Уральскія канікулы

Источник материала:  

Бягучы радок у трамваі паказвае гараскоп, анекдоты, надвор'е — што заўгодна, толькі не наступны прыпынак. Чужая краіна, незнаёмы горад, а пасажыры падказваюць неахвотна — маўляў, як можна не ведаць, дзе знаходзіцца самы папулярны кірмаш. Мы ў Екацярынбургу. Нечаканы і незапланаваны адпачынак. Я марыла пра паездку ў Еўропу, а муж угаварыў з'ездзіць на Урал да яго бабулі з дзядулем, за тры тысячы кіламетраў — пазнаёміцца.

ПЕРШАЕ ЎРАЖАННЕ

Я была настроена супраць гэтага горада. І першы дзень пацвердзіў мае асцярогі. На галоўнай плошчы 1905 года (з савецкімі назвамі там не спяшаюцца развітвацца) збіраецца свята — мотафрыстайлшоу. Плошчу і прылеглую да яе тэрыторыю зрабілі пешаходнай зонай, на подступах дзяжурыць паліцыя (з перайменаваннем міліцыі мала што змянілася), у руках паліцыянтаў — металашукальнікі, але, хутчэй, для выгляду: імі не скануюць, на плошчу пускаюць і так. Для вялікага горада (каля паўтара мільёна насельніцтва, Екацярынбург — чацвёрты горад у Расіі па колькасці насельніцтва) народу на гарадское свята сабралася няшмат, усяго некалькі соцень. І вось гэтыя некалькі соцень прывялі мяне ў шок. Неахайнага выгляду людзі, якія ўвесь час штурхаюцца, крычаць і пляваць хацелі на астатніх: яны паляць у шчыльным натоўпе, пускаючы цыгарэтны дым у вочы дзецям, яны кідаюць смецце там, дзе стаяць, яны лаюцца і ніколі не саступяць агляднае месца ніжэйшым па росце. Нават абрэвіятуры, якімі яны завуць свой горад, падаліся мне брыдкімі і непаважлівымі: Екб ці Ебург. Канчатковую кропку ў маім уражанні паставіў мясцовы рок-гурт, які суправаджаў матацыклавае відовішча — "Сем (!) штук (!!) баксаў (!!!)" — менавіта з такімі знакамі прыпынку яго штораз аб'яўляў вядучы.

Негатыўнае ўражанне крыху згладзіла само шоу (усё ж такі палёт на матацыкле ў неба — гэта незабыўна, нават калі лётаў не ты) і, безумоўна, цёплы прыём сваякоў.

АПОШНІ ПРЫТУЛАК АПОШНЯГА ЦАРА

Галоўная ідэя майго адпачынку — глядзець і пазнаваць. Я не змагу праваляцца два тыдні на пляжы, я хачу знаёміцца са славутымі мясцінамі. Добра, што муж у гэтым супадае са мной. На другі дзень мы рушылі бліжэй знаёміцца з Екацярынбургам.

Так часта бывае, што самае славутае — гэта самае сумнае і негатыўнае, чаго лепш бы не здаралася. Так і тут: менавіта ў Екацярынбургу расстралялі царскую сям'ю, апошніх з Раманавых. Дом інжынера Іпацьева, дзе царскую сям'ю з абслугай трымалі ў заключэнні апошніх семдзесят восем дзён, а пасля расстралялі ў падвале, перажыў паслярэвалюцыйныя гады. Целы забітых знішчалі, хутчэй за ўсё, каб не пакінуць аніякай памяці, нават месца для паломніцтва, а дом знішчыць не падумалі. Ён стаяў бы і па сёння, каб у 1977 годзе Ельцын, выхадзец з Екацярынбурга (яму, дарэчы, у горадзе стаіць помнік), не распарадзіўся разбурыць дом Іпацьева. Цяпер на гэтым месцы стаіць Храм-на-Крыві, пабудаваны ў 2003 годзе. Галоўным абразам у ім, безумоўна, з'яўляецца абраз святых Царственных Страстацерпцаў. Усе расстраляныя члены царскай сям'і Мікалая ІІ у 2000-м былі кананізаваны Рускай Праваслаўнай Царквой. Тут жа і музей, прысвечаны жыццю царскай сям'і, праўленню Мікалая ІІ і яго пагібелі. Цікава, што шматлікія экскурсіі па гістарычных месцах Екацярынбурга — бясплатныя, па жаданні турысты пакідаюць ахвяраванні на развіццё царквы, музея. Самай дарагой экскурсіяй за наша падарожжа стала наведванне зусім нязнакавай экспазіцыі экзатычных матылькоў — 300 рублёў з чалавека (каля 60 тысяч на нашы грошы).  

Уральскія канікулы

У сямнаццаці кіламетрах ад Екацярынбурга, у месцы пад назвай Ганіна Яма, размясціўся манастыр у гонар Царственных Страстацерпцаў — яшчэ адно сведчанне страшэнных падзей 1918 года. У ноч з 16 на 17 ліпеня на закінутую рудніковую шахту прывезлі целы семярых членаў царскай сям'і, чатырох іх прыдворных і нават забітых разам з гаспадарамі пакаёвых сабачак. Іх скінулі ў шахту ў надзеі затапіць там. Але целы не танулі. У шахту кінулі гранату, але яна так і не падарвалася. Давялося выцягваць целы на паверхню і знішчаць іншым чынам. Іх рассеклі на кавалкі, аблілі сернай кіслатой і спальвалі на вогнішчах. З-за непрадугледжаных абставін забойцам прыйшлося вазіцца з трупамі двое сутак. Але сляды так і не замялі. Час ад часу на месцы злачынства з'яўляліся няпрошаныя сведкі, не згарэлі некаторыя часткі адзення, упрыгожанні. Царыца і княжны незаўважна ўшылі ў сваю бялізну каштоўнасці, з гэтай прычыны пры расстрэле ад іх адскоквалі кулі, расстрэльная каманда дабівала іх штыкамі. Некаторыя з гэтых упрыгожанняў засталіся цэлымі нават у агні.

Сёння на тэрыторыі манастыра у Ганінай Яме размясціліся сем храмаў, адзін з іх — у гонар святых Царственных Страстацерпцаў — адзіны ў свеце храм з сямнаццаццю купаламі (яны сімвалізуюць дату расстрэлу царскай сям'і). На тэрыторыі манастыра ёсць помнік Мікалаю ІІ, помнік яго жонцы, імператрыцы Аляксандры Фёдараўне, усталявалі за тыдзень да нашага прыезду ў Ганіну Яму. Доўгі стэнд фотаздымкаў з альбома царскай сям'і расказвае пра іх будні. Размешчана там і экспазіцыя фотаздымкаў з жыцця манастыра. На месцы той самай шахты стаіць памінальны дубовы крыж, падараваны Ганінай Яме спявачкай Вікай Цыгановай.

У 1991-м і 2007-м пры раскопках на месцы бліз Ганінай Ямы былі знойдзены чалавечыя астанкі. Здагадкі і генетычныя экспертызы сцвярджаюць, што яны належаць членам царскай сям'і. Але праваслаўная царква не прызнае знойдзеныя астанкі мошчамі святых страстацерпцаў. Ды і даказаць іх прыналежнасць цяпер проста немагчыма. Спрэчным застаецца і пытанне пра тое, хто даў загад расстраляць сям'ю. Захаваліся дакументальныя сведчанні пра тое, што рашэнне на месцы прыняў Уральскі Савет, а відныя дзеячы партыі (напрыклад, Троцкі) сцвярджалі, што рашэнне прымалі Ленін і Свярдлоў. Ды і самі Ленін і Свярдлоў ніколі не адмаўлялі гэтага, прынамсі, не шкадавалі пра ўчыненае. Надзея Крупская ў сваіх успамінах пісала: "Чэхаславакі сталі падыходзіць да Екацярынбурга, дзе сядзеў у заключэнні Мікалай ІІ. 16 ліпеня ён і яго сям'я былі намі расстраляныя...". Сагнаўшы іх у падвал, царскай сям'і так і паведамілі: "Вашыя сябры хацелі дапамагчы вам вызваліцца, і мы расстраляем вас".

Экскурсіі ў Ганінай Яме таксама праводзяць бясплатна ці за сімвалічнае ахвяраванне. З гарадскога вакзала туды адвязе аўтобус. І цэлы дзень у манастыры праходзіць незаўважна. Падсілкавацца посным абедам заўсёды можна ў тамтэйшай трапезнай.

ЗАПРАЎКА КАРТРЫДЖАЎ  У АРХІТЭКТУРНЫМ ПОМНІКУ

Екацярынбург — стары горад не толькі таму, што вядзе сваё летазлічэнне з 1723 года, але і па выглядзе. У Вялікую Айчынную вайну да Свярдлоўска (так горад называлі раней) не дайшлі немцы. Сюды звезлі абарончую прамысловасць з усяго Савецкага Саюза. У радаслоўнай кожнай мясцовай сям'і ёсць хоць адзін завадчанін. Дахавым жалезам, вырабленым у Екацярынбургу, у свой час пакрывалі дах будынка брытанскага парламента. Каркас амерыканскай Статуі Свабоды таксама зроблены з екацярынбургскага жалеза. Сёння вытворчасць скарачаецца, рабочых звальняюць тысячамі, заводы драбнеюць. Горад не быў разбураным у вайну і таму не перабудоўваўся. Тут маленькія вуліцы і вузкія праспекты, тут захаваліся старыя прыгожыя дамы і старажытныя сядзібы заможных родаў. Іх так шмат, што ў кожным музей не арганізуеш. Напалову цагляны, напалову з бярвення дом ХІХ стагоддзя выкарыстоўваецца пад офісы. На ім красуюцца стракатыя шыльды "Запраўка картрыджаў", "Адзенне".

Вядомая сядзіба Растаргуевых-Харытонавых (канец ХVІІІ — пачатак ХІХ стагоддзяў) з савецкіх часоў стала Домам піянераў, і сёння там размяшчаюцца дзіцячыя гурткі. Калідоры, драўляныя прыступкі, аркі, двор і выхад у прылеглы парк захавалі дух таго часу. Але, падаецца, гэта адчуваем толькі мы, госці, для сваіх тут даўно Палац дзіцячай і юнацкай творчасці. Парк, таксама некалі ўласнасць Растаргуевых-Харытонавых, завуць харытонаўскім, узнясенскім (побач храм Ушэсця), дзіцячым (прылягае да Дома піянераў) ці паркам кахання, бо з ім звязана легенда. Дачка купца Растаргуева закахалася ў прыгоннага. Бацька, безумоўна, быў супраць. Не ўбачыўшы выйсця, яна патапілася ў паркавым возеры. Кажуць, цяпер яе дух прыносіць згоду і моц пачуццяў закаханым парам. На возеры стаіць альтанка, пабываць у якой лічаць сваім абавязкам усе закаханыя. Але вось возера ды парк выглядаюць так, быццам апошні раз там прыбіраўся сам Растаргуеў. Апалае лісце ніхто не змятае, дарожкі не прыбіраюць (калі гэтыя патрэсканыя кавалкі асфальту з ямкамі можна назваць дарожкамі), у парку ляжыць некалькі старых паваленых дрэў, і гараджане ўжо прывыклі выкарыстоўваць іх замест лавак.

Старыя рубленыя будынкі зносяць, як некалі дом Іпацьва, каб на іх месцы будаваць навамодныя бізнэс-цэнтры. Высокія шкляныя навабуды зусім не ўпісваюцца ў архітэктуру горада, і жыхары даюць ім крыўдныя непрыстойныя назвы. Адзін з такіх цэнтраў мае толькі афіцыйных дзве назвы: "Антэй" і "Высоцкі". Уладальнік гэтага шматпавярховага бізнэс-цэнтра — вялікі аматар творчасці Уладзіміра Сямёнавіча. Здалёк на высокім будынку бачная расцяжка "Высоцкі" з подпісам артыста. На ганку бізнэс-цэнтра — бронзавы помнік з выявай Уладзіміра Высоцкага і Марыны Владзі. А на першым паверсе — экспазіцыя: пасмяротная маска артыста, славуты вязаны світар, у якім ён іграў Гамлета, мадэль сцэны з дэкарацыямі да "Гамлета" і грымёрны столік артыста з пасведчаннем аб перадачы прадмета мэблі з тэатра на Таганцы дырэктару бізнэс-цэнтра. На дваццаць другім паверсе "Антэя" — аглядная пляцоўка, адкуль адкрываюцца краявіды Екацярынбурга.

ГЕНА БУКІН ПА СУСЕДСТВЕ З МАЙКЛАМ ДЖЭКСАНАМ

Славутасцю ўральскай сталіцы з'яўляецца нават 220-метровая недабудаваная тэлевізійная вежа, якая нагадвае шахматнага ферзя. Недабудавалі вежу на 140 метраў: скончылася фінансаванне, будаўніцтва замарозілі, пасля ўжо запатрабаваўся рамонт, будынак хацелі знесці і ўсё ж пакінулі, ці то спадзеючыся дабудаваць, ці каб паказваць турыстам: "А гэта наша недабудаваная тэлевежа".

У горадзе шмат бронзавых скульптур кшталту нашых "Дамы з сабачкам" на Камароўцы, "Гараджанкі" ў Міхайлаўскім скверы. Але там для ўвекавечвання выбіраюць пэўных асоб. Так, акрамя помніка Высоцкаму, на пешаходнай вуліцы Вайнера адзін за адным стаяць помнікі Астапу Бэндэру, Гену Букіну (галоўны герой гумарыстычнага серыяла, дзеянне якога адбываецца ў Екацярынбургу), Майклу Джэксану. Ёсць у горадзе незвычайны контурны помнік гурту "Бітлз". Асаблівы гонар екацярынбуржцаў — помнік клавіятуры. Але, не будзь гэта Расія, тут увесь час не хапае нейкіх кнопак — людзі расцягваюць літары свайго імя. Ніхто не разумее, дзе можна захоўваць вялікі каменны куб, але кнопкі працягваюць знікаць. Пермскае кіраўніцтва нават папракае екацярынбургскіх калег і пагражае забраць помнік пад сваю ахову. На днях у горадзе з'явіўся новы помнік — крэдытнай картцы, бронзавая картка важыць сто кілаграмаў. Улічваючы, што Екацярынбург занесены ў "Кнігу рэкордаў Гінэса" як горад з самым вялікім ужываннем маянэзу на душу насельніцтва, мяркую, помніка маянэзу там дакладна не хапае.

У горадзе, як і па ўсёй Расіі, шмат цэркваў: і вялікіх, манументальных, сапраўдных твораў мастацтва, і маленькіх каплічак. Яны нават стаяць побач, не замінаючы адна адной, не канкуруючы — для кожнай знойдзецца свой прыхаджанін. У горадзе ёсць мячэці (у Екацярынбургу вялікая мусульманская абшчына), пратэстанцкая царква, сінагога. Але няма ніводнага касцёла. Каталіцызм не дайшоў да ўральскіх земляў.

У Екацярынбургу прадстаўлены ўвесь гарадскі транспарт: ад метро да таксі, але самым распаўсюджаным сродкам руху тут застаецца трамвай: функцыянуе 29 маршрутаў (для параўнання, у Мінску 9). Плануецца будаўніцтва лініі хуткаснага трамвая. Але трамвайны састаў такі, які ў нас даўно з'яўляецца музейным экспанатам. Па горадзе ходзяць толькі старыя савецкія ці чэхаславацкія "лупатыя" мадэлі — гэта з іх у мульціку малявалі паравозік з вялікімі круглымі вачыма. Чаму б расіянам не закупіць нашы "белкамунмашы"? Большасць екацярынбуржцаў даўно пераселі на машыны — нават у гадзіну пік у гарадскім транспарце ёсць пустыя месцы.

Надвор'е ў Екацярынбургу капрызнае і зменлівае. Лета тут кароткае, але ўражлівае. Першы тыдзень нашага адпачынку пякло +35 па Цэльсію. А пасля скокнула да +15, што з хаты без курткі не выйсці. Прырода за горадам незвычайная. Лясы — ці чыстыя бярэзнікі, ці роўненькія сасоннікі. А бярозы — белыя-белыя, такіх у Беларусі я не бачыла, сосны — стройныя-стройныя, адна пад адну, як на паказе мод. Так званыя Уральскія горы да гэтай пары амаль не захаваліся і ўяўляюць скалістую бакавіну ўздоўж шашы вышынёй у метр-паўтара, на якой і растуць лясы. Згодна з геаграфічным размяшчэннем, сам Екацярынбург знаходзіцца ў Азіі. Недалёка ад горада па маскоўскай трасе ёсць навялічкі турыстычны комплекс пад назвай "Еўропа-Азія". Тут праходзіць мяжа паміж двух кантынентаў, адной нагой можна стаяць у Еўропе, другой — у Азіі. Комплекс мае намеры расці: тут запланавана будаўніцтва гатэля, рэстарана, спартыўнага комплексу. "Еўропа—Азія" — якраз па дарозе на дачу нашых сваякоў (тут дачы чамусьці завуць "сад"), атрымліваецца, жывуць яны ў Азіі, на дачу ездзяць у Еўропу.

Екацярынбург — цудоўны горад са сваім непаўторным духам. І я рада, што не прамяняла яго ні на Еўропу, ні на мора. Я сустрэла там шмат добрых людзей. Але вобраз "безадказных дзікуноў", які ўразіў мяне ў першы дзень, нікуды не знік.

КРАІНА ЗАПЛЮШЧАНЫХ ВАЧЭЙ

Як аказалася, я ніколі раней не была ў Расіі (школьная паездка на Крамлёўскую елку — не ў лік) і заўсёды думала, што там гэтак жа, як і ў нас. Ажно не. Там робіцца ўсё, як кажуць расіяне, "спустя рукава", па-нашаму — заплюшчыўшы вочы.

Вочы заплюшчваюць на свой жа дабрабыт. Хачу і раблю (ці не раблю), а далей будзь, што будзе.

На гарадскіх вуліцах у Екацярынбургу няма разметкі. Спачатку я думала, што дарогі свежыя і яе не нанеслі, пасля — што там не прынята падказваць кіроўцам правілы. Аказалася, некалі разметка была, але з цягам часу сцерлася, і нікому не прыходзіць у галаву, што яе трэба нанесці зноў. Дзе пераходзіць дарогу — усё роўна. "Зебры" не відаць, машыны не саступаюць — гараджане перабягаюць дарогу дзе папала. На маіх вачах машына збіла хлопца-веласіпедыста. Пры аднапалосным руху кіроўцы ўмудраюцца выстройвацца ў два шэрагі, яшчэ і абганяць злева па сустрэчцы.

Людзі там любяць размаўляць пра палітыку, ганіць уладу. Таксіст, толькі пачуўшы, што мы не мясцовыя, пачынае выказваць душу. Ён раскажа тое, чаго мы ніколі не пачуем па тэлебачанні. У народа набалела: краіна развальваецца, а вярхі толькі нажываюцца. Карупцыя ў Расіі квітнее. Закон перайменавання міліцыі ў паліцыю толькі пацягнуў за сабой дзяржаўныя выдаткі (на новае абмундзіраванне, пераафармленне і г. д.) і выдаткі саміх мілі-паліцыянтаў. Ідэя пра тое, што пераатэстацыю пройдуць толькі самыя лепшыя (горшым не месца ў паліцыі) на мясцовых узроўнях перарасла ў ідэю "пераатэстацыю пройдуць толькі самыя багатыя". Існуюць негалосныя тарыфы: чым большае званне, тым больш "каштуе" пераатэстацыя. Палка распавядаў таксіст і пра тое, як спрабаваў адкрыць свой бізнэс і яго "задушылі", і пра тое, як марыць вывезці сына ў іншую краіну, бо тут перспектыў няма.

Цяпер я разумею захапленні іншаземцаў "чыстым Мінскам". Цягам двух тыдняў я ні разу не бачыла дворніка ў Екацярынбургу, затое я кожную раніцу бачыла, выходзячы з дому, адну і тую ж кучу смецця — ужо вывучыла надпісы ўсіх абгортак, іх так ніхто і не прыбраў. Мы жылі ля заапарка, побач выгульвалі коней. Вы думаеце, за імі ходзяць з шуфлікам, як у Еўропе за сабакамі? Не, там паўсюль кучы конскага памёту. Іх ніхто не прыбірае.

Старажытны горад са сваёй захаванай непаўторнай архітэктурай увесь распісаны графіці і проста дурацкімі надпісамі. Ад непрыстойнасцяў, якія раней пісалі на плоце, расіяне адышлі. Але прыгажосці іх крывыя, няхай сабе і цэнзурныя, а часцей бессэнсоўныя, надпісы не надаюць. Іх ніхто не змывае, не зафарбоўвае.

Прыпынкі ў транспарце аб'яўляе кіроўца з такім шыпеннем, што разабраць гэта проста немагчыма, а пусціць назву прыпынку бягучым радком не здагадваюцца. Там ніхто не клапоціцца пра чалавека. Аднойчы мы засведчылі аварыю на рэйках, едучы ў трамваі. Прастаялі больш за гадзіну, чакаючы прыезду ДАІ і разборку. Яны не паспяшаюцца і не здагадаюцца зрабіць замеры ды адагнаць транспарт убок, каб вызваліць рух — трамваі не аб'едуць. Там не вельмі лічацца з чалавекам. І апраўданне ў многіх адно: "Дык мы ж расіяне".

Яны стагоддзямі жылі так — і не змяніліся. Гэта ўсё тыя ж, якія спачатку расстраляюць царскую сям'ю разам з дзецьмі, а пасля будуць шукаць вінаватага; спачатку разбураць гістарычны помнік, а потым будуць шкадаваць; спачатку скрадуць частку экспазіцыі, а пасля будуць думаць, навошта і куды падзець; спачатку кінуць смецце, а пасля паскардзяцца на брудны горад. І кожны з іх, я ўпэўнена, не адзін раз быў па розныя бакі барыкад: спачатку браў хабар, пасля прыходзілася даваць; спачатку руйнаваў дарогу, а пасля ездзіў па ёй; спачатку не прапускаў пешахода, а пасля быў падбіты. Але многія так і не зразумелі, што ўсё гэта спараджаюць яны самі. Ці ведаюць і проста не хочуць мяняцца?

А мы наколькі іншыя?

Таццяна САЛДАЦЕНКА.

←Руководителей элитных мебельных салонов Минска обвинили в неуплате налогов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика