Гарбузы
У апошнія дні сакавіка гаспадыні правяраюць насенне гарбузоў і падрыхтоўваюць яго да пасеву.
Гарбузы заўсёды былі культурай абавязковай на стале і лічыліся надзейнымі і непатрабавальнымі. Іх пасевам пачыналіся сельскагаспадарчыя работы, іх зборам яны і заканчваліся. Гарбузамі кармілі свойскую жывёлу, з іх варылі смачныя духмяныя кашы, у працяглыя зімовыя вечары ласаваліся семкамі.
Навукоўцы, калі даследавалі зярнятка гарбуза і зярнятка сланечніка, заўважылі, што ні ў адной расліне болей няма такога складу вітамінаў, амінакіслот і іншых рэчываў, якія так неабходны чалавеку.
100 грамаў сырых абабраных гарбузовых зярнятак, з'едзеных на пусты страўнік тры дні запар, цудоўна дапамагаюць дзецям пазбавіцца ад глістоў.
Гарбузы таксама выкарыстоўвалі пры захвораваннях печані і нырак, а таксама пры падагры.
Кожная гаспадыня ведала, што "гарбузы садзяць, калі поўня, каб былі поўныя".
Аксана Катовіч, Янка Крук.