"Ты мая маці, ты абавязана мяне, 50-гадовага, утрымліваць!"
"Мяне завуць Ніна Аляксееўна, мне 76 гадоў... муж памёр... — словы пажылой жанчыны, якая пазваніла па "тэлефоне даверу", былі блытанымі, голас дрыжаў, асобныя словы разбіраліся з цяжкасцю. — Я жыву з сынам-алкаголікам. У яго на ўтрыманні двое дзяцей (жонка сышла, кінула яго і дзяцей). Пакуль сын працаваў, мы яшчэ як-ніяк зводзілі канцы з канцамі, але нядаўна яго звольнілі з працы за п'янства, і зараз мы жывём фактычна на маю пенсію. Сын, калі яму не хапае на выпіўку, можа сілай забраць у мяне апошнія грошы, а калі нап'ецца, здзекуецца, пагражае. Што рабіць?" На тым канцы трубкі пачуўся плач ...
Нікому не пажадаю такой старасці
І гэта не адзінкавая гісторыя. Старыя, якія церпяць ад бліжэйшых сваякоў, жывуць сярод нас амаль у кожнай хаце, кожным двары. Асабліва цяжка даводзіцца пажылым жанчынам, такім, як Ніна Аляксееўна, што жывуць пад адным дахам з сынам-алкаголікам. Сёння ў нашым грамадстве нямала гаворыцца пра тое, як змагацца з гвалтам над жанчынамі і дзецьмі. Гэта вельмі важна. Але не менш важна дапамагаць і старым, якія пакутуюць ад хатніх тыранаў. Бо часта яны не ведаюць, як сябе абараніць, куды звярнуцца па дапамогу. А ад іх скаргаў часам проста адмахваюцца...
Не абавязкова здзекавацца са старога фізічна. Некалькі гадоў таму я брала інтэрв'ю ў жанчыны, прафесіянала сваёй справы, пра якую з глыбокай павагай адклікаліся шматлікія калегі, ды і наогул амаль усе, хто яе ведаў. Пасля мы дамовіліся аб яшчэ адным сумесным артыкуле, і я была запрошана да яе дадому. Сустрэча была плённай, працаваць з ёй, павінна прызнацца, адно задавальненне. І ўсё было б добра, калі б... не адзін маленькі эпізод, сцэнка, сведкай якой я міжволі стала. Калі я ўжо была ў пярэднім пакоі, і мы абменьваліся з гаспадыняй дома апошнімі рэплікамі, з пакоя ценем выслізнуў стары і ціха прамармытаў пра тое, што раніцай гаспадарам тэлефанавалі, хтосьці з сяброў. Вольга Іванаўна (назавём яе так) ніяк на гэта не адрэагавала, яе сын, які стаяў побач, таксама. Яны як быццам не бачылі яго ва ўпор.
Напэўна, я не змагла ўтаіць свайго замяшання, штосьці, мабыць, змянілася ў маім твары, таму што гаспадыня кватэры, выйшаўшы на лесвічную клетку праводзіць мяне, сказала, што гэта яе бацька. Што пасля смерці маці яна вымушана была забраць бездапаможнага старога да сябе ў хату, але ён яе моцна раздражняе і яна з ім не размаўляе. Жанчына менавіта так і сказала, зусім адкрыта, вельмі спакойна, без ценю збянтэжанасці ці сораму. Абмовілася, што калісьці ён быў вельмі дэспатычным... А ў мяне ўнутры быццам нешта застыла, як бывае, калі сутыкаешся з незразумелай і неапраўданай жорсткасцю.Гэта вельмі разумная, адукаваная, добра выхаваная жанчына. Я ўпэўнена, што яна бездакорна даглядала свайго бацьку (нядаўна ён памёр): ён быў чыстым, добра накормленым. І — бясконца няшчасным. Пустым месцам, рэччу, якая не выклікае нічога, акрамя прыкрасці і раздражнення, калі раптам апынулася на шляху. Нікому не пажадаю такой старасці ...
"Можа, я ў чымсьці вінаваты, можа, не так выхоўваў?"
Так, усё гэта прыклады гвалту над старымі людзьмі. Гвалт — гэта і калі ў пажылога чалавека няма свайго кутка ў кватэры, калі сваякі, якія "любяць", падлічваюць з'едзенае ім або выдаткаванае на яго, абмяжоўваюць гутаркі па тэлефоне. Гвалт — гэта кармленне старых няякаснай ежай, не дадзеныя своечасова лекі. Гэта запушчанасць старога, калі ніхто не змяняе яму вопратку, пасцельную бялізну і не дапамагае пераапранацца, не падтрымлівае чысціню ў яго пакоі. Гэта насмешкі, абразы, слоўнае прыніжэнне, пагрозы, ізаляцыя ад іншых членаў сям'і або ад зносін з людзьмі. Гэта і бессаромнае выкарыстанне яго пенсіі, назапашванняў, маёмасці бессардэчнымі сваякамі.
"Злоўжыванні ў адносінах да пажылых людзей — шырока распаўсюджаная з'ява, якая часта не даводзіцца да ведама грамадскасці",— адзначалася ў адным з апошніх дакладаў Генеральнага сакратара ААН. Сапраўды, жорсткае абыходжанне з пажылымі людзьмі ў сям'і распаўсюджана ва ўсіх краінах свету і не залежыць ад сацыяльнага статусу, прафесіі, полу ахвяры і таго, хто жорстка з ёй сябе паводзіць. Здзекавацца можа як беспрацоўны сын-алкаголік, так і высокаадукаваная дачка, якая не заўважае свайго бацьку.
Пажылыя людзі па ўзроўні самаабароны — гэта тыя ж дзеці. Яны не заўсёды могуць звярнуцца па дапамогу, баяцца помсты сваякоў, не вераць у сілу закона. У лепшым выпадку паскардзяцца суседзям... Да таго ж у дзяржавы няма эфектыўнай сістэмы дапамогі старым, якія падвяргаюцца хатняму гвалту. Нават калі ў дачыненні да хатняга тырана заведзена крымінальная справа, ахвяры часта даводзіцца пасля абвяшчэння прыгавора суда жыць у адной хаце з ім. З гэтым трэба нешта рабіць.
"Часам старыя бічуюць самі сябе: можа, я ў чымсьці вінаваты, можа, не так выхоўваў... Але трэба памятаць, што ўсе людзі здзяйсняюць памылкі, выхоўваючы сваіх дзяцей. І гэта не значыць, што зараз можна цярпець здзекі, — кажа псіхолаг Вольга Гарбунова. — Наогул, нашым старым трэба больш думаць пра сябе, не ахвяраваць сабою цалкам у імя сваіх дзяцей. Часта яны гадавалі дзяцей, ва ўсім адмаўляючы сабе, і нават цяпер у сваім старэчым веку вымушаны дапамагаць ім, а часам і фактычна ўтрымліваць. Гэта праблема пасляваеннага пакалення, якое сваёй празмернай ахвярнасцю нярэдка спараджае ўтрыманства ў сваіх дзяцей. Адсюль выпадкі, калі 50-гадовы мужчына крычыць сваёй нямоглай маці: "Ты мая маці, ты абавязаная мяне ўтрымліваць!"
Вольга Гарбунова пераканана, што нават у самым лепшым выпадку такой ахвярнай любоўю старыя робяць мядзведжую паслугу сваім дзецям. "Падумайце пра іх: няўжо вы б хацелі, каб яны, кіруючыся вашым прыкладам, таксама ператварыліся ў людзей, усё жыццё якіх зводзіцца да абслугоўвання, забеспячэння ўжо іх уласных сыноў і дачок?"
Тэлефануйце — вам дапамогуць
Пачынаючы з 2010 года, вось ужо на працягу амаль двух гадоў грамадскае аб'яднанне "Радзіслава" ў рамках праграмы "Месца сустрэчы — дыялог" пры фінансавай падтрымцы нямецкага фонду "Памяць, адказнасць і будучыня" і сумесна з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Першамайскага раёна г. Мінска ажыццяўляе праект "Значныя асобы — дыялог пакаленняў". У рамках гэтага праекта пажылым людзям аказваецца псіхалагічная, сацыяльная і інфармацыйная падтрымка.
Пры Службе дапамогі працуе тэлефон даверу. Акрамя таго, кожны тыдзень збіраецца група ўзаемадапамогі для пажылых людзей, якія пацярпелі ад гвалту. Гэтую групу курыруе прафесійны псіхолаг з памочнікам. Прыходзяць пажылыя людзі з вельмі рознымі праблемамі: адзіноты, гвалту, страты блізкіх і інш. Яны абмяркоўваюць свой асабісты вопыт, праблемы, з якімі сутыкаюцца, вучацца па-іншаму рэагаваць на іх. І нават адпрацоўваюць новыя навыкі ў паводзінах, зносінах, нягледзячы на ўзрост. Часта ў іх гэта добра атрымоўваецца. "Аказалася, пажылыя людзі і хочуць, і могуць змяняцца!" — кажа Вольга Гарбунова. Уся дапамога аказваецца жыхарам рэспублікі бясплатна і ананімна.
Парады псіхолага пажылым людзям
r Не замыкайцеся ў сабе. Падтрымлівайце сацыяльныя кантакты, сувязі з суседзямі, сябрамі, сваякамі. Хадзіце, па магчымасці, на грамадскія мерапрыемствы, гурткі, курсы.
r Распавядайце аб тым, як вам жывецца, што з вамі адбываецца, людзям, якім вы давяраеце. Чым больш вы пра гэта кажаце, тым верагодней шанц, што атрымаеце нейкую інфармацыю аб дапамозе, слушную параду, рэкамендацыю. Той жа самы нумар "тэлефона даверу" хтосьці падкажа або раскажа пра групу ўзаемадапамогі. Многія не асмельваюцца дзяліцца сваімі праблемамі з іншымі. Часта людзі адчуваюць сорам за тую сітуацыю, у якой апынуліся, таму што адна справа сказаць, што збівае муж. І зусім іншае — прызнацца, што б'е сваё ўласнае дзіця або ўнук. Не саромейцеся! Вашай віны ў гэтым няма.
r Распрацуйце свой план бяспекі. Папрасіце суседку, каб яна выклікала міліцыю, калі пачуе з вашай кватэры шум ці крыкі. На выпадак хуткага сыходу з хаты загадзя падрыхтуйце дакументы, збярыце неабходную вопратку, медыкаменты, акуляры, запасныя ключы ад кватэры і захоўвайце іх у бяспечным месцы па-за домам: у блізкай сяброўкі, сваяка, суседкі, якой вы давяраеце.
r Загадзя даведайцеся неабходныя тэлефоны розных службаў, "тэлефоны даверу" на выпадак, калі прыйдзецца тэрмінова шукаць дапамогу.
r У выпадку сапраўды жорсткага гвалту не бойцеся звяртацца ў міліцыю. Бо нярэдкія выпадкі, калі бясконцае цярпенне пажылога чалавека заканчваецца бальніцай і нават смерцю. Калі сітуацыя крытычная — пакідайце дом неадкладна, нават калі вам не ўдалося ўзяць неабходныя рэчы.
Святлана Бусько.