"Нам не трэба Левітан, бо ў нас ёсць Ілья Курган!.."
Кажуць, нібыта гэтае выслоўе прамовіў сам Левітан — пра беларускага калегу, дыктара Ілью Кургана. Яго часам і называлі "беларускім Левітанам". Але падаецца, параўнанні не заўсёды бываюць дарэчы. Таму што Курган — гэта наша легенда сярод дыктараў і вядучых. Чалавек, які ўмеў даносіць словы так, што яны траплялі менавіта куды трэба — ці то ў розум, ці то ў сэрца. Як яму гэта ўдавалася? На гэтае пытанне адказвае ён сам, яго сябры, знаёмыя ў кнізе "Залаты голас Беларусі. Ілья Курган", якую падрыхтавала адна з былых вучаніц Алена Мінчукова, якая схавалася за псеўданімам "Дэльфіна".
Ілья Курган — гэта цэлая эпоха на беларускім радыё, майстар слова, амаль 40 гадоў гучаў у эфіры яго аксаміцісты голас: у навінах, рэпартажах з важных мерапрыемстваў, у літаратурных праектах. І нават калі ён сышоў з радыё напрыканцы 80-х гадоў, то застаўся ў страі: у яго, як выкладчыка сцэнічнай гаворкі (у Акадэміі мастацтваў і ва Універсітэце культуры) вучыліся амаль 80 працэнтаў акцёраў краіны.
Таму не дзіва, што кнігу пра Ілью Львовіча напісала менавіта адна з былых вучаніц, прычым кніга ўбачыла свет якраз у год 85-годдзя героя! Аднак калі чатыры гады таму Алена зрабіла яму такую прапанову, то настаўніка давялося ўгаворваць, прызналася яна на прэзентацыі кнігі, на якую сам герой, на жаль, не прыйшоў: не вельмі добра сябе адчуваў у гарачы летні дзень. Усё-такі Курган перанёс за жыццё тры інфаркты... Аднак застаецца неверагодным жыццялюбам і жартаўніком. Напрыклад, расказваюць такую гісторыю: пасля аперацыі на сэрцы ў яго было нешта накшталт клінічнай смерці, стаяў ледзь не на парозе жыцця, аднак ачуняў. І вось прыходзіць у палату ўрач, а Курган яго сустракае: "Прабачце, я без гальштука..."
Валерый Анісенка, рэжысёр, сябра:
— Ён рэдкі чалавек, цудоўны, тонкі. Ілья Курган — гэта выдатная з'ява беларускай культуры. У 50-я гады, як я прыехаў з Талачына і стаў студэнтам, нас вучылі, што гісторыю творыць народ, а асоба — нішто. Мне трэба было пражыць жыццё, каб зразумець, што ўсё наадварот. Ёсць асобы, якія напаўняюць жыццё сэнсам, дабрынёй. Адзін з тых людзей, хто дапамог мне гэта зразумець, — Ілья Курган. Ён ведаў шмат выдатных асоб. І мала хто так, як ён, цэніць настаўніка. І гэта ў свае 85 гадоў! Ён быў выпускніком першага набору тэатральна-мастацкага (яшчэ тады) інстытута. Я лічу, што гэтая кніга — унікальная. Таму што герой адзін, але мы, хто пра яго гаворыць, — розныя. Да розных пакаленняў належым. Я з ім 50 гадоў. Але сённяшнія яго вучні зусім маладыя. Усе, хто яго ведае, разумеюць, чаму ён увесь час папраўляе, калі хто няправільна ставіць націск у словах. Калі не папраўляць, не паказваць, як правільна, то ўсе падумаюць, што так трэба. У яго цудоўнае адчуванне мовы, дакладнасць маўлення. Так беларускае і рускае слова мала хто ведае.
Пра патрабавальнасць Ільі Кургана да мовы з задавальненнем расказваюць тыя, хто яго ведае. Неяк у яго спыталі: "Вы, напэўна, уздрыгваеце, калі чуеце няправільную гаворку?" Ён спакойна адказаў: "Я ўздрыгваю, калі чую правільную..." Яго асабіста раніць, калі нехта гаворыць няправільна. Для яго гэта было справай гонару — гаварыць дакладна, як таго патрабуюць нормы мовы. І пры гэтым — прыгожа, каб слова сапраўды даходзіла да чалавека.
Алена Унукава, актрыса, бізнэс-лэдзі:
— Шмат гадоў таму я сышла з тэатра, хоць па прафесіі з'яўляюся актрысай тэатра і кіно. Так лёс распарадзіўся, што я стала займацца бізнэсам. Нейкім цудам я адчула покліч любові. Яна сыходзіла ад Алены Мінчуковай, з якой я сустрэлася падчас працы над спектаклем "Мачаха". Яна ж аўтар п'есы "Эдзіп", якая пастаўлена ў тэатры імя Горкага, дзе я іграю ролю. У Алены я ўбачыла нявыдадзеную кнігу пра Ілью Кургана, які, можна сказаць, таксама чалавек любові і распаўсюджвае гэтую любоў з неверагоднай сілай. Я адчувала гэта са студэнцкіх гадоў. Насамрэч, школа Кургана ўва мне, як у актрысе, моцна сядзіць. Памятаю ўсе ўрыўкі, якія мы рэпеціравалі разам, усе інтанацыі, якія ён пяшчотна, ласкава ў мяне ўкладаў. Для мяне было справай гонару пастарацца і дапамагчы, каб гэтая кніга выйшла. Знайшліся грошы, кніга ўбачыла свет...
Па словах Дэльфіны (Алены Мінчуковай), у кнігу не ўвайшло тое, што Ілья Львовіч не захацеў сказаць сам. Аднак аўтарцы ўдалося прыадкрыць гэтую таямніцу: 24 гады таму памерла яго жонка, і з тых часоў Курган жыве адзін, хоць кажуць, што шмат прыгожых жанчын рабіла яму прапановы. Але ён — прыклад сапраўднай "лебядзінай вернасці". Ідэаліст і рамантык. Пры гэтым — вельмі сціплы чалавек. Які быў і з'яўляецца сапраўднай зоркай Беларусі.
Ларыса ЦІМОШЫК.