І... загаварыла радыё!
"Просценькі дынамік з рэгулятарам гучнасці — любімец і сапраўдны спадарожнік нашых пенсіянераў. Нездарма ён нязменна вісіць на кухнях ці над ложкамі ў вясковых хатах і гарадскіх кватэрах. Калі раптам радыёкропка перастае працаваць, жыхары адчуваюць сябе не зусім камфортна. Асабліва старыя і самотныя людзі, у якіх зносіны з іншымі вельмі абмежаваныя...".
Гэта — радкі з невялічкага фотарэпартажу ("І змоўкла радыё...", "Звязда", 23 ліпеня г.г.), прадыктаванага вялікай крыўдай. Яшчэ ў сакавіку на вуліцы Полацкай, што ў Бешанковічах, мянялі апоры электралініі і абрэзалі правады для радыёкропак. У выніку больш за сорак дамоў засталіся без прывычных навін і перадач. Больш за тое — без надзей, што страчанае калі-небудзь вернецца, бо звярталіся пенсіянеры ў мясцовы выканкам, але марна: ім адказалі, што на аднаўленне радыёсувязі не хапае сродкаў...
Па просьбе рэдакцыі ўзнятае ў рэпартажы пытанне было разгледжана яшчэ раз і...
Як паведаміў намеснік старшыні Бешанковіцкага райвыканкама спадар Аўчыннікаў, спецыяліст раённага вузла электрасувязі аднавіў-такі радыёкропкі на вуліцы Полацкай!
А трохі раней у рэдакцыю прыйшоў кароткі ліст ад радыёслухачоў. Даслоўна: "Дарагая рэдакцыя, паведамляем, што 5 жніўня нам зноў падключылі радыёкропкі. Усе жыхары вуліцы Полацкай шчыра дзякуюць вам за дапамогу..."
Значыць, загаварыла радыё!