Драпежная расліна з'ела птушку
Ну і ну!
Днямі ў Вялікабрытаніі быў зарэгістраваны вельмі рэдкі ўдалы выпадак (усяго другі ў гісторыі) палявання насякомаеднай расліны на птушку. Першы быў адзначаны некалькі гадоў таму ў Германіі.
Дзівосную карціну тыдзень таму ўбачыў жыхар англійскай вёскі West Pennard Найдэл Х'юіт-Купер, калі аглядаў свой трапічны сад. Тады ў адной з гарлачыкавых раслін засталіся навідавоку толькі пёры няшчаснай птушкі.
"Самыя вялікія з гэтых драпежных раслін роду Nepenthes даволі часта з'ядаюць жаб, яшчарак і мышэй, а прадстаўнікі вельмі буйнога віду гарлачыкаў палююць нават на пацукоў, — расказвае Найджэл. — Аднак звычайна асцярожныя птушкі ў такую пастку не трапляюць".Спецыялісты ўпэўнены, што ў гэтым выпадку вялікая сініца села на край гарлачыка і схілілася за насякомымі, але звалілася і загінула.
Абодва выпадкі з'ядання птушак драпежнымі раслінамі адбыліся ў экзатычных трапічных садах, што былі культываваны чалавекам. У дзікай прыродзе падобных здарэнняў біёлагі ніколі не назіралі. Мабыць, у джунглях мясцовыя птушкі на генетычным узроўні добра ведаюць, што "жартаваць" з вялікімі драпежнымі гарлачыкамі не трэба ніколі.
Сяргей КУРКАЧ.