Заканадаўцы робяць акцэнт на прафілактыку ўжывання наркотыкаў

Источник материала:  

Ала МАЧАЛАВА

"Вусцішна бачыць шкляныя вочы свайго сына і адчуваць уласнае бяссілле. Калі ён нарадзіўся і мог харчавацца толькі праз трубкі, урачы не верылі, што ён будзе жыць. Затое я верыла, што выхаджу яго, была ўпэўнена ў сваіх сілах, адчувала сваю мацярынскую моц. А цяпер ён разбурае сябе сам. З наркотыкамі ён губляе чалавечае аблічча". Калі вы думаеце, што гэта нейкая кіношная цытата, то памыляецеся. Гэта не ў Галівудзе — гэта побач з намі. Чаму Лёша, звычайны падлетак, з сям'і, якую прынята называць паспяховай, стаў наркаманам? Магчыма, якраз таму, што сям'я не жыла ў бядоце, а былі б грошы, знойдзецца і "кайф"? Магчыма, думаў, што бываюць лёгкія наркотыкі? Магчыма, быў упэўнены, што разок-другі можна?..

Такіх "магчыма" можа быць колькі заўгодна. Але існуе галоўнае пытанне: як засцерагчы ад гэтага? Бо маштабы бядот ужо не могуць не звяртаць на сябе ўвагі. Пад назіраннем нарколагаў на 1 студзеня 2011 года ў нашай маленькай Беларусі знаходзілася каля 13 тысяч спажыўцоў наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў (у 2002-ім іх было на 5 тысяч менш). І гэта толькі афіцыйныя лічбы. Можна ўявіць, што рэальная колькасць тых, хто бывае "пад кайфам", пераўзыходзіць іх у дзясяткі разоў.

Акцэнт на прафілактыку робяць новыя папраўкі ў закон аб наркатычных сродках, псіхатропных рэчывах і іх прэкурсорах. Увосень дакумент, які толькі-толькі паступіў у парламент, плануецца разгледзець у першым чытанні. Ён выбудоўвае цэлую сістэму прэвентыўных захадаў, якія будуць рабіць на падставе дзяржаўных і рэгіянальных праграм.

Чаму так хватка ўзяліся за прафілактыку?

— На жаль, у нас былі праблемы ў гэтай галіне, — тлумачыць намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Анатоль ВАНЬКОВІЧ. — І не толькі вышэйназваны дакумент умацоўвае гэты кірунак. У нас ідуць законапраекты, якія датычаць розных аспектаў адной праблемы — прафілактыкі безнагляднасці непаўналетніх, напрыклад. Усё павінна быць увязана ў адзіную сістэму, тады яно будзе дзейснае. Калі размова ідзе аб прафілактыцы, мы павінны браць не толькі моладзь, але і тых, хто лечыцца, і тых, хто ўжывае.   Распрацоўшчыкі прадугледжваюць тры ўзроўні прафілактыкі. Першасны разлічаны на тое, каб засцерагчы людзей, якія яшчэ не пакаштавалі "кайфа". Другасны — на тое, каб спыніць ужыванне наркотыкаў у тых, хто ўжо хворы на наркаманію. Трэцічны — на змяншэнне рызыкі, што да наркотыкаў вернуцца тыя, хто спажываў іх раней. Уздзеянне на іх, натуральна, павінна быць розным. Для першых узмоцняць антынаркатычную прапаганду. У другіх будуць старацца як мага раней выявіць ужыванне наркотыкаў і аказаць медыцынскую дапамогу. Трэцім дапамогуць у сацыяльнай рэабілітацыі.

— Каб прафілактыка была эфектыўнай, трэба дакладна прапісаць, хто чым павінен займацца. Калі канкрэтыкі няма, магчымыя прарэхі. Трэба дакладна вызначыцца, дзе адказныя медыцынскія супрацоўнікі, дзе школа, дзе міліцыя, дзе грамадскія арганізацыі. Яны ў нас, дарэчы, шмат робяць па прафілактыцы ўжывання наркотыкаў, а таксама распаўсюджвання ВІЧ, які ўжыванне наркотыкаў часта цягне за сабой. Выцягваюць людзей насамрэч.

Галоўны эфект, якога чакае заканадаўца, — "пасля прыняцця гэтага і іншых датычных нарматыўных актаў павінна запрацаваць сістэма, якая не давала б нам страчваць людзей".

Законапраект ужо выклікаў мноства прапаноў і заўваг, асабліва па блоку прафілактыкі. Ёсць нават ідэі ўстанавіць апеку над падлеткамі.

— Улічым усё, асабліва нам цікавае меркаванне тых, хто займаўся гэтым у сваёй паўсядзённай дзейнасці, — адзначае парламентарый. — Будзем далучаць да работы не толькі медыкаў, але і ўсіх спецыялістаў, датычных да гэтай праблемы: супрацоўнікаў і Мінадукацыі, і МУС, і грамадскіх арганізацый. Спадзяюся, у выніку сумеснай працы нам удасца прыняць закон, які насамрэч стане дзейсным інструментам, што не дазволіць распаўсюдзіцца гэтай заразе.

Мэтазгоднасць прыняцця закона парламентарый не схільны тлумачыць трывожнай статыстыкай.

— За кожным такім працэнтам стаіць лёс чалавека, боль яго блізкіх. Што такое, калі ў сям'і раптам такая бяда — ад гэтага церпяць усе хто побач... Нават, калі б гэтыя працэнты былі меншымі, заслона ўсё роўна павінна быць пастаўлена.

А вось ці будзе яна дастатковай у новых абставінах — цяпер, калі з Расіяй і Казахстанам у нас няма мытных межаў, ці не пойдзе вал галоўнага афганскага тавару ў Беларусь?

— Пэўная занепакоенасць з гэтай нагоды, натуральна, ёсць, — не ўтойвае парламентарый. — Мы разумеем, што не ў замкнёнай прасторы жывём, ведаем, з кім Казахстан і Расія мяжуюць. Там праблема наркотыкаў вельмі надзённая. У гэтым плане, натуральна, вялікая нагрузка ляжыць на праваахоўніках. У рамках Саюзнай дзяржавы ёсць сумесныя праграмы, якія ўжо дзейнічаюць, прычым досыць эфектыўна. У нас ёсць супрацоўніцтва з Інтэрпалам і замежнымі дзяржавамі ў гэтым кірунку, сістэма адладжаная. Увогуле, ідучы на падпісанне дакументаў у рамках Мытнага саюза, мы загадзя ацэньвалі магчымыя рызыкі і што трэба зрабіць, каб папярэдзіць негатыўны эфект. Успомніце, колькі было затрыманняў, колькі каналаў паставак было перакрыта, колькі наркатычных сродкаў канфіскавана. На што толькі ні схітраюцца злачынцы, каб правезці цераз мяжу наркотыкі. І новыя папраўкі ў законапраект улічваюць гэтыя ўдасканаленні абароту наркотыкаў. Натуральна ж, нельга супакойвацца і думаць, што ўсё беспраблемна. Удасканаленне сродкаў барацьбы павінна быць безупынным. Сілавы блок у гэтым плане павінен быць заўжды на крок наперадзе.

Распрацаваныя заканадаўчыя новаўвядзенні дапамогуць сілавікам трымаць перамогу над "кайфам" і тым, што папоўняць пералік наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў. Галаўны боль нумар адзін для праваахоўнікаў — распаўсюджванне новых сінтэтычных псіхаактыўных рэчываў (тыпа JWH, СР, HU), што рэкламаваліся ў інтэрнэце як "легальныя наркотыкі" і былі ў свабодным доступе. Аналіз жа іх паказваў, паводле інфармацыі МУС, што амаль усе яны паўтараюць структурную формулу рэчываў, якія падлягаюць абавязковаму кантролю ў краіне — гэта значыць, наркотыкаў самых што ні на ёсць нелегальных — з дабаўленнем аднаго ці некалькіх радыкалаў. Ды эфект ад іх такі ж, як ад амфетаміну, какаіну ці марыхуаны.

— Пастаянна з'яўляюцца новыя рэчывы, якіх проста не было ў нашым пераліку, — расказвае Анатоль Ваньковіч. — А значыць, нельга было і прыцягнуць да адказнасці. Тым часам нашых грамадзян у Расіі спынялі і ледзь не рабілі злачынцамі за прэпараты, якія ў нас не лічацца небяспечнымі. Але калі мы ўжо ў адзінай дзяржаве, трэба заканадаўства прыводзіць у адпаведнасць. Мы не існуем асобна ад ЕўрАзЭС, Саюзнай дзяржавы, іншых структур, гарманізацыя ў гэтым кірунку неабходная. Распрацаваны законапраект улічвае найноўшыя тэндэнцыі ў гэтай галіне.

Наркотыкі прымяняюцца і ў медыцынскіх мэтах. Пры многіх цяжкіх траўмах і захворваннях такія прэпараты становяцца адзіным збавеннем ад нясцерпнага болю. "Памятаю, як пакрысе пачало адпускаць: спачатку пяткі, пасля ступні, ладыжкі, голені, калені, сцёгны", — згадвае свае адчуванні пасля абязбольвальных уколаў Хрысціна, у якой былі моцныя апёкі ног. Аднак не заўсёды такія прэпараты выкарыстоўваюцца па прызначэнні. Здараецца, што яны трапляюць тым жа наркаманам.

— Сустракаюцца злоўжыванні і з боку медыкаў, якія маюць права выпісваць рэцэпты на наркатычныя прэпараты, — канстатуе дэпутат. — Яны дорага каштуюць, і для многіх дактароў гэта спакуса. Нам, заканадаўцам, трэба дакладна прапісаць кантроль за прымяненнем наркатычных сродкаў у медыцыне.

А ці не прывядзе татальны кантроль да таго, што людзей будуць кідаць у турму за тое, што ў гаршчку расце нейкая незнаёмая расліна ці на гародзе знайшлася кветка маку, — вось што цікава.

— Перагібаў не будзе, — абяцае народны выбраннік. — Гэта не проста так, што, убачыўшы ў чалавека дзве кветкі маку ў агародзе, узялі і кінулі яго ў турму на тры гады. Кожны выпадак — гэта судовы разбор. І ўсім зразумела, што 80-гадовая жанчына, якая ўсё жыццё вырошчвала мак і пякла пірагі, — гэта не наркавытворца.

Разам з тым, дэпутат адзначае шкодную сілу няведання:

— Чалавек жа як думае: вось пакаштаваў, атрымаў "кайф", адышоў ад усіх праблем, хораша на душы. Людзі не разумеюць, якую шкоду гэта наносіць. Трэба тлумачыць, пачынаючы з дзцячага садка. Захады па прафілактыцы, няхай недзе будуць і дарагія, але гэта нашмат танней, чым потым лячыць, выцягваць людзей. Колькі гіне ад перадазіроўкі, колькі заражаецца ВІЧ, колькі падрывае здароўе і спыняе працоўную дзейнасць. Дзяржаве лепш усё гэта папярэдзіць, чым пасля змагацца.

Заўжды лепш быць над "кайфам", чым пад ім.

←Две акции молчаливого протеста в один день прошли в Бресте

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика