Вярба
Вярба — дрэва ці куст, які расце пераважна ў нізкіх месцах. У народнай культуры ўсходніх славян гэтая расліна з'яўляецца сімвалам росту і жыццёвай сілы, урадлівасці, сімвалам вясновага абуджэння прыроды. У дачыненні вярбы назіраецца падвоенасць, у залежнасці ад узросту дрэва: да маладога дрэўца ставяцца як да свяшчэннага, карыснага; старое дрэва выклікае насцярожанасць, яго звязваюць з нячыстай сілай, на яго "адсылаюць" хваробы.
У народзе магічнай сілай валодалі не толькі асвячоныя на Вербніцу, але і проста маладыя галінкі вярбы, якія выкарыстоўвалі ў розных абрадах і рытуальных дзеяннях.
У дзень святога Юрыя (6 мая) дзяўчаты плялі з вярбы вянкі, казалі: "каб прыбытак у хаце рос, як вярба вясной".
Каб выйсці замуж і налета "стаць тоўстай" (г.зн. зацяжараць), неабходна было сплесці вянок і павязаць на сябе пояс з галінак вярбы.
Невялікі пояс з галінак вярбы плялі на даёнку, каб малако "прыбывала".
У некаторых рэгіёнах на Купалле менавіта вярбу дзяўчаты ўпрыгожвалі кветкамі, вадзілі вакол яе карагоды.
Вядомы таксама абрад выклікання дажджу, падчас якога яго ўдзельнікі павінны былі ўбірацца ў галінкі вярбы.
Шырока выкарыстоўвалі "старую" вярбу для перадачы сваіх хвароб. Для гэтага неабходна аперазаць сябе саламяным перавяслам, а потым употай ад усіх прыйсці да вярбы і аперазаць гэтым перавяслам яе, аддаць ёй сваю хваробу. Лічылася, што пасля гэтага вярба засохне, а хвароба адступіць.
Той, хто лічыў сябе баязліўцам і жадаў пазбавіцца ад гэтай заганы, павінен быў у Вербную нядзелю пасля ранішняга набажэнства забіць у сцяну сваёй хаты галінку асвечанай вярбы. Лічылася, што такія дзеянні павінны былі адагнаць прыродную баязлівасць.
Часам выконвалі абрад "вянчання" хваробы з вярбой: на вярбу ставілі запаленую свечку, чыталі спецыяльныя словы (замову), каб хвароба гэтак жа лёгка адышла, як лёгка прымаецца вярба.
Практычна паўсюдна старую вярбу лічылі праклятым або "нячыстым" дрэвам. Існавала павер'е, што на вярбе з Вадохрышча да Вербнай нядзелі сядзіць чорт, які да гэтага дня жыве ў вадзе, а пасля гэтага дня пераходзіць у зямлю ці жыта.
Нярэдка старую вярбу, схіленую над вадой, лічылі прытулкам вадзяніка, русалак і іншых "нячысцікаў", якія сядзяць на самым высокім дрэве і выглядваюць сабе ахвяру.
Ва ўсходніх славян існавала павер'е, што ранняй вясной чэрці грэюцца менавіта на вярбе, а пасля таго, як галінкі вярбы пакінуць у храме ў Вербную нядзелю, яны трапляюць у ваду. Таму да Вербніцы забаранялася хадзіць у балоцістыя месцы, у вербны гушчар, у так званыя "гіблыя" месцы.
Лічылася, што да веснавога Міколы нельга купацца, бо інакш з "чалавека вярба вырасце".
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.