РОЗГАЛАС
У Магілёўскай вобласці панізіўся кошт на абутак для школьнікаў і дашкольнікаў.
Напярэдадні новага навучальнага года, паводле рэкамендацыі старшыні Магілёўскага аблвыканкама Пятра Рудніка і абласнога ўпраўлення гандлю, гандлёвая надбаўка на дзіцячы абутак беларускай вытворчасці не павінна перавышаць 25%. Звычайна надбаўка вагаецца ў розных гандлёвых прадпрыемствах ад 30 да 40%, і яна ўвогуле не рэгулюецца дзяржавай. Аднак мясцовая ўлада палічыла школьны і дашкольны абутак сацыяльна значным таварам, а зніжэнне кошту на яго — мерай абароны насельніцтва. Скідка дазволіць зэканоміць на пары абутку некалькі дзясяткаў тысяч рублёў — і гэта асабліва датычыцца восеньскага і зімовага асартыменту. Можа, і не самая вялікая сума, але ўсё ж прыемная навіна для бацькоў, заклапочаных фінансаваннем экіпіроўкі школьнікаў.
Ілона Іванова.
У Бераставіцкім раёне загінуў памежнік У панядзелак каля 11 гадзін на 172-м кіламетры аўтадарогі "Баранавічы—Гродна" адбылося лабавое сутыкненне "Газэлі" пагранслужбы і "Фальксваген-Пасата", паведамляе ДАІ Гродна і Гродзенскай вобласці. Адзін з пасажыраў аўтамабіля "ГАЗ" загінуў, яшчэ чатыры чалавекі разам з абодвума кіроўцамі знаходзяцца ў бальніцы. Пашчасціла толькі няпоўнагадоваму пасажыру "Фальксвагена", якога ўрачы пасля агляду адпусцілі дадому. Цягнік сутыкнуўся з аўтамабілемЦягнік Рыга—Мінск сутыкнуўся з аўтамабілем "Аўдзі". ДТЗ адбылося на станцыі Аляхновічы.
Кіроўца службовага аўтамабіля "Аўдзі", мясцовы жыхар, на чыгуначным пераездзе, абсталяваным спраўнай светлавой і гукавой сігналізацыяй, паехаў на чырвоны сігнал святлафора. У выніку сутыкнуўся з цягніком. Са шматлікімі раненнямі кіроўца аўтамабіля дастаўлены ў бальніцу. Цягнік Рыга—Мінск затрымаўся на 2 гадзіны 11 хвілін. Па прычыне гэтага ДТЗ быў затрыманы рух яшчэ чатырох цягнікоў.
Аўтобус збіў веласіпедыстаУ другой палове дня ў панядзелак кіроўца аўтобуса збіў веласіпедыста, які пераходзіў вуліцу ў забароненым месцы. Ад атрыманых траўмаў малады чалавек памёр на месцы.
Як паведамілі "Звяздзе" ў ДАІ Мінгарвыканкама, мужчына 1964 г.н. на аўтобусе "Сетра" рухаўся па вуліцы Скарыны ў кірунку МКАД. На перакрыжаванні з вуліцай Жасмінавай ён наехаў на мужчыну 1984 г.н., які з веласіпедам пераходзіў вуліцу па-за пешаходным пераходам. Веласіпедыст ад атрыманых траўмаў памёр на месцы.
Алена КРАВЕЦ.