Эканомныя жывуць лепш

Источник материала:  

Эканомія і беражлівасць актуальныя ва ўсе часіны, лічаць у КДК Магілёўскай вобласці. Калегія вывучыла, як выконваецца ў рэгіёне Дырэктыва Прэзідэнта № 3.

— У першую чаргу мы звяртаем увагу на рацыянальнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў і дзяржаўнай маёмасці, — паведамляе пра вынікі праверкі начальнік упраўлення кантролю галін гаспадаркі і грашова-крэдытнай сферы КДК Магілёўскай вобласці Юрый Фралоў. — Напрыклад, у Салтанаўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце, што ў Магілёўскім раёне, крайне неашчадна паставіліся да бюджэтных грошай, якія выдаткавалі з бюджэту на набыццё мэблі. Грошай было каля 220 мільёнаў рублёў, і чамусьці кіраўніцтва дома-інтэрната набыло ў ЗАТ "Бабруйскмэбля" самую дарагую мэблю з вінілісскуры і натуральнага дубу. Аналагічную мэблю з больш простых матэрыялаў можна было набыць у два-тры разы танней.

На ААТ "ФанДОК" выявілі ўрон на 607 мільёнаў рублёў: куды падзеліся з прадпрыемства піламатэрыялы і шпон на гэтую суму — цяпер будуць высвятляць праваахоўныя органы. Ёсць і яшчэ адзін негатыўны факт, які датычыцца гэтага бабруйскага прадпрыемства: "ФанДОК" набыў драўніну ў Расіі, а калі б яны гэта зрабілі ў Беларусі, то было б танней на 275 мільёнаў рублёў.

— Мы імкнёмся не проста праверыць, але і падказаць, як больш эфектыўна выкарыстоўваць рэсурсы, — расказвае далей Юрый Фралоў. — Пры ранейшай праверцы Магілёўскага металургічнага завода мы звярнулі ўвагу на пыл, які ўтрымлівае жалеза. Ён утвараецца пры апрацоўцы металу, у вытворчасці не выкарыстоўваецца і захоўваецца ў вялікай колькасці менавіта на тэрыторыі завода. Плавіць з пылу метал не атрымалася. Але пасля прапановы Камітэта Міністэрству прамысловасці паспрабаваць рэалізаваць пыл на экспарт, металургічны завод сапраўды знайшоў партнёраў у Грузіі і прадаў 135 тон пылу на 45,9 тысяч долараў. Цяпер рыхтуецца да адпраўкі новая, яшчэ больш буйная партыя. Атрымаўся рэзерв, дадатковы даход.

Паводле Дырэктывы № 3, у КДК сочаць за эфектыўным выкарыстаннем энергіі. Напрыклад, спецыялісты звярнулі ўвагу, што ў інтэрнатах расход электрычнасці большы за расход у звычайных жылых дамах. Прычым істотна большы: у 1,7 — 3,8 раза.

Чаму так адбываецца? Прычыны могуць быць розныя: напрыклад, шырокае выкарыстанне электрычных пліт, адсутнасць энергазберагальных лямпачак альбо незацікаўленасць саміх жыхароў у эканоміі, калі на ўвесь інтэрнат адзін лічыльнік. Што тут праўда, а што не — цяпер высвятляць Магілёўскаму абласному ўпраўленню па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў.

Пакуль вывучаюць праблему з электрычнасцю, іншае пытанне пра зберажэнне рэсурсаў ужо блізкае да вырашэння. Летась КДК Магілёўскай вобласці звярнуў увагу на свідравіны сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Каб вада не здабывалася бескантрольна і плаціліся акуратна падаткі ў бюджэт, вырашылі абсталяваць свідравіны лічыльнікамі вады. Цяпер больш за 90% свідравін маюць лічыльнікі.

— Гэта можа падацца дробяззю, — каментуе Юрый Фралоў. — Але з іх складаюцца вялізныя сумы. Нездарма гавораць, што капейка беражэ рубель. Прымаўка старая, але правільная.

КДК Магілёўскай вобласці штогод разглядае вынікі праверкі ў справе выканання Дырэктывы № 3. Сёлета калегія зноў адзначыла недастатковасць мер, якія прымаюцца, а за выяўленыя парушэнні да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 25 юрыдычных і 53 асобы на агульную суму у 94,6 мільёна рублёў, да дысцыплінарнай адказнасці — 27 асоб.

— Рэзервы ёсць, — падсумоўвае Юрый Фралоў. — І спадзяёмся, што ў будучыні людзі будуць зразумеюць важнасць эканоміі без праверак, стануць свядомымі. Трэба навучыцца ашчадна ставіцца да таго, што мы маем. Гэта адзін са спосабаў лепш жыць — навучыцца эканоміць. Што сёння вельмі актуальна.

Ілона Іванова.

←Две акции молчаливого протеста в один день прошли в Бресте

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика