Цяжкі час — не перашкода

Источник материала:  

Пасля нядоўгага перапынку ў Гомелі адкрылася адноўленае аддзяленне паштовай сувязі № 50. Гамяльчане яго добра ведаюць як цэнтральны паштамт і справядліва лічаць, што менавіта тут, у самым сэрцы горада ўсе паслугі аказваюцца на самым высокім узроўні.

  Цяжкі час — не перашкодаТры месяцы на рамонт — вядома, не той тэрмін, каб занадта хвалявацца, але ж кліенты, якія гэты час абслугоўваліся ў некалькі сціснутых умовах суседняга памяшкання, з самай раніцы першымі прыйшлі ацаніць, наколькі зручна ім будзе тут. І пераканаліся: сапраўды, зручна. Дарэчы, і вельмі прыгожа. Бела-блакітная карпаратыўная колеравая гама не толькі радуе вока, але і супакойвае тых, хто занадта спяшаецца ці хвалюецца. Тым больш што ветлівых усмешак аператараў паштовай сувязі ўсё роўна хопіць усім.

Дзяўчыны ў гэтым аддзяленні апрануты ў форму, спецыяльна пашытую індывідуальна для кожнай — таксама ў бела-блакітным колеры. І справу сваю ведаюць, і добра разумеюць, што прадстаўляюць самае важнае аддзяленне абласнога цэнтра. Дарэчы, яно адно прыносіць прыкладна такі ж прыбытак, як вузел паштовай сувязі ў сярэднім райцэнтры Гомельскай вобласці. Людміла Ткач гэтае аддзяленне ўзначальвае на працягу 15 гадоў. І прызвычаілася да таго, што патрабаванні да яе і супрацоўнікаў — самыя строгія. Але ў гэты дзень усё ж хвалявалася:

— Вельмі прыемна, што мы зноў на сваім месцы. І я вельмі ўдзячная кіраўніцтву, якое знайшло сродкі і паклапацілася, каб мы працавалі ў такім прыгожым і адноўленым памяшканні. Вядома, складана бывае. Пераўзбраенне ідзе інтэнсіўна, праграмы мяняюцца пастаянна, але ж мы імкнёмся ісці ў нагу з часам.

У адноўленым памяшканні асобна знаходзіцца паштовы кіёск, дзе можна набыць і паштовую прадукцыю ў асартыменце, і тавары спажывецкага попыту, і перыядычныя выданні. Тут можна набыць і новае захапленне. Гавораць, калекцыянаванне марак захапляе адзін раз, але на ўсё жыццё — менавіта маркі ў гэтым кіёску ў вялікай разнастайнасці. Побач знаходзяцца і два плацежна-даведачныя тэрміналы. Па сутнасці, лічаць супрацоўнікі, гэта дадатковыя працоўныя месцы. Бо і прыём плацяжоў, і аплату мабільных тэлефонаў, і нават падпіску можна аформіць праз разумныя машыны.

Дарэчы, на аднаўленне не толькі гэтага аддзялення сувязі сёлета змаглі знайсці сродкі паштавікі Гомельшчыны. Дырэктар Гомельскага філіяла Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства паштовай сувязі "Белпошта" Галіна Цярэшчанка гаворыць, што цяжкі час — не перашкода:

— На гэтае аддзяленне разам з мэбляй і рамонтам выдаткавана каля 300 мільёнаў рублёў. Час цяпер для ўсіх цяжкі, аднак аддзяленне знаходзіцца ў цэнтры горада, побач са знакамітым палацава-паркавым ансамблем, таму яно павінна быць самым прыгожым у горадзе. Мы пастаянна імкнёмся праводзіць рамонты і ў раённых аддзяленнях.

Сапраўды, сёлета ў Гомелі адкрыта аддзяленне сувязі № 46 — у МЖК "Сонечны", праводзяцца рамонты аддзяленняў сувязі па раёнах: у Рэчыцкім, Мазырскім, Светлагорскім, Кармянскім будынкі вузлоў ці аддзяленняў сувязі набылі больш прывабныя фасады. Увогуле ж сёлета ў мадэрнізацыю і пераабсталяванне ўкладзена больш за 1 млрд рублёў сродкаў Гомельскага філіяла Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства паштовай сувязі "Белпошта".

Ірына АСТАШКЕВІЧ. Фота аўтара.

←Во время акции "Стоп-бензин" был задержан сын Алеся Беляцкого

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика