Вось такі ён, наш Гамлет. Шавец па прызванні
Мы ўсе купляем абутак. Некаторыя часта, некаторыя радзей. І заўсёды хочацца верыць, што ён праслужыць доўга, што асеннія боцікі не будуць прамакаць, зімовыя — будуць па сезоне цёплымі, а ў летніх басаножках і веснавых туфліках доўга праслужыць высокі абцас. Але што ж рабіць, калі абцас зламаўся, падэшва прадзіравілася і боты бязлітасна і "з задавальненнем" чэрпаюць ваду з луж?! Мы звяртаемся ў шавецкія майстэрні.
Наш невялікі гарадок Узда нічым не адрозніваецца ад іншых такіх жа невялікіх гарадкоў, якіх шмат на Беларусі. У ім таксама ёсць восеньскія лужы, зімовы снег і веснавая паводка, з-за якіх патрабуюць сур'ёзнага рамонту дзіцячы, падлеткавы, дарослы абутак. Рамонтам такога абутку вось ужо больш за 5 гадоў у нашым горадзе займаецца Гамлет Рафікавіч Енгаян у сваёй майстэрні па рамонце абутку "Экспрэс-рамонт абутку". Так-так... Гамлет Рафікавіч — армянін. Ён нарадзіўся ў Арменіі, у горадзе Гюмры. 11 гадоў таму ён прыехаў у наш горад у госці да свайго сябра (таксама армяніна), пазнаёміўся з дзяўчынай Вольгай, закахаўся і... застаўся ў нашым горадзе назаўсёды. Палюбіў Гамлет не толькі дзяўчыну, але і наш чысты, зялёны, дагледжаны гарадок Узда.
І хоць па адукацыі Гамлет — ювелір, шавецкае рамяство яму бліжэй, гэта яго справа, як кажа сам Гамлет, гэта яго прызванне, гэта тое, чым яму падабаецца займацца.
За 5 гадоў існавання шавецкай майстэрні "Экспрэс-рамонт абутку" праз умелыя рукі майстра прайшла вялізная колькасць рознага абутку, а праз душу ўладальніка майстэрні — вялізная колькасць лёсаў людзей. Гамлет заўсёды ветлівы, далікатны, цярплівы. Паважлівы з пажылымі людзьмі, цярплівы з больш патрабавальнымі кліентамі. Ён заўсёды прытрымліваецца аднаго правіла гандлю: "Кліент заўсёды мае рацыю!" Для Гамлета важны не грашовы бок, а тое, каб людзі выходзілі з яго майстэрні задаволеныя яго працай і з словамі падзякі. Для пенсіянераў у майстэрні "Экспрэс-рамонт абутку" круглы год зніжкі на рамонт абутку, для ветэранаў ВАВ — рамонт бясплатна, таксама круглы год. Пагадзіцеся, што гэта не мала, асабліва ў наш "крызісны" час, калі кожная капейка на ўліку. Цэлымі днямі працуе Гамлет Рафікавіч у сваёй майстэрні, а вольны ад працы час бавіць са сваёй сям'ёй: жонкай Вольгай і дзесяцігадовым сынком Рафаэлем — будучым чэмпіёнам свету па боксе, як кажа сам Гамлет.
Ад імя ўсіх жыхароў нашага горада Узда я хачу падзякаваць Гамлету Рафікавічу Енгаяну за яго ветлівасць, за якаснае абслугоўванне, паважлівыя адносіны да людзей, за яго добрае сэрца і шчодрую душу.
Алёна КАЗНАДЗЕЙ.
г. Узда.