Як у Ізраілі дабіваюцца рэкордных надояў
Ізраіль даўно і трывала займае вядучае месца ў свеце па эфектыўнасці малочнай жывёлагадоўлі. Так, сярэдняя амерыканская карова дае ў год 9053 літры малака, еўрапейская — 5918, у той жа час як ізраільская — ажно 11292 літры. Малако ізраільскіх кароў літаральна па ўсіх паказчыках больш якаснае, чым малако еўрапейскіх і амерыканскіх. І гэта пры тым, што калі ў Еўропе і Азіі кароў, як мінімум, 6 месяцаў на год, выгульваюць на пашах, то ў нас рагулі вымушаны ўсё жыццё праводзіць у хляве, практычна без руху. Ізраіль жа не Расія і нават не Францыя з іх прасторамі: нашым каровам разгуляцца няма дзе. Думаю, што чытачам газеты "Звязда" будзе цікава даведацца, якім коштам дасягаюцца ў Ізраілі такія рэкордныя надоі і высокая якасць малака.
А справа ў тым, што нашы кібуцы, фермы і малочныя камбінаты ўкладаюць вялізныя сродкі на генетычныя даследаванні, накіраваныя на павелічэнне памераў вымя каровы. Праўда, паколькі даследаванні накіраваны выключна на павелічэнне памераў вымя, а ўвесь астатні арганізм жывёлы застаецца тым жа, то ізраільскія каровы не вытрымліваюць уласнай вагі. З-за гэтага сярэдняя працягласць жыцця каровы ў нас скарацілася амаль удвая. Як толькі рагуля пачынае даваць менш малака, яе адпраўляюць на бойню. Цяпер генетыкі атрымалі заданне папрацаваць не толькі над павелічэннем вымя, але і над умацаваннем ног і іншых частак цела кароў. Так што неўзабаве на ізраільскіх фермах з'явяцца прынцыпова новыя пароды, якія даюць такія ж надоі, але з большай працягласцю жыцця.
Але гэта далёка не ўвесь сакрэт поспеху. Ізраільскія вучоныя зрабілі ўнікальнае адкрыццё: час, які неабходны карове для таго, каб яна зноў "захацела" быка, наўпрост звязаны з колькасцю зробленых ёю крокаў. На падставе гэтага быў створаны спецыяльны прыбор, які прымацоўваецца да кожнай каровы: ён лічыць яе крокі, здымае некаторыя паказчыкі арганізма, і, як толькі той аказваецца гатовы да новага апладнення, праводзіцца асемяненне.
Больш за тое, у нашых ізраільскіх кароў цялят адбіраюць адразу, як толькі яны нараджаюцца, не даюць ім нават некалькі гадзін пабыць побач з маці. Ні ў якім выпадку не дазваляюць ім дакрануцца да вымя маці.
І яшчэ адзін цікавы момант: аснова корму кароў у Ізраіль імпартуецца і ўжо тут, на месцы, абагачаецца спецыяльнымі дабаўкамі для таго, каб зрабіць жывёл здаравейшымі і павялічыць надоі.
Нашы фермеры глядзяць, каб нашы каровы былі не толькі накормленыя, але і дагледжаныя. Бо разумеюць, што ад гэтага таксама залежыць якасць малака.
Мачыцца ж на зямлю рагулям строга забаронена — іх мача можа прасачыцца глыбока пад зямлю і забрудзіць падземныя водныя рэзервуары краіны. Таму пры буйных жывёлагадоўчых гаспадарках будуецца спецыяльная дрэнажная сістэма, якая адводзіць каровіну мачу ў мочасховішчы. Затым яна выкарыстоўваецца ў якасці сыравіны для прыгатавання асабліва каштоўных азотных угнаенняў.
Маісей ДВАРЭЦКІ, жыхар Ізраіля, член Саюза журналістаў Беларусі.