Спадчыны шмат, а для яе захавання не хапае кадраў

Источник материала:  

У Косаўскім палацы можна будзе жыць, у Мінску з'явіцца музейны квартал, у Нясвіжскім замку будуць паказваць рэстаўрацыйныя работы, а інтэр'ер Спаса-Ефрасіннеўскай царквы будзе такім жа, якім яго бачыла Ефрасіння Полацкая. Аб усім гэтым стала вядома на прэс-канферэнцыі "Мерапрыемствы па ахове і рэстаўрацыі аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі", якая адбылася ў Грамадскім прэс-цэнтры.

Ігар Чарняўскі, начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры, паведаміў, што сёння ў дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў 5397 аб'ектаў. Па яго словах гэта і помнікі архітэктуры, і помнікі археалогіі, і гісторыі, і мастацтва. "Але нам называлі ў свой час такую лічбу: патэнцыял Беларусі — 15679 аб'ектаў", — сказаў чыноўнік.

Зараз рэстаўрацыйныя работы праводзяцца на пятнаццаць асноўных аб'ектаў. Сярод якіх замкавы комплекс у Міры, Нясвіжскі палацава-паркавы ансамбль. У апошнім сёлета асноўныя работы амаль завершаны, хоць некаторыя з іх нельга праводзіць хуткімі тэмпамі. Таму цалкам рэстаўрацыя пакуль што не спыніцца. "Можа быць, упершыню ў Беларусі будзе зроблена такое: самі рэстаўрацыйныя работы могуць стаць на пэўны перыяд "музейным экспанатам", калі наведвальнікі змогуць пазнаёміцца непасрэдна з працэсам рэстаўрацыі", — заявіў Ігар Чарняўскі. Таксама прынята наступнае рашэнне: Нясвіжскі замак павінен быць такім, якім ён дайшоў да нашага часу пасля значнай рэканструкцыі ў ХVІІІ стагоддзі, — гэта значыць, у барочным стылі. Элементы іншых стыляў будуць выяўлены толькі ў некаторых парталах, абрамленнях...

Працягваюцца работы па комплексе будынкаў Нацыянальнага мастацкага музея. "Пасля іх завяршэння ў Мінску ўтворыцца, як мы яго называем, музейны квартал. Таксама там будзе знаходзіцца рэстаўрацыйны цэнтр музейных прадметаў. Такога цэнтра пакуль у нас няма". Гэты квартал будзе ўключаць будынкі па вуліцах Кірава, Леніна, Маркса. Фактычна, можна будзе зайсці ў музей і, не выходзячы на двор, прайсці па ўсіх памяшканнях.

Яшчэ адзін сюрпрыз для турыстаў будзе ў Полацку, дзе зараз ідзе рэканструкцыя Спаса-Ефрасіннеўскай царквы. " Пасля мы ўбачым цалкам адноўлены інтэр'ер царквы ХІІ стагоддзя такім, якім яго, напэўна, бачыла сама Ефрасіння Полацкая".

Што тычыцца рэстаўрацыі Косаўскага палаца, то ў перспектыве турысты змогуць не толькі наведваць і разглядаць яго, але і жыць у ім. "Ён прызначаецца менавіта для такіх мэт".

Таксама чыноўнік расказаў аб праблемах, з якімі даводзіцца сутыкацца. Асноўная з іх — кадравы голад. "Калі яшчэ ў аблвыканкамах ва ўпраўленнях культуры працуюць канкрэтныя спецыялісты, — растумачваў Ігар Чарняўскі, — то ў раёнах далёка не ўсюды ёсць такія. Напрыклад, у адным з раёнаў Магілёўскай вобласці прызначылі такім спецыялістам тэхнічнага работніка аддзела культуры райвыканкама".

Яшчэ адна праблема — немагчымасць рэканструкцыі некаторых аб'ектаў. "Згодна з праектам "Замкі Беларусі", Наваградскі замак будзе закансерваваны, бо няма дастатковых звестак для аднаўлення. Сюды адносіцца і Крэўскі замак, Гальшанскі, Быхаўскі".

Міністэрства культуры таксама турбуе, што рабіць з вельмі запушчанымі аб'ектамі. "Гістарычныя аб'екты, якія не выкарыстоўваюцца і знаходзяцца ў вельмі дрэнным становішчы, будуць прадавацца прыватным асобам за адну базавую велічыню. Гэта ідэя зараз прапрацоўваецца. Але, магчыма, цана падчас аўкцыёну будзе расці ў залежнасці ад попыту на аб'ект".

Але нягледзячы на цяжкасці, плануюцца новыя рэстаўрацыі. Напрыклад, Старога замка ў Гродне. Аб гэтым паведаміў Сяргей Маціевіч, намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама: "Архітэктурны праект ужо распрацаваны. Работу распачаць плануецца ў 2013 годзе".

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

←Солигорск готовится отметить праздник района и День шахтёра

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика