"Беларускія Мальдзівы"
Ну не пашанцавала нам любавацца марскімі хвалямі ўздоўж дзяржаўнай мяжы. І што? Невялікая бяда! Затое ў нас ёсць "беларускія Мальдзівы": так самі беларусы ўсё часцей называюць непаўторнай прыгажосці мелавыя азёры ў маім родным Любанскім раёне. Назва пайшла з-за падабенства казачна-бірузовага колеру празрыстай вады ў азёрах і мора, што абмывае экзатычныя астравы Мальдзівы. Разыходжанне толькі ў тым, што ў двух Любанскіх блакітных азёрах ніякую жывую істоту, акрамя чалавека летам, не сустрэнеш. І гэта не адзінае месца на Любаншчыне, дзе можна прыемна адпачыць.
Хата паляўнічага
Мабыць, часцей за ўсіх на прыродзе знаходзяцца супрацоўнікі лясгасаў. І каму як не ім ведаць, чым лепш зацікавіць людзей. Як вядома, у вольную хвіліну мужчыны часцяком збягаюць ад любых: хто на рыбалку, хто на паляванне. Вось такіх "уцекачоў" у Мала-Гарадзяціцкім лясніцтве Любанскага лясгаса ўсяго ў двух кіламетрах ад ракі Арэсы на начлег і прымае хата паляўнічага "Любанская". Хата паляўнічага — гэта сапраўды вясковая хата, у яе вялікім пакоі знаходзяцца пяць ложкаў і камін. Ёсць абсталяваная кухня для самастойнага прыгатавання ежы (каб жыццё мёдам не здавалася). А на падворку размясціліся ўтульная альтанка, лазня, гаражы на чатыры аўтамабілі, вальеры для сабак. Бо якое ж паляванне без шпаркага сябра з вострым нюхам! Госці ў хаце бываюць часта, асабліва па выхадных днях. Тым больш што Любанская лесапаляўнічая гаспадарка карыстаецца попытам сярод мясцовых паляўнічых як летам, так і (асабліва) зімой.Намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы Любанскага лясгаса Антаніна Кабылянская падзялілася прыемнай навіной: сёлета ў снежні плануецца адкрыць двухпавярховы дом, які размяшчаецца ў Асавецкім лясніцтве. На першым паверсе будзе сталовая. Другі ж паверх адводзіцца пад восем камфартабельных пакояў. Хутка тут з'явіцца і мэбля, яна будзе ў кожным пакоі асаблівая. Магчыма, з часам пачне дзейнічаць зала для невялікіх урачыстасцяў на дваццаць чалавек. У такіх апартаментах не сорамна будзе прымаць і замежных гасцей. Ды і мясцовым жыхарам пры такім узроўні абслугоўвання прыемна будзе адзначаць дзень нараджэння ці проста адпачываць з сябрамі. Тады ўжо можна будзе гаварыць і аб правядзенні рознага кшталту імпрэз. У такім выпадку, буду ведаць, дзе ў будучыні вяселле адзначаць! Не жартую.
Быў вададром — стаў прытулак рыбакоў
Прыватнікі таксама не спяць у шапку і ў сферы экатурызму імкнуцца заняць сваю нішу. Напрыклад, на рацэ Няжараўцы ўтульна размясцілася турыстычная база рыбнай лоўлі і адпачынку "Бабровая хатка". Яна належыць мясцоваму прыватнаму прадпрыемству "Слівец і К". Два гады таму ў яго дырэктара Віталя Сліўца ўзнікла ідэя выратаваць ад забруджвання былы вададром — месца, дзе раней танкісты адпрацоўвалі навыкі пераадольвання водных перашкод. Віталь Слівец ніколі не быў абыякавым да прыгажосці роднага краю, вось і захацелася яму захаваць гэтую жамчужынку Любаншчыны. Яго фірма ўзяла вадаёмы ў арэнду, ачысцілі ваду ад чароту, берагі ад хмызняку, прыбралі навакольную тэрыторыю ад смецця стыхійных звалак, і распачалі будоўлю.
Зараз тут, на каскадзе з трох вадаёмаў, якія створаны ўздоўж ракі, любімае месца аматараў рыбнай лоўлі і нават дайвінгу. Апошнім у большасці цікавяцца жыхары Салігорска і Мінска. Наведваюць базу, акрамя суайчыннікаў, і замежныя госці з Расіі, Украіны, Літвы, Англіі, Турцыі. Іх тут чакаюць прыгожыя краявіды і гасцінны прыём. Назва ж "Бабровая хатка" была ўзятая не выпадкова. Непадалёку ёсць некалькі бабровых плацін. А на паверхні вадаёма цешаць вока дзве лебядзіныя сям'і. Тут жа можна ўзяць на пракат і лодку, і катамаран, паплаваць вакол плывучых астраўкоў. А вось на адным востраве, магчыма, з'явіцца цікавая альтанка.
— Ведаеш, як гэта будзе рамантычна! — распавядае мне Віталь Слівец. — Уяві толькі: летні сонечны вечар, лёгкі ветрык усплёсквае хвалі вакол астраўка, а ў альтанцы мілуецца закаханая пара.
Па яго словах, у бліжэйшы час на базе пачнуць будаўніцтва чатырох гасцявых хатак і лазні. Налета ўзвядуць адміністрацыйна-гасцінічны комплекс на 20 жылых пакояў, кавярню, кемпінг. Асобам рамантычным хутчэй за ўсё спадабаецца адзначаць тут сваё вяселле. Вясельны фотасэт тут атрымаецца непаўторным: і на зямлі, і на вадзе. Летась для патэнцыйных наведнікаў "Бабровай хаткі" кампанія запусціла сайт базы sіk.ljubаn.bу. Зараз на ім можна знайсці інфармацыю аб праекце, звесткі аб умовах адпачынку на базе, убачыць фотаздымкі з вадаёмаў і падзяліцца ўласнымі ўражаннямі на форуме.
Я спытала ў Віталя Сліўца: ці не расчараваўся ён у тым, што распачаў такую клапатлівую справу?
— Што ты! Расчаравання няма ні на грам! Складанасці, вядома, ёсць. Зараз, напрыклад, у базу мы ўкладваем пераважна прыбыткі ад фірмы. Але калі бачыш шмат наведнікаў напрыканцы тыдня і прыгажосць прыроды, адразу забываешся на ўсе цяжкасці.
Абаяльная і дзелавая
У вёсцы Сялец ужо два гады запар ствараецца сядзіба "Любанскі хутарок". Займаецца будоўляй абаяльная гаспадыня з цудоўным пачуццём гумару Анжэла Шаплыка. Яна паступова дапаўняе сядзібу то альтанкай, то басейнам. Зараз ужо пад яго выкапаны катлаван і заліты фундамент. Плануе жанчына пабудаваць лазню. Як аказалася на практыцы, праблем з агратурызмам шмат. Улічваючы цяперашнюю эканамічную сітуацыю і скачок цэн на будаўнічыя матэрыялы, відаць, яшчэ не адзін год спатрэбіцца, каб давесці рэканструкцыю да канца. Але ж гаспадыня не страчвае надзеі і адступаць не збіраецца. Яна ўвайшла ў склад Беларускага грамадскага аб'яднання "Адпачынак у вёсцы", плануе ў далейшым размясціць інфармацыю ў інтэрнэце пра ўласны турыстычны аб'ект.
Прыдарожны экспрэс
Дырэктар прыватнага прадпрыемства "Трафімовіч і К" Андрэй Трафімовіч нядаўна зацікавіўся прыдарожным сэрвісам. На гарадской пляцоўцы ў 500 кв. м. каля дарогі рэспубліканскага значэння Р-53 ён узводзіць "Прыдарожны экспрэс". Ужо ў верасні пачне дзейнічаць магазін-кулінарыя. Затым у наступным годзе адкрыецца кавярня. Плануюць запусціць кандытарскі цэх. У Андрэя Трафімовіча ўжо ёсць досвед працы ў сферы харчавання: акрамя сеткі крамаў, ён трымае ў горадзе піцэрыю "Везувій".
Андрэй Трафімовіч выкарыстоўвае частку прыбыткаў ад уласнага прыватнага прадпрыемства. Астатнюю частку складуць крэдыты, і хутчэй за ўсё — ільготныя. Зазаначу, што і Віталь Слівец, і Андрэй Трафімовіч бізнэсам займаюцца ўжо больш за 10 гадоў. Пачыналі справу не ў самыя лёгкія часы, і зараз не шкадуюць укладваць свае грошы ў новыя праекты. Таму калі яны ўзяліся за прыдарожны сэрвіс, то толк з гэтага адназначна будзе.
Вольга Каспяровіч,
студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.