Ілюзія другога жыцця
Пра каго любіць народ глядзець па тэлевізары? Вядома, пра сваіх любімых артыстаў. А тэлевізійшчыкі стараюцца: каб паболей сямейных ды інтымных падрабязнасцяў, каб буйным планам паказаць новых жонак ды новых дзяцей куміраў як цяперашніх, так і перыяду развітога сацыялізму. І вось ужо Валерый Залатухін хваліцца, што яго сынок сёлета пойдзе ў першы клас. Алег Табакоў трапляе на першыя старонкі ўплывовых газет, калі ўсёй сям'ёй накіроўваецца на ўласны юбілей. Новай сям'ёй, вядома. Пра былых жонак мэтраў, якія прысвяцілі ім маладосць, выгадавалі дзяцей, нідзе не гаворыцца. Быццам бы іх і не было.
Крый Божа каго-небудзь асуджаць за асабістае жыццё. Кожны жыве, як лічыць патрэбным. Мы ж не ведаем падрабязнасцяў, нюансаў, таго, што можа зрабіць гісторыю любой сям'і пеклам альбо раем. Але паказваць гэта, смакаваць на старонках газет, па сутнасці, рабіць набыткам шырокіх народных мас ці варта?
Такая "прапаганда", як паказвае вопыт, аказваецца надзіва дзейснай. Цяпер жа ні для каго не сакрэт, чаму столькі правапарушэнняў адбываецца ў асяродку падлеткаў і моладзі. Калі першы раз паказалі тэлесерыял "Брыгада", аператыўнікі затрымлівалі групы падлеткаў, якія гулялі ў "брыгаду", не заўсёды бяскрыўдна гулялі. Так і тут. Паглядзіць-паглядзіць чалавек на іншых, а думка пра магчымасць паўтарэння вопыту недзе засядзе глыбока ў падсвядомасці. Потым яна там абжывецца, з часам паспее. І ўсё часцей то тут, то там чутно, што паспяховы кіраўнік ці спецыяліст, да гэтага амаль узорны сямейнік, у пяцьдзесят з плюсам развёўся з жонкай і ажаніўся з маладой. Знаёмы сюжэт. Бывае, вядома, што новая ячэйка грамадства шчасліва пражыве, выгадуе адно-дваіх дзяцей...
Так прырода распарадзілася, што мужчына і ў гэтым узросце можа займець сям'ю, завесці дзяцей. Такім чынам ствараецца ўражанне, што жыццё магчыма пражыць два разы. Вось многія і хапаюцца за гэтую ілюзію. Жанчыне ж такога не дадзена. Таму сыход мужа з сям'і, дзе выраслі дзеці, часта выглядае як банальная здрада. Трэба сказаць, што лёс нярэдка жорстка абыходзіцца з такімі шукальнікамі страчанай маладосці. І не самым страшным ужо выглядае мікраінсульт, які сталы муж хапае толькі ад таго, што на курорце нейкі бязмозглы, але мускулісты дзяцюк павышаную ўвагу звяртае на яго даўганогую "палавіну".
На пачатку гэтага года ўвесь Пінск страсянула паведамленне пра бессэнсоўнае і крывавае злачынства ў межах звычайнай гарадской сям'і. А пачыналася ўсё надзвычай рамантычна. Сустрэчы, каханне, — абое адукаваныя людзі, было шмат агульнага, разам цікава. І яе, прывабную дзяўчыну, не спыніла, што ён быў на чвэрць стагоддзя старэйшы за яе, меў сям'ю ў мінулым. Спачатку жылі вельмі добра, суседзі лічылі іх ідэальнай парай. Але з цягам часу муж пачаў раўнаваць маладую жонку, далей — болей. Асабліва калі ён выйшаў на пенсію, і яго былое "хобі", так бы мовіць, набыло прафесійныя маштабы. Цяпер увесь свой вольны час старэючы муж прысвячаў выдумцы новых і новых формаў кантролю. Часам яго паводзіны рабіліся невыноснымі, калі сярод рабочага дня ён заяўляўся ў яе працоўны кабінет і пачынаў бязглуздыя разборкі. Станавілася сорамна перад калегамі, але не было куды дзявацца: зарплата інжынера не дазваляе моцна развярнуцца, асабліва, калі на руках — дзіця, а кватэра запісана на мужа. Трывала. Ды толькі каб ведала, чым скончыцца, відавочна, кінула б усё, падхапіла сына ды пайшла куды вочы глядзяць.
Аднойчы пасля ўрокаў іх дзесяцігадовы сын не змог трапіць у кватэру пасля заняткаў. Суседзі выклікалі міліцыю. Калі ўзламалі дзверы, жахнуліся... Што паслужыла апошнім штуршком для звар'яцелага раўніўца, цяпер ніхто не даведаецца, але спачатку нажом ён забіў сваю маладую прыгожую жонку, а затым сябе. Калі б гэты чалавек застаўся жывы, яго варта было б прыгаварыць да вышэйшай меры, не столькі за забойства, колькі за душэўную рану, якой ён скалечыў уласнае дзіця на ўсё жыццё.
Удумлівы чытач можа сказаць, што такія трагедыя ўсё ж выключэнні, а не правілы. І з ім мусіш пагадзіцца. Але трагедыі бываюць і без крыві. Мае суседзі па кватэры ўжо колькі гадоў назіраюць сямейную драму сваіх суседзяў па дачы. "Узорная пара, шчаслівая сям'я, каб за год да ўсяго, што здарылася, хто сказаў, я б таго вылаяў", — гаворыць сусед Міхаіл Арцёмавіч. А здарылася тое, што бывае з многімі. За год да пенсіі галава сям'і сышоў да маладой. Тады яны спачувалі жонцы, падбадзёрвалі па-суседску, падтрымлівалі, як маглі. Спачатку не звярталі ўвагі на тое, што яна на вачах мяняецца. Перастала сачыць за сабой, з дагледжанай прывабнай лэдзі ператварылася ў капрызлівую плаксівую бабу. Толькі потым стала зразумела, што жанчына захварэла псіхічна. А ў яго на новым месцы таксама не склалася, маладая жонка раптоўна памерла. І ён вярнуўся дадому. Толькі жыццё пастарэлага пенсіянера, да якога прыкметна пахаладзелі дзеці, з хворай жонкай ператварылася ў ціхі пастаянны кашмар, на які ён асуджаны да скону. Цяпер мае суседзі спачуваюць і яму: балюча глядзець на чалавека. І ўжо не варта паўтараць рытарычнае пытанне: "Хто вінаваты?"
Вось так бывае, перад вачыма людзі маюць, як правіла, шчаслівы прыклад, а ва ўласным жыцці складваецца па-рознаму. Дык ці варта зважаць на прыгожыя гісторыі, асабліва экранных герояў? У тых герояў свае задачы. Некалі мегазорка савецкага кіно Любоў Арлова казала: "Мая творчасць вядомая ўсім. Маё жыццё не датычыць нікога". Цяпер усё наадварот. Асабістае жыццё сучасных зорак вядомае ўсім. А творчасць часта выглядае амаль як укладка да гэтага жыцця. Таму і пхаюцца яны з усіх сіл на экран з маладымі жонкамі, малымі дзецьмі. Не трэба ўспрымаць іх занадта сур'ёзна.
Святлана ЯСКЕВІЧ.