Памідор і агурок
Памідор — паўднёвая расліна са смачнымі салодка-кіслымі пладамі. Усходнія славяне сталі вырошчваць памідоры з канца XVІІІ стагоддзя, і ім хутка спадабалася гэта даволі капрызная цеплалюбівая расліна, якую трэба было пастаянна захоўваць ад ранішніх туманаў. У адным з паданняў распавядаецца пра тое, што раней памідоры вырошчвалі дзеля прыгожых жоўтых кветак. Адзін кухар вырашыў прыгатаваць страву з пладоў памідораў, каб атруціць ворага. Але атрымалася ўсё наадварот — страва яму вельмі спадабалася.
Словы пры пасадцы памідораў
Калі саджаеце ў грунт калівы памідораў, скажыце:
"Як лес густы, так і мой куст. Святы Пётр, святы Ілля, мае памідоры і я. У імя Айца і Сына і Святога Духа. Амін".
Агуркі — цеплалюбівая расліна. Трэба было правільна выбраць час для пасадкі агуркоў: рана пасееш — замерзнуць, позна — не будзе ўраджаю. Каб праверыць, што агуркі не замерзнуць, рабілі так: калі мокрая ануча заледзянее ўначы на вуліцы — саджаць агуркі нельга.
Пасадку агуркоў параўноўвалі са з'яўленнем лісця і пупышак на бярозе: "Калі стане ліст у капейку на бярозе — сей агуркі".
Лічылася, што агуркі, пасаджаныя ў посны дзень (серада, пятніца), не народзяць.
Саджалі агуркі ўпотай ад хатніх і суседзяў, раніцай, пакуль каровы яшчэ ляжаць у хляве.
Асабліва ахоўвалі ад зайздрослівага вока першую пасаджаную граду агуркоў, а тым больш першы знойдзены агурок. Яго звычайна закопвалі на градцы, быццам бы ахвяравалі, каб града прыносіла добры ўраджай аж да зімовых маразоў.
Каб агуркі былі салодкія, падчас іх пасеву муж і жонка станавіліся насупраць адно аднаго праз градку і цалаваліся.
Абярэг на агарод
У добрае надвор'е, калі відаць зоры, абыдзіце агарод крыж-накрыж і скажыце: "Зямля нарадзіла, зямля ўзнагародзіла, зямля абагаціла. А Маці Божая, захоўвай. Амін".
Абярэг на агарод: "Госпадзі, памагі. Будзь агароджай для майго агарода, майго саду, маёй зямлі. Ніхто тую агароджу не пяройдзе, зямліцы не папсуе. Няхай будзе так. Амін".
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.