Колас у сямейна-радавых абрадах

Источник материала:  

  Маці нявесты клала ў абутак дачкі два жытнёвыя каласы, каб тым самым "справакаваць" пладавітасць у гаспадарцы будучай сям'і.

  Маладую пару, якая ехала на вянчанне, абсыпалі зернем.

  падчас вяселля ў хаце над абразамі і ў кожным куце за бэлькамі ў столі вешалі дзевяць пучкоў каласоў.

  Хлебнымі каласамі ўпрыгожвалі вясельнае дрэўца, каравай і іншыя рытуальныя рэчы, якія выкарыстоўвалі падчас вяселля.

  Пры цяжкіх родах парадзіху паілі настоем з дванаццаці каласоў, якія бралі з апошняга снапа.

  Некалькі зярнятак (тры, дзевяць, дванаццаць) абавязкова клалі ў ваду пры першым рытуальным купанні дзіцяці.

  Падчас пахавання каля памерлага чалавека заўсёды гарэла свечка, якую ставілі ў гліняную чару з зернем жыта. Пасля вынасу труны з нябожчыкам з дома на падлогу сыпалі прыгаршчы зерня, якое бралі з апошняга снапа.

  У ноч на Раство пладовыя дрэвы ў садзе апаясвалі каласамі з апошняга снапа.

  Зерне з апошніх каласоў абавязкова дадавалі ў насенне для будучай сяўбы.

  Лічылася, што можна знесці "ўраджай" з чужога поля. Таму ў этыкеце нашых продкаў не было прынята хадзіць па чужых палетках. Калі раптам на поле наведваўся "чужынец", жнейкі рабілі з калосся вяроўку (жгут), абвязвалі яму рукі ці ногі і патрабавалі выкуп — інакш ён не кранецца з месца.

  Вельмі часта калоссе выкарыстоўвалі падчас варажбы. На вяселле, на нараджэнне дзіцяці, на будучы ўраджай і г.д. варажылі, выцягваючы колас са снапа: поўны колас прадказваў поспех, пусты — наадварот.

  Асаблівае стаўленне было да каласоў-спарышоў. Таму, хто знайшоў такі колас, яны прадказвалі шчасце і поспех на наступныя 7 гадоў. Такі колас трэба было абавязкова насіць пры сабе (у адзенні, у шапцы і г.д.).

  Дзяўчыне колас-спарыш прадказваў хуткі шлюб, жанчыне — нараджэнне двойні.

  Каб муж і жонка жылі душа ў душу, ім неўпрыкмет давалі з'есці зярняткі з коласа-спарыша.

  Зерне з падвоенага коласа дадавалі ў насенне для будучай сяўбы.

  Не ўсюды стаўленне да коласа-спарыша было станоўчым. На Беларусі лічылі, што спарыш жыта прадказвае хуткую смерць гаспадара поля. Такі колас закопвалі ў зямлю адразу ж на полі.

  Лічылі, што калі колас-спарыш з'есць карова, яна будзе даваць малака ўдвая больш.

Аксана Катовіч, Янка Крук.

←В Мозыре продолжаются восстановительные работы после сильного ливня, прошедшего на прошлой неделе

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика