Мужчынскія Гульні, або у «бой» ідуць толькі асы
Калі мужчыны кіруюць аўтамабілямі, марскімі суднамі і баявымі самалётамі, гэта ўспрымаецца як належнае і, бадай, наўрад ці выклікае асаблівую цікавасць. Іншая справа, калі дарослыя дзядзькі, як дзеці, гуляюць з машынкамі, караблікамі ці самалёцікамі. Калі для іх гэта — спартыўны азарт. І мужныя твары асвятляе шчодрая дзіцячая радасць ад захаплення.
Радыёкіруемыя мадэлі самалётаў на аэрадром у Баравую прывезлі аматары- канструктары з Масквы, Смаленска і Піцерскай Гатчыны, Кіева, Палтавы і Вінніцы, Кішынёва. Гэтая геаграфія, хай сабе і недалёкага замежжа, сведчыць, што захопленых стварэннем самалётаў на прасторах колішняй вялікай дзяржавы дагэтуль нямала. Але Беларусь лічыцца калыскай і лідарам нябесных спаборніцтваў-шоу. І па колькасці авіямадэлістаў таксама, а яны — з Мінска, Магілёва, Віцебска і Барысава. Удзельнікі "паветранага бою", як правіла, па адукацыі і абраных прафесіях — інжынеры альбо радыёэлектроншчыкі.Але дакладна, што ўсе яны выраслі з авіямадэльных гурткоў. Сваімі рукамі робяць свае паветраныя судны. І яшчэ — усе яны выдатныя знаўцы гісторыі сусветнага самалётабудавання.
Кандыдат у майстры спорту барысаўчанін Віктар Трухан "хварэе" на маленькую авіяцыю з дзесяці гадоў. Самалёты робіць, лічы, на кухні. Ён — шматразовы чэмпіён Беларусі ў розных класах авіямадэляў. А ягоная копія-мадэль самалёта часоў Першай сусветнай вайны "Пфальц Е-5" стала пераможцам у паветраных баях з французскім "Ньюпардам", нямецкімі "Роландамі і "Фокерамі". У апошнім "баі" барысаўскі паветраны рыцар зведаў крушэнне і быў адпраўлены ў капітальны рамонт. На твары радыёпілота адбіўся сапраўдны сум. Хоць два дні перад гэтым ён быў непераможны. І было ад чаго расчуліцца.
— Наша захапленне нятаннае. Пабудаваць мадэль вымагае шмат часу і ад 300 да 500 долараў у пераводзе на замежную валюту. Ды і паездкі на спаборніцтвы ў іншыя краіны абыходзяцца не меней за 200 долараў. Звычайна авіямадэліст вязе з сабою не менш за тры самалёты, — кажа бывалы "лётчык" Віктар Трухан і дадае: — Але галоўнае тое, што калі ты захварэў на самалёты, дык гэта назаўсёды.
Самаму старэйшаму ўдзельніку спаборніцтваў, таксама барысаўчаніну, ідзе ўжо шосты дзесятак... Але азарт у Віктара Трусава — як у падлетка-пачаткоўца. Трэба толькі бачыць.
І паветраныя баі трэба бачыць. Дзясятак самалётаў у невялікай прасторы, але на імгненнай хуткасці ганяюцца адзін за адным, імкнуцца пратараніць. Як правіла, за дзесяць хвілін ў нябеснай гонцы застаецца адно-два паветраныя судны. Яны і становяцца пераможцамі. Але ўзнагароды атрымліваюць радыёпілоты.
Анатоль Кляшчук. Фота аўтара.