Такі розны горад
Якія ў вас ўражанні, калі вы ўпершыню трапляеце ў незнаёмы дом? Вы заўважаеце пахі дома, фіранкі ў пад'ездзе, драпіны на сценах, "графіці" ў ліфце, кактус на падаконніку. Параўноўваеце гэты дом, з тым, у якім жывяце. Пэўныя дэталі складваюцца ў агульную карціну, вы ўлоўліваеце атмасферу дома. Але розняцца не толькі дамы — свой настрой у розных мясцін аднаго і таго ж горада. У мітусні мы не звяртаем увагі на дэталі, якія распавядаюць пра атмасферу. Атмасферу дворыкаў, раёнаў. Гайда з намі ў пагулянкі! А пачнём мы з самага маладога Мінска.
Ластаўчыны гнёзды
Маладога не толькі таму, што гэты раён зараз актыўна будуецца. Калі пагуляць па Каменнай горцы, вы заўважыце, што большасць жыхароў — гэта менавіта маладыя сем'і. У час масавых засяленняў Каменная горка нагадвае бясконцыя ластаўчыныя гнёзды, у якіх віруе жыццё. Але калі ўжо ў мінулым засталіся разборкі з будаўнікамі (з-за крывых сцен, іржавых люкаў, плям на шпалерах і іншага будбраку), калі паўціхла мітусня, звязаная з абсталяваннем тых самых "гнёздаў", у мікрараёне пачынаецца сваё размеранае жыццё, можа, нават і больш шчаслівае, чым у іншых куточках Мінска. Ці з з-за таго, што ўсе жыхары нарэшце абзавяліся ўласным жыллём, а мо таму, што тут пераважна атабарыліся маладыя энергічныя людзі. У навасёлаў нават ёсць свае тусоўкі ў інтэрнэце, дзе яны знаёмяцца, абменьваюцца навінамі, раяцца. Нехта нават вывешвае ў пад'ездзе вершы, дзе віншуе суседзяў з іх агульным святам — датай, калі яны атрымалі ключы ад новых кватэр.
Паступова мясціны, якія яшчэ пару гадоў таму нагадвалі месіва з пяску і камянёў, пакрываюцца травой. Тут нават выраслі дрэвы ў чалавечы рост і вышэй. Прычым выраслі зімой — у маразы мужыкі з дрылямі свідравалі зямлю якую немагчыма было ўзяць нават ломам), каб пасадзіць клёны, каштаны, рабіны і елкі. Маўляў, так расліны лепш прыжываюцца.Сёння лавачкі ў дварах запоўнены маладымі бацькамі, побач з якімі капошыцца малеча.
Пра дзятву асобная размова. На кожны метр квадратны дворыка тут прыпадае па некалькі хлопчыкаў і дзяўчынак. Асноўныя насельнікі двара — калясачнага, садкоўскага і ўзросту пачатковай школы. Летась у верасні па просьбе жыхароў, якім трэба было кудысьці ўладкаваць сваіх дзяцей, адкрылася школа, якая на той час яшчэ будавалася ў Каменнай горцы-1. І нават у недабудаванай школе расчынілі свае дзверы 6 першых класаў. А дамы працягваюць засяляцца новымі жыхарамі.
Асноўныя праблемы навасёлаў — уладкаваць малых у садок і патрапіць на прыём да ўрача.
—Да педыятра чэргі круглы год, прыём дзяцей — хутчэй, фармальнасць, для таго, каб выдалі ці працягнулі бальнічны лісток, бо, калі нарэшце трапляеш у кабінет да доктара, разам з табой там знаходзіцца яшчэ 3-4 чалавекі. Як тут можна паслухаць дзіця? А калі мы выклікаем доктара на дом, яна на нас лаецца, чаму мы яе патурбавалі: маўляў, збівайце тэмпературу і ідзіце на прыём у паліклініку, — скардзіцца Алена Ваўчкова.
— Вясной пайшлі падаваць дакументы ў адзін з бліжэйшых садкоў, там зірнулі ў пашпарт на нашу прапіску і проста прагналі, таму што мы з мікрараёна Каменная горка. Так і сказалі: "Ды хто вы такія, каб вам месца ў садку выдзялялі — тут людзі гадамі ў чарзе стаяць!" — пачула я ад Настассі Вашкевіч.
Уявіце ўнутраны дворык, вакол якога чатыры шматпавярховыя дамы. З аднаго боку, такая планіроўка зручная: бацькі могуць назіраць за сваімі дзецьмі, не выходзячы з дома, проста праз акно. Ды і малым — заўсёды кампанія. Але кагосьці масавае збіранне дзяцей і раздражняе.
— Акустыка такая, што ў кватэрах заўсёды чутны гэты піск, не магу пакласці спаць немаўля, — заўважыла адна з новаспечаных мам. Яна ж лічыць, што пры планіроўцы дзіцячых пляцовак павінны ўсё ж рабіць асобныя зоны выключна для тых малых, што толькі пачынаюць хадзіць і размаўляць, бо гульні ў агульнай пясочніцы небяспечныя для самых маленькіх: старэйшыя дзеці ідуць на вуліцу і з кашлем, і з насмаркам.
Некаторыя жыхары новага Мінска ўжо спрабуюць рабіць прагнозы, што будзе тут, калі ўся гэтая дзіцячая "армія" падрасце. І калі ў раёне не будзе створана належнай інфраструктуры, каб чымсьці заняць дзяцей і падлеткаў, невядома ўва што ператворацца гэтыя пакуль спакойныя, напоўненыя дзіцячым піскам вуліцы.
Яшчэ адна з праблем, на якую скардзяцца навасёлы, — недахоп магазінаў. А ў тых, што ёсць, вялікія чэргі і не такі выбар тавараў, як хацелася б. Прычым некаторыя жыхары заўважаюць, што на асобныя тавары тут цэны могуць быць вышэйшымі, чым на такія ж у цэнтры Мінска.
Нягледзячы на тое, што тут ходзіць шмат транспарту, людзі апасаюцца, што праз некаторы час адсюль "выбірацца ў горад" будзе праблемай.
— Ужо зараз з другой веткі метро вагоны ідуць запоўненымі на працягу ўсяго часу — ці то ў 6 раніцы, ці то ў 23 гадзіны на прыпынку "Каменная горка" людзей не менш, чым на "Кастрычніцкай" ці "Купалаўскай", а будоўля працягваецца. Шчыльная штампоўка высотак — не лепшае рашэнне для забудовы горада. Гэта прысуд людзей на пажыццёвыя чэргі ў крамах і паліклініках, недахоп садкоў і перапоўненыя школы, — упэўнены Міхаіл Лосеў. — І зусім не вырашаецца праблема з уласным транспартам — паркоўкі ля дамоў не разлічаны на тую колькасць жыхароў, што пасяліліся ў высокіх дамах. І нават на стаянкі, што вынесены за межы двароў, часам не ўшчаміцца. Як вынік — машыны стаяць на пешаходных сцежках і на газонах.
"Нашэсце" машын — гэта тое, на што скардзяцца і многія маладыя мамы. Тыя, якім узімку давялося пабегаць з каляскай (ды яшчэ пад суправаджэнне — "бібіканне" аўто) па праезнай частцы, таму што пешаходныя сцежкі былі застаўленыя аўтамабілямі (а навокал — вялікія гурбы снегу), прапануюць экстрэмальныя меры барацьбы. Напрыклад, выклікаць эвакуатары на машыны, прыпаркаваныя там, дзе не трэба; уводзіць правілы, каб у дварах ставілася не больш чым адна машына на сям'ю альбо ўводзіць падатак на паркоўку ў жылой зоне...
Шмат нараканняў таксама на якасць вады: людзі скардзяцца, што яна не прыгодная не толькі для гатавання (таму многія проста жывуць на бутыляванай вадзе), але і для гігіенічных працэдур (пасля ванны з такой вадой пачынаюцца праблемы са скурай).
Скаргі можна збіраць і далей, прычым сярод іх і тыя што тычацца як забудовы раёна, так і планіроўкі кватэр. Так, многія не разумеюць, чаму сушка ў ванне размяшчаецца над умывальнікам (а куды вешаць люстэркі)? Альбо лічыльнік газу размешчаны на сцяне за паўметра ад падлогі (можа, гэта спецыяльна для таго, каб даць "газавікам" зарабіць, калі яны будуць яго пераносіць у больш зручнае для жыхароў кватэр месца?). І чаму, калі дворыкі пачынаюць жыць сваім жыццём, не ўносяцца ніякія карэкціроўкі ў планы? Навошта было саджаць кусты туды, дзе пачалі паркавацца аўтамабілі; ці ля горак, дзе малыя катаюцца на санках, — калі і "вожыку зразумела", што насаджэнні будуць знішчаны? А сапраўды, ці раіцца хто-небудзь з жыхарамі новабудоўляў, ці цікавіцца, як яны абжыліся на новым месцы, ці праводзяцца апытанні, анкетаванні людзей? Хоць бы для таго, каб улічыць іх прапановы, калі будуць стварацца новыя планы па забудове горада?
Алена Дзядзюля.
Вам слова!
Што вас здзівіла ў Мінску?Міхась Кавалёў: "Здзівіла, што Мінск даволі "не абжыты" горад, — я ў тым сэнсе, што тут яшчэ дастаткова закінутых будынкаў. Чуў нават, што на вуліцы Кальварыйскай пад зямлёй знаходзіцца недабудаваны вялікі гандлёвы цэнтр. А яшчэ здзіўляе, наколькі людзі нічога не ведаюць пра свой горад. Вы нават у людзей, што пражываюць на пэўнай вуліцы, запытайцеся, чаму яна так называецца, — наўрад ці атрымаеце адказ".
Вольга Грачова: "У Мінску жывуць лятучыя мышы! Іх можна пабачыць у дворыку політэхнічнага ўніверсітэта. Некаторы час я са сваім сябрам спецыяльна хадзіла туды пацікаваць за мышамі".
Алесь Егораў: "Уразіла, як утойваюцца цікавыя рэчы. Хто ведае пра тое, што ў Мінску ёсць маятнік Фуко? Ён знаходзіцца ў Беларускім дзяржаўным педуніверсітэце. І ўражанне, быццам яго спецыяльна ўбралі далей з вачэй. А да яго і экскурсіі вадзіць можна. Такіх аб'ектаў у свеце набярэцца каля дваццаці".
Ірына Буднік: "У Мінску цяжка не заблукаць. Шмат вельмі падобных вуліц, на якіх нават магазіны з аднолькавымі назвамі. А вы паспрабуйце адшукаць вуліцу, што носіць імя, напрыклад, Маневіча, Папаніна, Сярова, Солтыса, Бірузова і гэтак далей. Тут без карты не разбярэшся. А паспрабуй у каго выведай, дзе гэта. Гараджане не ў стане запомніць усе гэтыя прозвішчы невядомых ім людзей. Яшчэ ў горадзе шмат рэчаў, якія ўводзяць у зман. Так, калі мне трэба на вуліцу Кунцаўшчына, я натуральна, у метро выйду на прыпынку з такой жа назвай, а не паеду далей, да станцыі "Каменная горка". Ці чаму станцыя метро "Маскоўская" знаходзіцца ў адным баку, а вуліца Маскоўская ў іншым? Ды з нумерацыяй дамоў колькі блытаніны. Напрыклад, каб знайсці патрэбны вам дом на вуліцы Солтыса, давядзецца паблукаць".
Уладзімір Мурашка: "Мне шкада Траецкага прадмесця. Паглядзіце на яго з боку ўзбярэжжа. Зараз побач з Траецкім будуецца высокі жылы дом. На мой погляд, дзіўна, як такую будоўлю можна было распачаць побач з Траецкім прадмесцем — сэрцам, сімвалам Мінска! Наколькі я ведаю, у Англіі ёсць абмежаванні па памерах новых будынкаў, якія ўзнікаюць у мясцінах са старой, гістарычнай забудовай. А тут такая будоўля побач з Траецкім! Яна "забівае" прадмесце. Калі раней у мяне было адчуванне, што гэта кавалак старога горада, дык цяпер няма. Траецкае быццам рэзка абрубілі, заціснулі, "прынізілі". Наогул, гляньце, што такое Няміга. Калі гэта гістарычны цэнтр, чаму тут не ствараюцца помнікі, аб'екты, дзе б абыгрывалася менавіта гэтая тэма? Чаму побач са Свіслаччу стаіць помнік Пушкіну, а не кампазіцыя, звязаная з бітвай на Нямізе? І як з Траецкім прадмесцем спалучаецца Востраў слёз? Якая логіка ў аздабленні гістарычнага цэнтра, у суседстве з рэчамі, якія не спалучаюцца. На мой погляд, нельга такую мешаніну дапускаць там, куды возяць усіх турыстаў, знаёмяць з нашым горадам".
Артур Бестыбаеў (госць з Казахстана): "Што амаль кожная другая дзяўчына ў Мінску вышэй за мяне ростам. Я лічыў сябе высокім чалавекам (метр 78 сантыметраў), сустрэць дзяўчыну з мяне ростам у Казахстане складана. А тут ўсе дзяўчаты высокія. І яшчэ ўразіла, калі даведаўся, што далікатныя, худзенькія дзяўчаты працуюць на заводах, стаяць за станкамі, цягаюць на сабе цяжкія рэчы. Мне падалося, у Мінску слаба развіта сетка з рэстаранамі і кавярнямі. У пятніцу ўвечары патрапіць кудысьці паесці даволі складана, няма свабодных месцаў".
Тацяна Макарава: "Усё ўражвае. Я 10 гадоў не была ў Мінску. І зараз адчуванне, што хаджу зусім па іншым горадзе, — тут столькі ўсяго пабудавана! І людзей стала значна больш у параўнанні з тым, што было 10 гадоў таму, — у метро не ўлезці. А яшчэ тут амаль не ўсміхаюцца, нават моладзь. Вунь парачка ідзе. Хлопец дзяўчыне букецік з рамонкаў падарыў. Маладыя, спатканне ў іх, надвор'е добрае, а твары ў абодвух, быццам на вайну сабраліся. Гэта і здзіўляе: чаму горад, дзе так шмат моладзі, такі сумны? Мінчане, усміхайцеся часцей!"