Нецвярозы за рулём
Што рабіць грамадству: перавыхоўваць альбо больш жорстка караць?
СМІ паведамілі, што кіраўнік дзяржавы сустрэўся з генеральным пракурорам і ў якасці асобнага пытання была абмеркавана праблема росту выпадкаў кіравання транспартам у нецвярозым стане. Колькасць вадзіцеляў, якія прыцягваліся да крымінальнай адказнасці за кіраванне ў нецвярозым выглядзе, за паўгоддзе павялічылася больш як на 20 працэнтаў. Прэзідэнт даручыў у бліжэйшы час знайсці больш эфектыўныя меры адказнасці за кіраванне транспартам у нецвярозым стане, каб забяспечыць большую бяспеку на дарогах.
Такім чынам, для нецвярозых кіроўцаў заканадаўствам прадугледжана не толькі адміністрацыйная, з вельмі буйнымі фінансавымі санкцыямі, пазбаўленнем дакументаў на права язды, але і крымінальная адказнасць. Можна нават трапіць за краты. Сама пагроза такога пакарання, здавалася б, павінна папярэджваць, стрымліваць, "уключаць мазгі". Але вось ранішняя інфармацыя з афіцыйных крыніц па тэлебачанні: за мінулыя суткі ў Беларусі за рулём у нецвярозым стане знаходзілася не 10 і нават не 50, а... 145 чалавек. Лічба для нашай, далёка не самай вялікай па тэрыторыі краіны, пагадзіцеся, проста шакіруючая. Асабліва калі думаеш: а колькі кіроўцаў у недазволеным для кіравання транспартным сродкам стане ў той дзень не трапілі пад кантроль ДАІ?
І гэта, як сведчаць факты, не выключэнне з правілаў, не нейкая анамалія, а хутчэй сістэма, ледзь не норма паводзін на дарогах. У прыватнасці, вось адна з апошніх зводак Гродзенскай абласной Дзяржаўтаінспекцыі: "Учора супрацоўнікі ДАІ адхілілі ад кіравання 35 чалавек, якія знаходзіліся ў нецвярозым стане". Зноў жа: а колькі ўвогуле кіроўцаў у той дзень села за руль "пад газам" альбо з астаткавымі з'явамі ад ужывання алкаголю, разлічваючы, што "пранясе"?
Фартуна, калі можна так казаць у падобных сітуацыях, усміхаецца, аднак, не ўсім. Напрыклад, 31-гадовы жахар Ліды спачатку "зачапіў" сваёй машынай правую, потым — левую ўзбочыну дарогі, пасля чаго з'ехаў у кювет і перакуліўся. Кіроўцу з сур'ёзнымі траўмамі даставілі ў рэанімацыю. Няшчасны выпадак? Аднак першы "званок" для гэтага аўтаўладальніка прагучаў яшчэ тры гады таму, калі яго пакаралі за кіраванне машынай без правоў. А неўзабаве — і за кіраванне аўтамабілем "пад мухай". У ДАІ ёсць падставы меркаваць, што і на гэты раз кіроўца на момант здарэння быў нецвярозым.
Водгук на гэта здарэнне на сайце Гродзенскай абласной ДАІ: "З рэанімацыі — у ЛПП дэбіла". Грубавата сказана. Але з іншага боку, хіба ж у грамадства, у акуратных, законапаслухмяных удзельнікаў дарожнага руху, кіроўцаў і пешаходаў, няма права на жорсткія ацэнкі тых, хто стварае пагрозу не толькі сабе, але і іншым? Калі б яны ездзілі па пустыні — няхай. Але ж заўтра яны могуць сутыкнуцца не з узбочынай і не з дрэвам ці слупом, а літаральна з кожным — з намі, нашымі дзецьмі, унукамі.
Так, трэба ўсяляк падтрымаць ініцыяваную Дзяржаўтаінспекцыяй праграму "Узаемаразуменне" — не толькі паміж ДАІ і ўдзельнікамі дарожнага руху, але найперш паміж самімі кіроўцамі і пешаходамі. Быць уважлівымі перад пешаходным пераходам, спыніцца, калі просяць дапамагчы , "дзякаваць" фарамі, калі вас прапусцілі праехаць... Але ці магчымы нейкі кампраміс з тымі, каму пляваць на гэтае ўзаемаразуменне?
Аднаго гродзенца затрымліваюць за рулём у нецвярозым стане, штрафуюць на 1 мільён 50 тысяч рублёў, пазбаўляюць на тры гады правоў і, ужо без іх, яго зноў спыняюць п'яным. Зноў караюць — на гэты раз пазбаўленнем правоў на пяць гадоў і штрафам у памеры 12 мільёнаў 250 тысяч рублёў. Атрымліваецца, што гэтая асоба можа ў перспектыве зноў сесці за руль.
Альбо вось яшчэ адзін парушальнік, якога суд кваліфікаваў як рэцыдывіста. Спачатку яго прыцягнулі да крымінальнай адказнасці за паўторнае на працягу года кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення, забралі правы і аштрафавалі на 5 мільёнаў 250 тысяч рублёў. Перавыхаваўся? Ужо маючы судзімасць, 30-гадовы гродзенец у чарговы раз затрымліваецца Дзяржаўтаінспекцыяй, і медагляд зноў пацвярджае: нецвярозы. Тут ужо трэба раскашэліцца ажно на 21 мільён рублёў, аднак, як і ў папярэднім выпадку, мажлівасць яго знаходжання за рулём у будучыні зусім не выключана.
А можа, хопіць? Вось думкі на сайце Гродзенскай абласной ДАІ:
— Такіх людзей трэба пазбаўляць права кіравання любым транспартным сродкам пажыццёва. Калі чалавеку самому жыць не хочацца, то не трэба цягнуць за сабой іншых.
— З такімі трэба па самых строгіх метадах! І правоў пазбаўляць, і машыну канфіскоўваць (альбо не толькі канфіскоўваць, але і, як у адным з амерыканскіх штатаў, пускаць пад прэс), і саджаць у месцы не надта аддаленыя.
Занадта жорстка? Але, напрыклад, у Літве нядаўна ўведзена магчымасць канфіскацыі транспартнага сродку ў тых, хто другі раз на працягу года затрымліваецца за рулём пасля ўжывання алкаголю альбо пад уздзеяннем наркотыкаў. А ў Японіі можа быць пакараны і пасажыр, які сеў у машыну нецвярозага кіроўцы. Кіроўцу пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі, пасажыру — буйны штраф.
Безумоўна, нельга разлічваць толькі на "караючы меч", аднак у вышэйзгаданых выпадках іншых сродкаў уздзеяння, мабыць, не існуе. Відавочна і тое, што хама на дарозе адной Дзяржаўтаінспекцыі не спыніць. Усім кіроўцам трэба разумець, што шафёрская салідарнасць не толькі ў сігналах фарамі, але, найперш, у адказнасці за парадак на дарогах. І калі вы, убачыўшы неадэкватныя, нахабныя паводзіны за рулём, паведамілі ў ДАІ, то гэта не азначае "залажыў". Гэта нармальны грамадзянскі ўчынак.
Барыс ПРАКОПЧЫК.