Слова гонару ці дагавор?

Источник материала:  

Наша чытачка Анэля Чыжэўская з вёскі Палессе Светлагорскага раёна звярнулася ў гомельскі карпункт газеты "Звязда" пасля таго, як раніцай у вёску не прыехаў малаказборшчык. Справа ў тым, што жанчына трымае 7 кароў, і менавіта гэтыя жывёлы — асноўныя карміцелькі яе вялікай сям'і з дзевяці чалавек. І малако, якое раптам запоўніла ўсе ёмістасці ў доме, стала нечакана непатрэбным.

— Нас жа ніхто не папярэдзіў загадзя, што не будзе каму здаваць малако, — гаворыць Анэля Аляксандраўна. — 6 дзён мы малако не здавалі. Два разы на сваёй машыне вазілі малако ў суседнюю вёску. Летам жа малака многа. Мае дочкі кароў дояць 3 разы на дзень.

У асабістай гаспадарцы Анэлі Чыжэўскай сітуацыі радаваўся толькі кабан Патап. Ён нечакана стаў атрымліваць дадатковую порцыю сыроваткі, бо малако давялося пусціць на тэрміновую перапрацоўку, і жывёле таксама перапала пэўная колькасць карыснага прадукту.

Як расказаў старшыня Давыдаўскага сельскага савета Алег Дудко, зборам малака на іх тэрыторыі займалася прадпрымальнік Алена Яцко з мужам і дзецьмі:

— І раптам яны запатрабавалі, каб дадаткова ім 3 мільёны ў месяц плацілі за транспартныя паслугі. Я кажу — дык гэта будзе залатое малако! У іх быццам бы нейкі сваяк у Асіповічах два тыдні не збіраў малако. У выніку яму пайшлі на ўступку і ён сарваў вялікія грошы. І гэтыя прадпрымальнікі вырашылі такім жа чынам шантажаваць Светлагорскі малаказавод, бо дагавор на здачу заключаны толькі ў іх з прадпрыемствам. Мы ж у Савеце нічога не ведалі, бо на тэрыторыі сельсавета дагаворы на малако, якое бралі ў жыхароў нашых вёсак, не заключалі. Гэта цяпер, пасля канфлікту, мы разумеем, што трэба, каб дагавор быў складзены на тры бакі — з малаказаводам, ІП і сельсаветам. Мы ж арганізоўваем работу па здачы-прыёмцы малака. І калі ў мяне будзе такі дагавор, я змагу звярнуцца ў суд, калі бакамі не будуць выконвацца ўзятыя абавязацельствы. Сёння мы чакаем рашэння райвыканкама, каб аформіць такі трохбаковы дагавор.

Пакуль не было прэцэдэнта, усё трымалася, як калісь у купцоў — на слове гонару, але без папер. Зараз ў Давыдаўскім сельсавеце 252 каровы. За 10 справаздачных дзён з іх надойваюць па 7 тон малака. Здаецца, і для прадпрымальнікаў грошы неблагія атрымліваюцца. Відаць, пралічыўшы ўсе "за " і "супраць" і даведаўшыся, што ім шукаюць замену, прадпрымальнікі вырашылі вярнуцца на гэтую тэрыторыю.

— Яны зразумелі, што мы знойдзем ім замену і халявы не будзе, — гаворыць Алег Дудко, старшыня Давыдаўскага сельсавета. — Такой магчымасці больш ім не прадаставіцца. Калі што, гэтую нішу зоймуць іншыя людзі. Мы ўжо знайшлі варыянты. Так што, калі малаказборшчыкі яшчэ раз такі форцель выкінуць, мы іх заменім. Мы ж зацікаўлены, каб нашы людзі не цярпелі. У кожнай гаспадарцы гэта ж дадатковы заробак.

Між тым, калі размова пайшла пра заключэнне трохбаковай дамовы, трэба дасканальна прадумаць усе нюансы, якія могуць выклікаць спрэчкі. Адно з такіх праблемных пытаннеў, якое назвала Анэля Чыжэўская — механізм вызначэння тлустасці малака:

— Мы скардзіліся ў райвыканкам, прыязджалі да нас з упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, мералі тлустасць — 3,8 %. У нас жа і паперы ёсць адпаведныя! Але нам зборшчык ні разу не паставіў такую — заўсёды 3,0. Калі тлустасць ніжэй за базавую (3,6 %), атрымліваецца, што мы страчваем па 80-100 літраў малака за 10 дзён. А нам кажуць — калі многа малака, значыць, невялікая тлустасць. І ніхто нічога не вымярае штодзень!

Што ж, прыйшоў час усе ўзаемныя абавязацельствы вызначыць пісьмова і дакладна. У тым ліку і наяўнасць у прадпрымальнікаў неабходных прыбораў для штодзённага вымярэння тлустасці малака. Каб цывілізавана вырашаць праблемы — ужо на падставе юрыдычна аформленых дакументаў. І каб кожны сваю долю грошай зарабляў з чыстым сумленнем.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

←В Гродно назвали фамилии и должности тех, кто был задержан пьяным за рулем

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика