Бабёр — гэта не толькі каштоўнае футра...
У адным з чэрвеньскіх нумароў ваша газета напісала, што шафёр г.Клімавічы (ці іншага сумежнага раёна — не памятаю) забіў бабра. За што быў аштрафаваны на некалькі мільёнаў рублёў. Быццам бы за нанесеную дзяржаве шкоду. Пытаюся: якую шкоду ён нанёс? Шкура ж бабра не цэніцца. Як і іншыя органы, якія ў медыцыне не выкарыстоўваюцца. Адпаведна, ад яго дзяржаве ні холадна, ні горача. Акрамя таго, баброў развялося занадта шмат і яны прыносяць вялікую шкоду, бо зразаюць прыбярэжныя дрэвы. Адначасова яны рыюць норы, што садзейнічае разбурэнню берагоў, абмяленню рэк, і без таго ўжо дастаткова абмялеўшых.
Я жыву ў сярэднім цячэнні ракі Бася і штогод бачу іх разбуральныя дзеянні на рацэ. Што ад іх шкоды больш, чым якой карысці для дзяржавы. Адпаведна, таму шафёру трэба было "дзякуй" сказаць, а не караць на мільёны і не апраўдваць састарэлыя дзеянні прыродаахоўных органаў.
Барыс Давыдавіч КАРНЕЕЎ, вёска Карасі Шклоўскага раёна
Праблема з бабрамі ў Беларусі сапраўды існуе, аднак, прабачце, шаноўны чытач, нельга ж разважаць адносна гэтай сітуацыі на ўзроўні выказвання, якое ўжо перайшло ў разрад ці не народнага фальклору (не вельмі добрага па змесце): "Забі бабра — выратуй дрэва".
Бабёр, як і любы іншы від, падлягае захаванню, пацвердзілі нам у Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
— Папуляцыя бабра ў Беларусі перавышае аптымальную недзе ў 2,2 раза. Аптымальная колькасць, па розных крыніцах, складае ад 25 да 32 тысяч жывёл. Я бяру лічбу ў 27 тысяч. А па апошніх падліках, у краіне налічвалася 62-63 тысячы баброў, — зазначыў, у прыватнасці, начальнік аддзела біялагічнай разнастайнасці міністэрства Аляксандр КІРАЕЎ. — Чаму так здарылася? Калі памятаеце, гадоў з 15 таму на футра бабра быў попыт: мець такую шапку было прэстыжна, і каштавала яна 150 рублёў. Потым гэты попыт зменшыўся. Хоць выкарыстоўваць бабра можна практычна цалкам: яго мяса — дыетычнае; акрамя названага футра, для фармакалогіі каштоўнай сыравінай з'яўляецца бабрыная струя. Нават з хваста вырабляюць рэчы кшталту кабур.
Згодна з Правіламі вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, рачнога бабра можна здабываць зброевым спосабам, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі, з падыходу, з засады; бяззбройным, у тым ліку з паляўнічымі сабакамі — з 1 верасня па 31 студзеня ў светлы час сутак; бяззбройным — з 1 лютага па 1 сакавіка, таксама ў светлы час сутак.
— Трэба сказаць, што гэтае паляванне — ліцэнзійнае, жывёла можа здабывацца па разавых дазволах, як і тыя ж лось, алень. Аднак калі пры паляванні на апошніх павінен прысутнічаць егер, дык у новай рэдакцыі Правілаў у адносінах да здабычы бабра гэты нюанс выключылі. Што павінна паспрыяць папулярызацыі палявання на бабра, — дадалі ў міністэрстве.
Так, праблемы ў асобных выпадках з бабрамі ёсць. Але дзе найперш? Там, дзе гэтай справе не надаецца належнага кантролю, дзе папуляцыя жыве па ўласным "меркаванні", падпарадкоўваючы такім чынам сабе і інтарэсы, і жыццё чалавека.
— З-за высокай шчыльнасці месцамі даводзіцца падлічваць шкоду, — сказаў Аляксандр Кіраеў. — Таму распрацаваны і зацверджаны дзяржаўны план мерапрыемстваў па рэгуляванні колькасці папуляцыі бабра ў краіне, які прадугледжвае, у прыватнасці, арганізацыю захадаў па перапрацоўцы і збыце той каштоўнай сыравіны, якую можна атрымаць ад бабра.