ФАКТ
Шаравая маланка ўдарыла ў групу людзей, якія сядзелі на аўтобусным прыпынку ў вёсцы Малая Плотніца Пінскага раёна. Усяго на лаўцы сядзела чатыры чалавекі. Але пенсіянер, што прымасціўся збоку, пацярпеў менш за ўсіх, яму медыцынская дапамога не спатрэбілася. А вось 64-гадовая жанчына аказалася на бальнічным ложку ў аддзяленні кардыялогіі, а яе 32-х і 34-гадовыя аднавяскоўцы з апёкамі змешчаны ў траўматалогію.
Яна СВЕТАВА.
Пяць "валютных" спраўДэпартаментам фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю па Віцебскай вобласці заведзена пяць крымінальных спраў у дачыненні да валютчыкаў. І гэта толькі ў першым паўгоддзі бягучага года. У валютчыкаў канфіскавалі 491 тысячу расійскіх рублёў, 20,7 тысячы долараў ЗША, 15,5 тысячы еўра.
Калі ўсё канфіскаванае падлічыць у рублёвым эквіваленце, выходзіць, што прыватныя "валютныя банкіры" пабяднелі аж на 264,1 мільёна беларускіх рублёў. У дачыненні валютчыкаў склалі 14 адміністрацыйных пратаколаў і аштрафавалі на 5,3 мільёна "зайчыкаў".
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Хабар за панчохіСупрацоўнікі ўпраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці, што называецца, за руку схапілі аднаго з кіраўнікоў структурнага падраздзялення Брэсцкага панчошнага камбіната, які атрымліваў ад камерцыйнай структуры працэнт ад сумы здзелкі. А здзелкай быў кантракт на пастаўку прадукцыі камбіната. Цяпер будзе праведзена следства і, хутчэй за ўсё, службовую асобу чакае турма.
Цікавым выглядае іншы факт. Яшчэ адносна нядаўна праблемай прадпрыемства былі поўныя склады і пошук патэнцыяльных пакупнікоў. А цяпер, аказваецца, за магчымасць купіць панчохі і шкарпэткі гатовыя хабар даваць.
Яна СВЕТАВА.