Асвячоная вярба

Источник материала:  

Вітаючы ўваход Ісуса Хрыста ў Іерусалім, хрысціяне засыпалі дарогу галінкамі пальмы. У царкоўным рытуале, які склаўся ў Старажытнай Русі (часткова з-за кліматычных умоў) ролю пальмавых галін стала выконваць вярба, якая першай сярод нашых раслін абуджаецца ад зімовага сну. Таму ў гэты дзень неабходна прыходзіць у царкву з галінкамі вярбы, ад якой і з'явілася назва Вербнай нядзелі.

 Галінкі вярбы прыносілі ў царкву і асвячалі вадой. Лічыцца, што асвячоная вярба, якую неабходна захоўваць у хаце (за абразамі) на працягу года, будзе ахоўваць яе ад бедаў і нястач, адвядзе грымоты і маланкі, захавае здароўе, дабрабыт і поспех.

 Калі вярталіся з царквы, галінкамі сцёбалі ўсіх хатніх, але пачыналі з самых малых (тым самым ім перадавалі моц абуджанай прыроды — здароўе, рост, бадзёрасць) і казалі: "Не я б'ю, вярба б'е".

 Тых, хто праспаў ранішняе набажэнства, сцёбалі мацней. Лічылася, што такія дзеянні на ўвесь год засцерагалі ад хвароб, зганялі "доўгі" сон, спрыялі поспеху і дабрабыту.

 Усходнія славяне надзялялі вярбу здольнасцю аказваць дапамогу бясплодным жанчынам. У старажытныя часы жанчыны прыходзілі да вярбы і малілі яе даць ім доўгачаканых дзяцей.

 Дзевяць пупышак асвячонай вярбы клалі ў ваду, калі купалі хворае дзіця.

 З галінак вярбы рабілі адвары і настоі, якія ўжывалі пры захворваннях горла і страўніка.

 У Вербную нядзелю бабулі пяклі хлеб з пупышкамі асвячонай вярбы і давалі яго з'есці свойскай жывёле.

 Некалькі галінак утыкалі пад дахам хаты і хлява, каб жывёла не хварэла і вярталася дадому, не гублялася ў лесе.

 З галінкамі вярбы ішлі ў поле на засеўкі: "Свята Вярбніца сошкі правіць".

 На вясенняга Міколу (22 мая), калі ў начное выганялі коней, іх таксама сцёбалі асвячонымі галінкамі вярбы.

 У народзе верылі, што асвячоныя галінкі вярбы, якія вы кінеце супраць ветру, спыняюць буру; кінутыя ў полымя — спыняць пажар; уторкнутыя вакол поля — захаваюць пасевы ад грызуноў, граду і іншых непрыемнасцяў.

 Калі вы кінулі асвячоную галінку вярбы на зямлю, гэта лічыцца вялікім грахом і прадказвае бяду. Галінку трэба было падняць і спаліць у печы.

 Асвячоныя галінкі вярбы захоўвалі на працягу года, а затым спальвалі на прыпечку, а попел рассыпалі па градах.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Запрещено купание в Могилеве на реке Днепр и в Печерском озере

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика