Каноплі

Источник материала:  

Каноплі — традыцыйная сельскагаспадарчая культура беларусаў. Для таго, каб насенне канопляў ператварылася ў палатно ці новую кашулю, нашым продкам трэба было прыкласці шмат намаганняў. Вырошчванне гэтай "капрызнай" культуры заўсёды лічылася цяжкай працай. Нездарма вусна-паэтычная творчасць нашых продкаў параўноўвала яе вырошчванне з "жыццёвымі мукамі". А той, хто меў вопыт, лічыўся добрым гаспадаром. У народзе казалі: "У каго канапелька, у таго і капейка".

Цяжкасці пры вырошчванні канопляў выпрацавалі цэлы шэраг прыкмет, забарон і перасцярог.

 Лічылася, што з канопляў, пасеяных жаночай рукой, атрымаюцца больш якасныя валокны, а значыць, і тканіна.

 Пасеў канопляў пачынаўся з вясновых свят. У паўднёвых рэгіёнах каноплі пачыналі сеяць з Аляксея Цёплага (30 сакавіка). Спрыяльнымі для пасеву гэтай культуры лічыліся пяты тыдзень Вялікага посту і Фамін тыдзень, а таксама перыяд з 11 па 14 чэрвеня. Адным з такіх спрыяльных дзён была і Духава субота. Раніцай трэба было памыцца ў лазні, а потым распачынаць сеў. Неабходна было так разлічыць свае сілы, каб пасеяць і забаранаваць поле ў адзін дзень. Пасля пасеву канопляў у гэты дзень ніякімі іншымі справамі больш не займаліся.

 Забаранялася сеяць каноплі на Страсным тыдні ці перад Ушэсцем. Лічылася, што той, хто будзе насіць адзенне, вырабленае з канопляў, пасеяных у гэты час, хутка захварэе і памрэ.

 У насенне канопляў падчас севу абавязкова клалі курыныя яйкі, каб валокны былі такімі ж белымі, а галоўкі такімі ж вялікімі.

 Каноплі, якія заўсёды мелі два віды раслін — жаночы тып і мужчынскі тып, былі надзелены ў народнай культуры прадуцыравальнай семантыкай і даволі часта выкарыстоўваліся ў сямейных абрадах.

 Цяжарнай жанчыне ў якасці абярэгу ў пояс зашывалі "дзікія" каноплі.

 Пільна сачылі за тым, каб пупавіна народжанага дзіцяці была перавязана "жаночымі" ніткамі канопляў, каб дзіця пазней не стала бясплодным.

 Звычайна, калі наведвалі парадзіху, неслі пасму каноплі, клалі яе побач з нованароджаным і загадвалі: "каб хлопчык быў вусаты, а дзяўчынка валасата".

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Топливо не успевает на могилевские АЗС

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика