“Самба” з вясковым каларытам

Источник материала:  
Ужо больш за дзесяць гадоў займаюцца агратурызмам Ала і Андрэй Ніжнікі з вёскі Зарачаны, што ў Пухавіцкім раёне
“Самба” з вясковым каларытамКалісьці яшчэ Аліна бабуля вылучыла ім кавалак зямлі для пабудовы лецішча. Драўляны домік быў узведзены за адзін год, і неўзабаве ў гаспадароў не было адбою ад гасцей. Любілі да іх прыязджаць сябры, знаёмыя — усім падабаліся добразычлівыя, вясёлыя выдумшчыкі-гаспадары. Ды і прырода спрыяла: хадзілі па грыбы-ягады, купаліся ў рэчцы, парыліся ў лазні. Так што, як кажа Ала, агратурызмам яны займаюцца даўно.
Пазней яны набылі яшчэ адзін кавалачак зямлі і зрабілі прыбудову. Назвалі яе “Акно ў Еўропу”. І жартам сказанае стала прароцтвам: на старым падмурку вырас невялікі, але вельмі рамантычны дом-замак. Унутры ёсць і вінтавая лесвіца, і камін, і высокія столі. Дом аформлены з такой фантазіяй і любоўю, што з першых жа хвілін адчуваеш сябе ў ім спакойна і камфортна.
А пасля ўсё часцей сталі ўзгадваць выступленні па тэлебачанні Валерыі Кліцуновай — старшыні праўлення грамадскага аб'яднання “Аграэкатурызм” — і вырашылі, што яны таксама змогуць займацца сельскім турызмам. І ў нейкі момант цвёрда вырашылі пераехаць з Мінска ў Зарачаны назаўжды.
“Фізічна ў вёсцы цяжэй, — дзеліцца пачуццямі гаспадыня, — але што можа быць лепей, чым хадзіць басанож па свежай расе. Тут, на прыродзе, у нас заўжды добры настрой, з такім настроем мы і гасцей сустракаем”. Мілая, абаяльная, усмешлівая гаспадыня сядзібы грае на піяніна, шые выдатныя лялькі, прыдумвае цікавыя ўпрыгажэнні для дома. Прапагандуе здаровы лад жыцця. Муж — аднадумца. Ён заўсёды далучае гасцей да розных гульняў. У іх ужо каля сотні паслядоўнікаў купання ў халоднай вадзе ў любое надвор’е. І за гэты час ніхто не захварэў.
Адпачыць на сенавале, схадзіць у лес ці ўладкаваць майстар-клас па шыцці вясёлых стылізаваных лялек ахвотна дапаможа Ала. А зрабіць посуд з гліны на ганчарным крузе — тут майстар Андрэй. Ідэй і задумак у гаспадароў шмат. Андрэй паказвае мне велізарнае дрэва на ўчастку, а на ім — гняздо бусла. Гэта, аказваецца, ён яго сам стварыў. Разам з Алай яны чакалі цэлых чатыры гады, пакуль з'явілася першая пара, якая тут вывела чатырох птушанят. “Мы нават праслязіліся, калі дачакаліся гэтую сям'ю”, — гавораць Ала і Андрэй.“Самба” з вясковым каларытам
Пра тое, што гаспадары сядзібы “Зарачаны” годна сустракаюць гасцей, гавораць шматлікія запісы, пакінутыя ў кнізе водгукаў. Вось толькі некаторыя з іх: “Прыязджалі на адпачынак да гаспадароў, ад'язджаем ад сяброў”; “Патрапілі ва ўтульнае месца і ў выдатнае жыццё. Надоўга запомніцца гульня ў “Апошняга героя” і тое, як танчылі бразільскую самбу...”
Спадабалася ў сядзібе і шматлікім замежным турыстам. Андрэй і Ала ўжо не сумняваюцца, што адпачынак у беларускай вёсцы запатрабаваны і імі. Успамінаюць, як адпачываў прэзідэнт сельскага турызму Японіі, усё захапляўся прасторамі беларускіх палёў, даступнасцю лясных прагулак. Фермеры з Літвы адзначалі, што невялікія сядзібы перспектыўныя. У краіне-суседцы ж сельскі турызм пайшоў па шляху індустрыялізацыі — шмат людзей, вялікія сядзібы. А вось менавіта ў такіх ціхіх куточках, на прыродзе, можна сапраўды зусім забыцца на праблемы, адпачыць ад гарадскога шуму і пабыць сам-насам з прыродай.

Таццяна Куварына

←Беларусь расширит на 10 Гбит/с внешний интернет-шлюз в западном направлении

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика