"Прапаную адзін са спосабаў прыцягнення валюты насельніцтва..."
Наш даўні чытач мінчанін Уладзімір Андрэевіч Навуменкаў, як мы ўжо неаднойчы заўважалі, чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Яго турбуюць розныя праблемы, дзеля вырашэння якіх ён не шкадуе асабістага часу і высілкаў. На гэты раз Уладзімір Андрэевіч звярнуў сваю ўвагу на так званае "валютнае пытанне", якое ўжо працяглы час турбуе многіх. І не проста звярнуў, а прапанаваў сваё ўласнае бачанне: як "разруліць" сітуацыю.
— Зараз у абменных пунктах цяжка набыць валюту, таму "Беларусбанк" прадае яе па афіцыйным курсе на так званыя "сацыяльныя патрэбы". У агульным выпадку гэта — лячэнне і навучанне за мяжой. Але прадаюць і на іншыя мэты. Гавораць, што ў насельніцтва на руках некалькі мільярдаў долараў, вось толькі несці іх у банк людзі не спяшаюцца. Чагосьці палохаюцца. Высокія працэнтныя стаўкі па валютных укладах — гэта добра, але гэтага мала. Акрамя таго, высокая інфляцыя прымушае пазбаўляцца ад беларускіх рублёў, і людзі скупляюць усё запар — што трэба, і што не трэба. А працэнты па рублёвых укладах нашмат ніжэйшыя за інфляцыю, — давёў нам сутнасць сваёй ідэі паважаны чытач. — Прапаную адзін са спосабаў прыцягнення валюты насельніцтва. Банк прапануе такі "хітры" від дэпазіту: ты прыносіш, напрыклад, суму ў 1 000 долараў і 1 мільён рублёў (лічым умоўна, што 1 долар=5 000 рублёў). Табе адкрываюць дэпазіт на 1 200 долараў, пад не вельмі вялікі працэнт (няхай будзе 5 працэнтаў) і, скажам, на тэрмін 12 месяцаў, але (!) без права датэрміновага зняцця. Не, зняць датэрмінова ты можаш, але тады табе вернуць не 1 200 долараў плюс 5 працэнтаў, а 1 000 долараў і 1 мільён рублёў плюс нейкія моцна зменшаныя працэнты. Іншымі словамі, табе як быццам бы прадаюць 200 долараў па афіцыйным курсе, але ты пры гэтым павінен прынесці ў 5 разоў больш сваіх долараў з "заначкі" і забраць усё гэта ты зможаш не хутка (праз 12 месяцаў ці нават больш). Хочаш купіць 400 долараў? Калі ласка — прынось 2 000 долараў і 2 мільёны рублёў. Такім чынам, я прапаную прадаваць валюту не проста на "сацыяльныя патрэбы", а яшчэ і тым людзям, хто супрацоўнічае з банкам. А тое ж што атрымліваецца: мне патрэбна валюта на "сацыяльныя патрэбы", і ты, банк, прадай яе мне па афіцыйным курсе. А што я зрабіў для банка (іншымі словамі, для дзяржавы!), чамусьці не ўлічваецца. Так банкі проста транжыраць валюту (не забываючы, зрэшты, сябе — не думаю, што які-небудзь банкаўскі служачы мае праблемы з набыццём валюты). Могуць, вядома, запярэчыць: той укладчык, які пакуль яшчэ захоўвае валюту ў банку, здыме яе і заўтра пойдзе класці на такі вось "хітры" дэпазіт. Ну і няхай! Бо для такога ж варыянта трэба мець нямала свабодных беларускіх рублёў, а яны ўжо не ў кожнага ў дастатку. Ды і забраць потым гэты дэпазіт без страт ты хутка не зможаш, а гэта вельмі важна. Акрамя таго, так можна "звязаць" ім частку "лішніх" беларускіх рублёў. Можна прыдумаць масу іншых варыянтаў прыцягнення валюты. І гэтыя рашэнні не ўвасабляюцца ў жыццё не таму, што банкіры ў нас дурныя, а таму, што недахоп валюты і інфляцыя ім проста выгадныя...
Паколькі чытач у кантэксце сваіх разваг згадвае ААТ "ААБ Беларусбанк", натуральна, па каментар мы звярнуліся менавіта ў гэты банк. У прэс-службе, выслухаўшы сутнасць прапаноў чытача і параіўшыся са спецыялістамі, у выніку ветліва сказалі, што меркаванне нашага чытача мае права на існаванне. Аднак для прыняцця нейкага канкрэтнага рашэння патрэбен час, паколькі трэба ўлічыць усе аспекты справы і магчымыя наступствы.
Застаецца дадаць, што — выпадкова або не (магчыма, наш чытач паспеў пачуць гэтую інфармацыю) — адзін з айчынных банкаў нядаўна прапанаваў нешта падобнае. На спецыялізаваным сайце пра банкаўскія ўстановы можна было прачытаць літаральна наступнае: "Купіць валюту па афіцыйным курсе, які прапануюць беларускія банкі, не так ужо і лёгка. Ёсць магчымасць заняць чаргу каля якога-небудзь абменніка і, прастаяўшы некалькі гадзін запар, купіць энную суму грошай. Аднак гэта — на выпадак, калі хто-небудзь прынясе здаваць валюту з мэтай абмену яе на беларускія рублі. У выпадку, калі кліент прыйдзе пагашаць валютны крэдыт, банк купленую валюту не прадасць".
Далей пішацца, што, нягледзячы на гэтыя складанасці, ёсць яшчэ адзін варыянт набыць валюту. Напрыклад, адзін банк, што з нядаўняга часу пачаў прыцягваць грашовыя сродкі фізічных асоб на ўклады, прапануе незвычайную магчымасць купіць замежную валюту па курсе Нацыянальнага банка +2 працэнты... але праз 450 дзён. Такім чынам, размясціўшы грашовыя сродкі на тэрміновы банкаўскі дэпазіт "Першы Абменны" ў беларускіх рублях, але толькі пасля заканчэння тэрміну дзеяння ўкладу ўкладчык мае магчымасць купіць у банка інвалюту за суму першапачаткова размешчанага ўкладу. Пры гэтым курс куплі/продажу фіксуецца на дату, калі быў размешчаны ўклад, гаворыцца на сайце.
Сяргей РАСОЛЬКА.