Не ламай дубок

Источник материала:  

Не ламай дубокДуб заўсёды быў сімвалам мужчынскага пачатку. Калі нявеста хацела, каб у сям'і нараджаліся хлопчыкі, то ў момант уваходу ў дом жаніха яна ціхенька казала: "Каля двара дубочкі, а ў хаце сыночкі".

Бабка-павітуха імкнулася абразаць пупавіну пасля нараджэння хлопчыка на дубовай плашцы, каб нованароджаны вырас дужым і здаровым. Пасля купання хлопчыка ваду таксама стараліся выліць пад дуб, каб немаўля было даўгавечным. Нашы продкі верылі ў тое, што свяшчэннае дрэва можа дапамагчы змадэляваць жыццё чалавека і паўплываць на яго долю. На беларускім Палессі існаваў звычай: пасля нараджэння дзіцяці пасадзіць дуб. Часам дзіця само павінна было пасадзіць малады дубочак, каб той рос, набіраў моц і прадказваў будучыню дзіцяці. Калі ж раптам дуб засыхаў, то гэта лічылі прадказаннем цяжкой хваробы. Знахары выкарыстоўвалі дуб як сімвал мужчынскага пачатку, а бярозу — жаночага. Каб аб'яднаць маладую заручаную пару, трэба было напаіць абаіх адварам з трэсак або травы, сабраных у тым месцы, дзе зрасліся дуб і бяроза. Дуб выкарыстоўвалі і ў пахавальнай абраднасці. З яго выдзёўбвалі калоды, а пазней рыхтавалі труну або крыжы. З гэтай нагоды і ўзніклі цікавыя фразеалагізмы: "Даць дуба", "адубець", "глядзець у дуба". У асяроддзі ўсходніх славян шырока бытавала павер'е: дуб, які вырас у двары, каля хаты, дзе-небудзь на прысядзібным участку, "выжыве" гаспадара гэтага дома. Верылі ў тое, што, як толькі дуб вырасце і набярэ моц, з гаспадаром здарыцца бяда: дуб забярэ яго жыццёвую сілу. З далёкіх часоў у народзе існавала забарона зразаць дубы. Лічылася, што любыя дзеянні, накіраваныя супраць свяшчэннага дрэва (зрэзаць, зламаць галінку, прынесці засохлае галлё на дровы, зняць кару) нашлюць няшчасці на таго чалавека, а часам і на тых, хто жыве паблізу. У той жа час лічылі: "Хто будзе спаць на дубовых дошках, той будзе даўгавечны і здаровы, як дуб". Калі вясной пачуеш першы гром, трэба пацерціся спінай аб дуб — увесь год не будзе балець спіна. Дуб — магутны донар лячэбнай энергіі, таму яго шырока выкарыстоўвалі ў народнай медыцыне. Каб пазбавіць дзіця ад такіх цяжкіх хвароб, як эпілепсія, рахіт, малярыя, бяссонніца, яго "прапускалі цераз дуб" — адтуліну, якая ўтваралася пасля ўдару маланкі. Пасля гэтага дрэва туга звязвалі. Дрэва паступова зрасталася — дзіця дзень за днём набірала моц.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←"Сетевые революционеры" займутся информационной деятельностью

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика