Дарогам не хапае сэрвісу

Источник материала:  

Супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці вывучылі пытанне развіцця прыдарожнага сэрвісу ў паўночнай вобласці краіны. Высветлілася, што ў вобласці функцыянуе ўсяго толькі каля 190 "кропак". У тым ліку 54 аўтазаправачныя станцыі, больш за дваццаць крамаў, толькі каля сямідзесяці кавярняў. Гэта звесткі на пачатак года. Гасцініц ля дарог — менш за дзесяць, толькі восем аўтастаянак.

Калі казаць коратка, дарогам Віцебшчыны не хапае сэрвісу. І ўводзяць прыдарожныя "кропкі" ў эксплуатацыю са спазненнем. У прыватнасці, летась і пазалетась не было адчынена сем аб'ектаў харчавання па баках асноўных магістраляў. Будаўніцтва большасці з іх спынілі з-за праблем з фінансаваннем.

Кантралёры, дарэчы, зрабілі высновы, што з боку адказных асоб мясцовых органаў улады не дадзена прынцыповая ацэнка камерцыйным структурам, якія не выканалі абавязкі па стварэнні пунктаў сэрвісу. Асобы, якія не забяспечылі неабходны кантроль за прытрымліваннем тэрмінаў будаўніцтва, не прыцягнуты да адказнасці.

Летась, па падліках кантралёраў, аб'ём рознічнага таваразвароту аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу склаў амаль 187 мільярдаў рублёў, платных паслуг прадаставілі на 1,8 мільярда рублёў. І гэтыя паказчыкі ў параўнанні з пазамінулым годам павялічыліся адпаведна на 33 і 25 працэнтаў.

Але ж такі яўны прагрэс не можа асабліва радаваць. Бо, як прааналізавалі правяральнікі, 99 працэнтаў аб'ёму выручкі — ад продажу тавараў і прадукцыі харчавання. А "пункты", якія аказваюць платныя паслугі, — гатэлі, аўтастаянкі, станцыі тэхнічнага абслугоўвання — не робяць "пагоды" ў аб'ёме выручкі. І гэта, безумоўна, сведчыць пра тое, што названых "кропак" яўна недастаткова.

Пры вывучэнні пунктаў прыдарожнага сэрвісу пры выездзе з Віцебска, а таксама ў пяці раёнах вобласці кантралёры адзначылі нізкі ўзровень якасці і культуры абслугоўвання, наяўнасць мноства парушэнняў.

Напрыклад, у кожным з больш чым дзесяці правераных аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу кантралёрамі былі выяўлены парушэнні ў тым ліку і санітарных нормаў і правілаў. Выявілі прадукты харчавання і стравы, якія нават есці небяспечна для здароўя, бо тэрмін іх прыдатнасці прайшоў. Некаторых — вельмі даўно, напрыклад, яшчэ 2,5 года таму. Чатыры работнікі, як высветлілася, не мелі допуску да работы з харчовымі прадуктамі. У адной кавярні афіцыянт "забыў" своечасова прайсці неабходны медыцынскі агляд. Кантралёры знайшлі і іншыя парушэнні.

Па выніках праверкі камітэтам 36 парушальнікаў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

←В Гродно назвали фамилии и должности тех, кто был задержан пьяным за рулем

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика