Праца ў Беларусі — фантастычны досвед для замежных студэнтаў
Знаёмцеся: Патрык Эндрю Цімані. Студэнт Оrіеl Соllеgе Оксфардскага ўніверсітэта. Прэзідэнт Клуба па альпінізме Оксфардскага ўніверсітэта. Інтарэсы — тэарэтычная фізіка (касмалогія і астрафізіка). Вельмі любіць вандраваць па свеце. Да апошняга часу ніколі не быў ва Усходняй Еўропе. Сёння ён у Мінску, дзе праходзіць практыку на кафедры тэарэтычнай фізікі БДУ. Патрык спадзяецца атрымаць вялікае задавальненне ад знаходжання ў нашай краіне і мяркуе, што праца ў Беларусі будзе для яго фантастычным досведам.
Карл Хаўбенвальнер. Студэнт Тэхнічнага ўніверсітэта горада Грац (Аўстрыя). Навучаецца па спецыяльнасці "інфарматыка". Карл мае ўжо больш як 6 гадоў практычнага досведу работы праграмістам у міжнароднай лагістычнай кампаніі, у тым ліку на выязных праектах у Швейцарыі, Венгрыі, Іспаніі і Тэнерыфе. Зараз праходзіць практыку ў кампаніі ЕРАM Sуstеms у Мінску. Жаданне пазнаёміцца з культурай і традыцыямі беларусаў было адным з вядучых матываў, па якіх ён абраў месцам праходжання практыкі менавіта нашу краіну. Вядучым, але не адзіным. Не менш важнае значэнне мае для маладога чалавека і магчымасць асобаснага і прафесійнага росту, а практыка ў ЕРАM Sуstеms, як ён упэўнены, дае яму магчымасць прымяніць свае навыкі і веды ў праграмаванні не толькі ў сферы лагістыкі, але і ў іншых сферах і праектах на міжнародным узроўні.
Практыку ў ЕРАM Sуstеms, якую арганізоўвае Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, праходзяць таксама Чагры Эрдаган Сафа з Турцыі і Марцін Марласка Фернанда з Іспаніі. Усе чатыры хлопцы, а таксама яшчэ двое студэнтаў-замежнікаў —Вероніка Рубія Сарыяна з Іспаніі і Гокан Дэмірхан з Турцыі — былі запрошаны днямі на сустрэчу з міністрам адукацыі нашай краіны Сяргеем Маскевічам. Міністр цікавіўся ўражаннямі маладых людзей ад знаходжання ў Беларусі, умовамі іх пражывання і арганізацыі вытворчай практыкі.
Усе яны апынуліся ў Беларусі дзякуючы праграме Міжнароднай асацыяцыі па абмене студэнтамі для праходжання вытворчай практыкі (ІАЕSTЕ). Пра тое, што азначае для нашай краіны супрацоўніцтва з ІАЕSTЕ, і хто з беларускіх студэнтаў можа прэтэндаваць на набыццё практычнага досведу за межамі Беларусі, расказаў старшыня нацыянальнага камітэта ІАЕSTЕ-Беларусь Віктар Даранкевіч:— ІАЕSTЕ была ўтворана ў 1948 годзе ў Імперскім каледжы Кембрыджскага ўніверсітэта. Ідэя была такая — павысіць якасць прафесійных навыкаў будучых спецыялістаў праз інтэграцыю іх тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі. ІАЕSTЕ дае студэнтам, навучанне якіх звязана з тэхнічнымі навукамі, фізікай, хіміяй, інфарматыкай, а таксама біялогіяй, экалогіяй, фармацэўтыкай, сельскай гаспадаркай і іншымі спецыяльнасцямі, магчымасць прайсці аплачаную стажыроўку за мяжой. Менавіта так: праца студэнта-практыканта аплачваецца той фірмай ці кампаніяй, якая запрасіла яго на работу. Адна з абавязковых умоў — гэта валоданне замежнай мовай на дастатковым узроўні, які дазволіць маладым людзям выконваць вытворчыя задачы (як правіла, англійскай). Мінімальная працягласць практыкі складае 8 тыдняў. Праграма абмену працуе на прынцыпах узаемнасці. Напрыклад, калі да нас прыязджае англійскі студэнт, то беларускі студэнт едзе працаваць у Вялікабрытанію. Фактычна ІАЕSTЕ з'яўляецца пасрэднікам у арганізацыі замежных прафесійных практык. За больш чым 60 гадоў сваёй дзейнасці ІАЕSTЕ арганізавала вытворчую практыку за мяжой больш чым для 300 тысяч студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў. У гэтай праграме ўдзельнічае каля 90 краін свету. Беларусь далучылася да яе дзесяць гадоў таму, а ў 2005 годзе стала асацыяваным членам ІАЕSTЕ. У найбліжэйшых планах — стаць паўнавартасным членам, што пашырыць паўнамоцтвы краіны ў асацыяцыі і дазволіць інтэнсіфікаваць абмены.
Віктар Антонавіч расказаў, што першапраходцамі ў праграме міжнароднага абмену студэнтаў тэхнічных спецыяльнасцяў сталі Белдзяржуніверсітэт, БНТУ і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Пазней да іх далучыліся БДУІР, Міжнародны экалагічны ўніверсітэт імя Сахарава, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту. Геаграфія краін, дзе набывалі практычныя навыкі студэнты беларускіх ВНУ, надзвычай шырокая: гэта Германія, Іспанія, Італія, Іспанія, Польшча, Чэхія, Турцыя, Швейцарыя, Вялікабрытанія, Нарвегія, Сербія, Фінляндыя, Грэцыя, Венгрыя, Сірыя і гэтак далей.
— Кожны год у снежні, у рамках генеральнай канферэнцыі ІАЕSTЕ, праходзяць абменныя сесіі, — тлумачыць Віктар Даранкевіч. — У вялізным холе збіраюцца прадстаўнікі ўсіх краін са сваім пакетам прапаноў ад наймальнікаў. Кожная такая прапанова абавязкова змяшчае характарыстыкі працоўнага месца, патрабаванні да кандыдатаў, інфармацыю аб умовах пражывання, аплаты працы і іншыя важныя нюансы. Працоўнае месца абавязкова павінна адпавядаць узроўню падрыхтоўкі студэнта. І калі студэнта прымусяць выконваць працу не па яго спецыяльнасці, гэта абавязкова знойдзе адлюстраванне ў рэкламацыі. Пасля праходжання практыкі ўсе студэнты пішуць своеасаблівы рэпартаж, дзе даюць ацэнку свайму знаходжанню ў той ці іншай краіне, ацэньваюць, наколькі карыснай была для іх арганізаваная практыка. У кожнай краіны ёсць свае месца ў рэйтынгу па колькасці і якасці здзейсненых студэнцкіх абменаў. Натуральна, што беларусы пакуль што гэты рэйтынг не ўзначальваюць, бо па колькасці абменаў нам вельмі далёка да такіх краін, як, напрыклад, Германія, дзе штогод здзяйсняецца ад 1,5 да 2 тысяч абменаў, ці нават да Турцыі, дзе набываць практычны досвед за мяжой накіроўваюцца штогод ад 300 да 350 чалавек. Сёлета ў Беларусі запланавана здзейсніць каля 40 абменаў. Аднак паколькі рэкламацый на якасць арганізаванай практыкі ў Беларусі не было і практычна ўсе студэнты пакідаюць вельмі добрыя водгукі пра нашу краіну, то Беларусь мае ўсе шанцы стаць паўнавартасным членам Міжнароднай асацыяцыі па абмене студэнтамі.
Ці варта тлумачыць, што значаць для нас такія абмены? У першую чаргу, гэта рэкламаванне беларускай вышэйшай школы за мяжой і стварэнне пазітыўнага іміджу Беларусі, набыццё надзейных сяброў і наладжванне эканамічных сувязяў. Магчыма, пакуль што гэта выглядае крыху наіўна, тым не менш Вероніка Рубія Сарыяна з Іспаніі паведаміла міністру адукацыі, што ў перспектыве магла б адкрыць у Беларусі бізнэс, звязаны з выкладаннем іспанскай мовы. Карл Хаўбенвальнер заўважыў, што "Беларусь мала чым адрозніваецца ад Аўстрыі, і гэта стала для яго прыемным сюрпрызам". На жаль, Беларусь яшчэ для многіх іншаземцаў застаецца крыху экзатычнай краінай. Таму, калі бар'еры і стэрэатыпы рушацца, гэта ўсім ідзе толькі на карысць...
Надзея НІКАЛАЕВА.