Сяргей Маскевіч: "Імідж прафесіі педагога — тэма выключнай важнасці"
Сяргей Маскевіч: "Імідж прафесіі педагога — тэма выключнай важнасці"

— Прэзідэнт чакае ад нас шчырай, максімальна прадметнай і актуальнай дыскусіі, а не нейкіх пафасных справаздач, — падкрэсліў у гутарцы з журналістам "Звязды" міністр адукацыі нашай краіны Сяргей Маскевіч. — Мушу канстатаваць, што многія праблемныя пытанні ўзнімаюцца ў розных аўдыторыях і на розных трыбунах настолькі часта, што ад іх папросту сталі адмахвацца. Аднак калі мы не зможам разам знайсці на іх адказ, знайсці шляхі вырашэння праблем, то далей рухацца будзе праблематычна. Напрыклад, калі мы спрабуем ахарактарызаваць якасць і эфектыўнасць работы навучальных устаноў, то, як правіла, спасылаемся на колькасныя паказчыкі: гадавыя і экзаменацыйныя адзнакі, працэнт паступлення выпускнікоў у ВНУ, вынікі ўдзелу вучняў у рэспубліканскіх і міжнародных прадметных алімпіядах... Але ці заўсёды апраўданы такі падыход? Якімі намаганнямі і выдаткамі (эканамічнымі, фізічнымі, псіхалагічнымі, педагагічнымі) дасягаюцца гэтыя вынікі? Дзякуючы дэмаграфічнай сітуацыі стаць студэнтам ВНУ становіцца ўсё прасцей з кожным годам.
Так, сёлета колькасць выпускнікоў агульнаадукацыйных школ зменшылася на 13 тысяч. І ў наступныя гады яна таксама будзе змяншацца. Нават не ўсе бюджэтныя месцы ў ВНУ нам сёлета ўдалося запоўніць. А з улікам магчымасці атрымліваць вышэйшую адукацыю на платнай аснове конкурс на ўваходзе ў ВНУ ў хуткім часе ўвогуле можа знікнуць... Значыць, гэты крытэрый ужо страціў сваю актуальнасць. Упэўнены, што трэба з новых пазіцый паглядзець на вынікі адукацыйнай дзейнасці і ўвогуле на праблемы якасці адукацыі. Патрабуюцца новыя крытэрыі, паказчыкі, канкрэтныя вымяральнікі эфектыўнасці дзейнасці навучальных устаноў і работы кожнага канкрэтнага педагога. На якія паказчыкі трэба нацэльваць педагагічны калектыў? У пагоні за эксперыментамі і інавацыямі ўнутраны змест адукацыі ні ў якім разе не павінен адыходзіць на другі план.
А як, напрыклад, ацэньваць якасць выхаваўчай работы? Толькі па адсутнасці сярод вучняў курцоў ці па адсутнасці здзейсненых школьнікамі правапарушэнняў? А можа быць, па колькасці здадзенай вучнямі школы макулатуры? Нельга скідваць з рахункаў і эканамічную эфектыўнасць дзейнасці сістэмы адукацыі. Давайце разам прааналізуем: а ці рацыянальна мы выкарыстоўваем бюджэтныя сродкі? Адукацыя становіцца ўсё больш дарагой. Ці трэба нам захоўваць усю сетку ліцэяў і каледжаў, ці трэба дубляваць падрыхтоўку па пэўных спецыяльнасцях у многіх сярэдніх спецыяльных навучальных установах і ВНУ? У краіне прыкладна трэцяя частка тых, хто атрымаў вышэйшую адукацыю, працуе не па сваёй спецыяльнасці ў іншых сферах! І гэта таксама паказчык эфектыўнасці работы сістэмы адукацыі. На жаль, не ўсім удаецца адразу на выхадзе са школы вызначыцца з выбарам прафесіі на ўсё жыццё. І не ўсе могуць сабе шчыра прызнацца ў здзейсненай памылцы, каб своечасова яе выправіць. Таму, напэўна, пытанні прафесійнай арыентацыі моладзі актуальныя сёння як ніколі раней. Мы бачым, што па многіх спецыяльнасцях трэба прыводзіць план набору ў адпаведнасці з рэальнымі патрэбамі рынка працы. Таму што нават калі студэнт і гатовы плаціць за сваё навучанне, то адразу пасля заканчэння ВНУ перад ім востра паўстане пытанне: дзе знайсці працоўнае месца? У той час як у іншых сферах адчуваецца кадравы голад... Працэсамі размеркавання моладзі па розных каналах навучання і падрыхтоўкі трэба кіраваць больш прынцыпова. Мяркую, што школа павінна навучыць дзяцей, асабліва старшакласнікаў, адэкватнай самаацэнцы, пераканаць дзіця і яго бацькоў знайсці іншы шлях прафесійнага самавызначэння, паказаць яму высокую запатрабаванасць рабочых прафесій.
— Яшчэ колькі гадоў таму настаўнік, асабліва сельскі, быў бясспрэчным аўтарытэтам і для дзяцей, і для бацькоў сваіх вучняў. З настаўнікам звязвалася ўсё самае перадавое і прагрэсіўнае. Яго ўшаноўвалі і аберагалі. Было няпісанае правіла: пра настаўніка не гаварыць дрэнна. Аднак апошнім часам прыцягальнасць прафесіі педагога пачала імкліва зніжацца. Калі меркаваць па рэдакцыйнай пошце, то вялікая колькасць школьных педагогаў расчаравалася ў абранай прафесіі. Прычым яны ўвогуле не жадаюць, каб іх дзеці падоўжылі педагагічную дынастыю. На сумныя высновы наводзяць і вынікі прыёмнай кампаніі ў флагмане беларускай педагогіцы — Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце...
— Імідж прафесіі педагога ў грамадстве — тэма выключнай важнасці. Як і якасны адбор прэтэндэнтаў на навучанне на педагагічных спецыяльнасцях. У настаўніцкай прафесіі не павінна быць выпадковых людзей. На жаль, але даводзіцца канстатаваць, што ў апошнія гады месца навучання ўсё часцей выбіраецца маладымі людзьмі не свядома, а стыхійна, зыходзячы з шанцаў быць залічанымі. Аднак мяркую, што трэба ўстанаўліваць для прэтэндэнтаў на атрыманне прафесіі настаўніка пэўныя бар'еры на ўваходзе, каб не было такіх прыкрых выпадкаў, калі студэнтамі педагагічнай ВНУ становяцца абітурыенты з некалькімі баламі ў сертыфікатах ЦТ. Вядома, калі студэнты не могуць выканаць патрабаванні вучэбных праграм, іх абавязкова адлічваюць. Ніхто не стане ахвяраваць якасцю адукацыі і рэпутацыяй навучальнай установы. І ўсё ж такі такія факты нельга дапускаць, бо ад гэтага церпіць імідж прафесіі педагога. Нельга пераўтвараць педагагічныя спецыяльнасці ў "запасны аэрадром" для маладых людзей, якім трэба толькі атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыі. Ад узроўню інтэлекту і прафесійнага майстэрства настаўнікаў у многім залежыць якасць падрыхтоўкі будучых інжынераў, урачоў, эканамістаў, юрыстаў — гэта значыць, тых спецыялістаў, якія вызначаюць аблічча ўсёй краіны.
Фізіка з'яўляецца базавай дысцыплінай для ўсіх тэхнічных спецыяльнасцяў. І калі ў школе не будзе моцнага педагога, то адкуль могуць быць веды ў выпускнікоў? А што мы назіраем сёння падчас прыёмнай кампаніі? І належным запасам ведаў абітурыенты не могуць пахваліцца, і колькасць ахвотных паступаць на фізічны факультэт меншая за колькасць бюджэтных месцаў. Безумоўна, фізіка — няпросты прадмет. І праблемы з засваеннем дакладных навук характэрныя не толькі для нашых школьнікаў. І ўсё ж такі я ўпэўнены, што менавіта ад настаўніка залежыць, ці зможа ён захапіць сваім прадметам вучняў, ці зможа сфарміраваць у іх матывацыю да навучання. Калі б не было ў нашых школах Педагогаў з вялікай літары, то і перамог беларускіх школьнікаў на міжнародных алімпіядах па фізіцы не было б. Між іншым, сёлета нашы школьнікі заваявалі ў Бангкоку залаты медаль, два сярэбраныя і два бронзавыя. Гэта перамога не толькі дзяцей, але і іх педагогаў.
— Сяргей Аляксандравіч, прызнайцеся, ці хвалюе вас выключна "жаночы твар" беларускай педагогікі?
— Гэта таксама адно з наступстваў зніжэння прэстыжу прафесіі настаўніка ў нашым грамадстве. Ролю мужчыны-педагога ў школе вельмі цяжка пераацаніць. Колькасць няпоўных сем'яў пастаянна расце, у многіх сем'ях бацька свядома адхіляецца ад выхавання дзяцей. Асабліва ад гэтага церпяць хлопчыкі. А школьны настаўнік становіцца для іх і сябрам, і дарадцам, і старэйшым братам, і нават бацькам. Той факт, што мужчыны-педагогі, як правіла, карыстаюцца аўтарытэтам і сярод вучняў, і сярод бацькоў, тлумачыцца, напэўна, тымі абставінамі, што ў школе засталіся працаваць толькі тыя педагогі-мужчыны, якія калісьці здзейснілі свядомы прафесійны выбар і далей ад свайго выбару ў жыцці не адмаўляюцца. Педагогіка — гэта іх прызванне, і яны ў школе — невыпадковыя людзі. Праўда, педагогаў-мужчын і сапраўды становіцца ў школах усё менш, мужчыны не жадаюць ісці ў школу працаваць. Мяркую, што ўраду варта задумацца аб мерах матэрыяльнага заахвочвання, якія дапамогуць прывесці ў школу новых настаўнікаў-мужчын і ўтрымаць тых мужчын, якія пакуль яшчэ там працуюць.
— Апошнім часам у краіне ўзяты курс на дэбюракратызацыю, аднак школу дэбюракратызацыя быццам бы і не закранула. Хутчэй, наадварот: інфармацыю ў школе збіраюць раённыя кіраўніцтвы адукацыі, аховы здароўя, культуры, а таксама ваенкаматы, міліцыя, МНС, БРСМ, спарткамітэты і мноства іншых арганізацый, якія выкарыстоўваюць школьных настаўнікаў для вырашэння ўласных праблем. Настаўнікі скардзяцца, што папяровы бюракратызм ужо пераўтварыўся ў пагрозу для іх фізічнага і псіхічнага здароўя. Для зносін з вучнямі часу проста не застаецца. Да таго ж з-за сваёй перагружанасці настаўнікі вымушаны ахвяраваць самаадукацыяй і ўласным развіццём...
— Асноўная задача настаўніка — вучыць дзяцей, таму трэба вызваліць яго ад выканання ўсіх неўласцівых яму функцый, у тым ліку ад напісання шматлікіх даведак і справаздач. Вялікая колькасць дакументацыі, якую даводзіцца афармляць педагагічным работнікам, з'яўляецца сур'ёзнай праблемай для ўстаноў адукацыі. Аднак уклад Міністэрства адукацыі ў гэты паперазварот — мінімальны. Самая вялікая колькасць папер прыходзіць не з міністэрства, не з упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, а з райвыканкамаў. У многіх выпадках справаздачы рыхтуюцца ўвогуле на падставе вусных распараджэнняў работнікаў органаў кіравання адукацыяй ці пісьмовых указанняў зверху. Пры гэтым справаздачы носяць пераважна інфармацыйны характар і не могуць выкарыстоўвацца для аналізу адукацыйнага працэсу. Гэта інфармацыя ў большай ступені з'яўляецца схаванай формай пастаяннага кантролю кіруючых структур за работай устаноў адукацыі па розных напрамках дзейнасці. Міністэрствам адукацыі былі падрыхтаваны метадычныя рэкамендацыі па распрацоўцы гадавога плана і падрыхтоўцы справаздачнасці, скіраваныя на выключэнне залішняй бюракратыі на месцах. Але, відаць па ўсім, сітуацыя карэнным чынам не змянілася. Значыць, і тут нам ёсць над чым працаваць. Трэба, каб усе зразумелі, што калі мы будзем нацэльваць настаўніка адначасова і на выкананне плана па зборы металалому і макулатуры (гэтым павінны займацца грамадскія арганізацыі), і на запаўненне шматлікіх папер і справаздач, то для індывідуальнай работы з вучнем часу ў яго ніколі не знойдзецца. А без індывідуальнай работы з вучнямі пра якую эфектыўнасць педагагічнай дзейнасці можна весці размову? На які вынік прэтэндаваць?
Адным словам, праблем зашмат. Мяркую, што беларускія настаўнікі будуць удзячныя прэзідэнту за тое, што ён прыняў такое рашэнне — адкрыта і чэсна аб усім пагутарыць. Сёння ўсім нам патрабуецца пераасэнсаванне таго, што адбываецца не толькі ў школе, але і ва ўсёй сістэме адукацыі.