькасць выпускнікоў адзінаццатых класаў...
На сустрэчы з журналістамі ў Нацыянальным прэс-цэнтры Анатоль Рубінаў агучыў высновы, да якіх прыйшлі сёлета члены дзяржаўнай камісіі, і прапановы па ўдасканаленні парадку прыёму, якія будуць перададзены на разгляд кіраўніка нашай дзяржавы.
— Сёлета сярэдні конкурс у ВНУ і на дзённую, і на завочную форму навучання крыху знізіўся і склаў 1,9 чалавека на месца, — паведаміў Анатоль Рубінаў. — Летась на дзённай форме навучання конкурс быў 2, а на завочнай — 2,3 чалавека на месца. Самымі складанымі дысцыплінамі для абітурыентаў, як і ў папярэднія гады, аказаліся на цэнтралізаваным тэсціраванні фізіка і матэматыка. Напрыклад, па фізіцы 20 балаў і менш набрала каля 70 працэнтаў абітурыентаў, а па матэматыцы — 61,7 працэнта. Колькасць уладальнікаў стабальных сертыфікатаў сёлета знізілася і склала 65 чалавек. За "нуль" балаў не выйшла 612 чалавек. Прыкладна палова ўладальнікаў стабальных сертыфікатаў — мінчане, але ёсць сярод уладальнікаў такіх бліскучых вынікаў і прадстаўнікі навучальных устаноў, размешчаных у райцэнтрах і невялікіх населеных пунктах.
Пазітыўнай тэндэнцыяй можна лічыць той факт, што выпускнікі сельскіх школ па выніках цэнтралізаванага тэсціравання зусім нязначна адстаюць ад гараджан, і гэта пры адсутнасці ў сельскай мясцовасці інстытута рэпетытарства. Прычым па чатырох дысцыплінах яны ўжо нават апярэджваюць абітурыентаў-гараджан: сярэдні бал у іх вышэйшы па геаграфіі, беларускай, іспанскай і нямецкай мовах.
На думку Анатоля Рубінава, далейшае захаванне асобнага конкурсу для абітурыентаў з сельскай мясцовасці сэнсу не мае, паколькі нярэдка гэта прэферэнцыя ператвараецца ў пазаконкурснае залічэнне. Гэта значыць, што калі на пэўную спецыяльнасць падаў заяву ўсяго адзін абітурыент-вясковец, то, незалежна ад яго сумы балаў, ён аўтаматычна залічваецца ў студэнты. У БДУ такая сітуацыя сёлета назіралася пры паступленні на 15 спецыяльнасцяў, у тым ліку і на такую звышпрэстыжную спецыяльнасць, як "міжнароднае права".
— Мы ўжо не першы год пераконваемся ў тым, што наяўнасць ільгот для пэўных катэгорый абітурыентаў вельмі адмоўна ўплывае на справядлівасць правядзення ўступнай кампаніі, — падкрэсліў Анатоль Рубінаў. — Летась была створана міжведамасная камісія, якая ўнесла свае прапановы па ўпарадкаванні льгот, але падчас сёлетняй прыёмнай кампаніі дзейнічалі ранейшыя Правілы прыёму і сітуацыя зноў паўтарылася. Прывяду толькі некалькі прыкладаў. У БДУ на спецыяльнасць "псіхалогія" на бюджэтнае аддзяленне па-за конкурсам быў залічаны льготнік з дзяцей-сірот, які меў у сваім багажы толькі 108 балаў. І гэты малады чалавек фактычна выцесніў іншага абітурыента, у якога было 296 балаў. На спецыяльнасць "паліталогія" на бюджэт па-за конкурсам быў залічаны абітурыент, які набраў 112 балаў, а абітурыент, у якога было 333 балы (утрая больш!), на бюджэт не прайшоў.
У БНТУ на спецыяльнасць "прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва" залічылі абітурыента са 148 баламі, абітурыент, які меў у суме 265 балаў, застаўся за бортам. І такіх выпадкаў шмат. Мы лічым, што залічваць у ВНУ трэба выключна на падставе конкурснага адбору. Ільготы для тых катэгорый абітурыентаў, якім патрабуецца дзяржаўная падтрымка, могуць заключацца ў вызваленні іх ад аплаты за ўдзел у ЦТ, у прадастаўленні гарантаванага месца ў студэнцкім інтэрнаце, ільготнага крэдыту на навучанне і гэтак далей.
Турбуе членаў дзяржаўнай камісіі і сітуацыя з пераможцамі рэспубліканскіх школьных алімпіяд, якія залічваюцца ўвогуле без уступных іспытаў. На заключным туры рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве быў 21 пераможца з вучняў 11-х класаў: 4 уладальнікі дыплома першай ступені, 6 уладальнікаў дыплома другой ступені і 11 уладальнікаў дыпломаў трэцяй ступені. І ўсе яны ішлі без экзаменаў, зразумела, на самыя прэстыжныя спецыяльнасці, у тым ліку на тыя, дзе быў малаколькасны набор. Скажам, у БДУ на спецыяльнасці "міжнароднае права", дзе быў набор усяго 15 чалавек, яны занялі адразу 60 працэнтаў месцаў. На тую ж спецыяльнасць паступаў адзін абітурыент з сельскай мясцовасці і адзін прадстаўнік беларускай дыяспары з Літвы — яны таксама былі пазбаўлены неабходнасці ўдзельнічаць у конкурсе. Такім чынам, на конкурс засталося толькі 4 месцы. І абітурыент проста з бліскучымі вынікамі (368 балаў) стаць студэнтам бюджэтнай формы навучання не змог.
— На нашу думку, трэба праверыць арганізацыю правядзення заключнага тура рэспубліканскай алімпіяды, паколькі мы не можам быць цалкам упэўнены ў тым, што там не існуе ніякіх пралазаў, якія даюць магчымасць аўтаматычнага залічэння ў ВНУ. Таксама трэба скараціць і колькасць прызавых месцаў на заключным туры, якія даюць права на аўтаматычнае залічэнне ў ВНУ, — дадаў Анатоль Рубінаў.
Сур'ёзную трывогу выклікае і адсутнасць патрабаванняў да мінімальна дапушчальнага ўзроўню ведаў абітурыентаў, якія залічваюцца ў ВНУ, асабліва на платную форму навучання. У школе ўсе адзнакі ад 1 да 10 балаў лічацца станоўчымі. Але ж ці можна з "двойкамі" ці "тройкамі" па профільных дысцыплінах засвойваць праграму вышэйшай школы? У ВНУ не хаваюць, што нярэдка ўжо пасля першай зімовай сесіі колькасць адлічаных ідзе на сотні...
— Лічым, што трэба распрацаваць крытэрыі паспяховасці па профільных для той ці іншай спецыяльнасці дысцыплінах, прычым як да школьнай адзнакі ў атэстаце, так і да адзнакі на ЦТ. Вядома, будучаму інжынеру ці хіміку трэба ведаць і рускую мову, аднак вага профільнай дысцыпліны ў агульнай суме балаў павінна быць больш істотнай, — падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі Анатоль Рубінаў. — Сёлета на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі ў БДУ не паступіў абітурыент, які набраў на ЦТ па матэматыцы 84 балы і столькі ж балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па фізіцы. Ён прайграў па агульнай суме балаў (а гэта яшчэ і сярэдні бал атэстата плюс экзамен па дзяржаўнай мове) іншым абітурыентам з больш высокай агульнай сумай балаў. Затое па профільных дысцыплінах у іх было на 20 балаў менш. У наступным годзе пры паступленні на спецыяльнасці, дзе профільнымі з'яўляюцца такія прадметы, як фізіка, хімія, матэматыка, біялогія, у якасці эксперыменту мы прапануем прымяняць павышальны каэфіцыент па профільных дысцыплінах. Мы таксама прапануем распаўсюдзіць практыку правядзення ўступнай кампаніі ў дзвюх асноўных "творчых" ВНУ краіны і на ўсе іншыя ВНУ, дзе праводзіцца экзамен па прадмеце "творчасць". Залічэнне ў дзве гэтыя ВНУ ажыццяўляецца на падставе агульнай сумы балаў, падлічанай па выніках правядзення трох этапаў экзамену па прадмеце "творчасць", сярэдняга бала сумы балаў, атрыманай на выніках ЦТ, і сярэдняга бала дакумента аб адукацыі. Іншым словам, "вага" творчых дысцыплін там з'яўляецца вырашальнай.
Надзея НІКАЛАЕВА.