Як добрыя намеры царквы нішчаць гістарычную спадчыну беларусаў
31.07.2011 00:51
—
Новости Общества
Як добрыя намеры царквы нішчаць гістарычную спадчыну беларусаў
Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры б’е ў званы: царква не займаецца аховай дастапомнасцяў, якія ёй належаць. Рэстаўрацыя, калі і адбываецца, дык не адпавядае патрабаванням заканадаўства. Пад пагрозай самая старая драўляная культавая пабудова ў Беларусі – Спаса-Праабражэнская царква, пабудаваная ў 1627 годзе як уніяцкая.
У звароце ў пракуратуру Докшыцкага раёна старшыня таварыства Антон Астаповіч адзначае, што ў Спаса-Праабражэнскай царкве ў вёсцы Порплішча Докшыцкага р-на, якая ўнесеная ў Дзяржспіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, "вядзецца расфарбоўка драўляных дэкаратыўных элементаў алтароў, ківотаў, унікальнай барочнай скульптуры, металічных акладаў абразоў і іншых прадметаў інтэр’ера алейнымі фарбамі".
Царква ў вёсцы Порплішча з’яўляецца помнікам народнага дойлідства з рысамі класіцызму. Яна ўнікальная сваімі інтэр’ерамі – фрагменты ацалелага разнога драўлянага алтара, пакрытага раслінна-арнаментальным дэкорам у стылі барока, ківоты, скульптура анёлаў, абразы, аклады, іканастас – усё XVII–канца XVIII стст.
"Рамонт" адбываецца без навукова-абгрунтаванай праграмы, праектна-каштарыснай дакументацыі, узгадненняў і дазволу Міністэрства культуры, без навуковага кіраўніцтва. Як вынік — неабгрунтаваныя змены і пашкоджанні гісторыка-культурнай каштоўнасці.
"Неацэнны скарб нацыянальнага багацця пэцкаюць алейнымі фарбамі"
Царква ў вёсцы Порплішча з’яўляецца помнікам народнага дойлідства з рысамі класіцызму. Яна ўнікальная сваімі інтэр’ерамі – фрагменты ацалелага разнога драўлянага алтара, пакрытага раслінна-арнаментальным дэкорам у стылі барока, ківоты, скульптура анёлаў, абразы, аклады, іканастас – усё XVII–канца XVIII стст.
- Гэтая царква — рэальна самая старая драўляная культавая пабудова ў Беларусі, - даводзіць Антон Астаповіч. – І зараз усё яе хараство, неацэнны скарб нацыянальнага багацця мясцовыя гора-рамонтнікі па ініцыятыве прыхода пэцкаюць алейнымі фарбамі, псуючы аўтэнтычнае аздабленне царквы, што з’яўляецца ўжо нават крымінальным злачынствам.
Антон Астаповіч накіраваў таксама ліст у Докшыцкі райвыкнкам аб прыцягненні да адказнасці па артыкулах 9.3 і 9.4 Адміністрацыйнага кодэксу. Ён настойвае, каб былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы і пачалася судовая працэдура. У Віцебскі аблвыканкам старшыня таварыства аховы помнікаў звярнуўся з просьбай пракантраляваць складанне пратаколу, а ў Міністэрства культуры - з просьбай афіцыйна спыніць работы і правесці пазапланавую праверку выканання заканадаўства ў галіне аховы культурнай спадчыны ў Докшыцкім раёне.
Астаповіч лічыць, што гісторыка-культурную каштоўнасць можна яшчэ выратаваць, аднак выказвае перасцярогу:
— Гэта прыходскі аб’ект, і можна прагназаваць, што аднаўленне будзе адкладзена на невядомую перспектыву. Занадта шмат заліта там аллейнымі фарбамі. Калі казаць пра матерыяльныя выдаткі, атрымліваецца, што каб ліквідаваць сляды рамонту і вярнуць першапачатковы выгляд, трэба выдаткаваць разоў у 50 болей, чымсьці на сам рамонт.
"Гэта становіцца тэндэнцыяй – царква робіць з будынкамі, што хоча"
У Беларусі ў апошнія гады атрымліваецца так, што царква з самымі добрымі намерамі бярэцца за аднаўленне помнікаў архітэктуры. Аднак робіць гэта так, як выглядяе лепей з пункту гледжання святароў. Напрыклад, на старажытным храме ўзводзяцца купалы, як на царкве Уваскрашэння Хрыстова у Клецку, якая знаходзіцца ва ўласнасці праваслаўнага прыхода і месціцца ў будынку, узведзеным напрыканцы XVII стагоддзя ў якасці касцёла дамініканскага кляштара.
У 2008 годзе святар ініцыяваў усталяванне на царкве купала ў форме цыбуліны. Паколькі гэтая царква з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю 1-й катэгорыі, да змяненняў яе аблічча ў заканадаўстве патрабаванні асаблівыя. У законе "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" выразна прапісана, што "знішчэнне або стварэнне пагрозы знішчэння матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў" з'яўляюцца парушэннем закону. Адбыўся сапраўдны скандал, але нічога не змянілася па сённяшні дзень.
У Наваградку таксама вырашылі паставіць цыбуліны на Барысаглебскай царкве і зрабілі гэта. І ніхто не заўважыў, што змяненне выгляду помніка архітэктуры з’яўляецца парушэннем заканадаўства.
Антон Астаповіч звярнуўся да наваградскіх уладаў з патрабаваннем спыніць рэканструкцыю Барысаглебскай царквы, маўляў, няма дазволу на рэканструкцыю вежаў.
Пасля быў зварот ад беларускай інтэлегенцыі да Беларускага экзархату Рускайправаслаўнай царквы і Міністэртва культуры. Яго падпісалі філосафы Алесь Анціпенка і Валянцін Акудовіч, архітэктар Ірэна Лаўроўская, мастацтвазнаўцы Сяргей Харэўскі і Максім Жбанкоў. Але нічога не змянілася.
— Гэта становіцца тэндэнцыяй: царква, нягледзячы на прыналежнасць будынкаў да помнікаў архітэктуры, робіць з імі, што хоча. Доказ таму — сітуацыя з цэрквамі і ў Клецку, і Наваградку. Калі ішла размова пра Наваградскую царкву, прадстаўнікі Мінкультуры сцвярджалі, што прымусяць зняць цыбуліны. Але ніякіх захадаў не бачна. І падобныя факты становяцца сістэмай, -- адзначае Антон Астаповіч.
Ні на адзін ліст, які дасылаў кіраўніцтву праваслаўнай царквы, адказу ён так і не атрымаў. Пры гэтым як пазіцыю царквы, па словах Астаповіча, можна ўспрымаць тое, што Філарэт у мінулым годзе асвяціў праект псеўдарэстаўрацыі Каложскай царквы.
Атрымліваецца, царква ігнаруе заканадаўства па ахове культурнай спадчыны. Алекуды глядзяць дзяржаўныя органы? І што рабіць, каб сітуацыя змянілася? У Антона Астаповіча няма адказу, акрамя аднаго — выконваць заканадаўства.
— Праблема ў тым, што ў прадстаўнікоў дзяржаўных органаў няма ці то жадання, ці то волі, каб прымусць уласнікаў будынкаў выконваць заканадаўства. Пры гэтым у Мінкультуры, напрыклад, матэрыялу на гэты конт вельмі шмат, але ніякіх рэальных захадаў не зроблена. Тым не менш мы будзем настойваць на выкананні заканадаўства. А міністэрству трэба, нарэшце, заняць прынцыповую пазіцыю ў справе аховы помнікаў, -- лічыць старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.