Малайчына, Алена
Прадстаўніца Беларусі на міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні Алена Ланская ў першы дзень выступлення атрымала больш балаў, чым астатнія, — 89. Малайчына. Усяго на адзін бал менш у хлопца з Украіны і прадстаўніка Чэхіі па прозвішчы Дэйл. У спявачкі з Літвы, бландзінкі Руты, — 86 балаў. Па 83 — у прадстаўнікоў Балгарыі, Малдовы, Казахстана і Расіі. Інтрыга на момант падрыхтоўкі артыкула заставалася. Хто атрымае галоўны прыз юбілейнага фестывалю?
Наша прыгажуня ў першы конкурсны дзень выканала песню на рускай мове "Неба ведае". Алена выйшла на сцэну Летняга амфітэатра ў кароткай сукенцы колеру валошкі — сімвала фестывалю. Гэта для тых, хто не бачыў. Спела ўпэўнена, скарыла гледачоў, разбіла сэрцы многім мужчынам у зале. Жадаем Алене ўдачы. Як і ўсім астатнім канкурсантам.
Учора вечарам канкурсанты выступілі ў суправаджэнні аркестра маэстра Фінберга. Алена збіралася спець песню "Белая ластаўка".
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Фестывальная мазаіка
l Паводле самых сціплых падлікаў, у фестывальным Віцебску адпачываюць звыш 20 тыс. турыстаў. Такое меркаванне выказаў БЕЛТА начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага гарвыканкама Дзмітрый Скарынкін. У гасцінічных комплексах абласнога цэнтра, поўнасцю загружаных у час фестывалю, спыніліся турысты з Украіны, Літвы, Латвіі, Чэхіі, Турцыі, Сербіі, Малдовы, Італіі, Кітая, Ізраіля, а таксама многіх іншых краін свету. Значную частку гасцей складаюць расіяне і нашы суайчыннікі з розных гарадоў і рэгіёнаў Беларусі.
l Жыхары Віцебска і госці "Славянскага базару" з'ядаюць больш за паўтону марожанага ў дзень, паведамілі ў Віцебскім канцэрне "Мяса-малочныя прадукты". З пачатку фестывалю праз шэсць гандлёвых пунктаў імі рэалізавана больш як 2,5 т марожанага. Пры гэтым традыцыйна попыт на гэту прадукцыю ў дні форуму ўзрастае ў 2—3 разы. найбольшым попытам у гэтым годзе карыстаецца класічны пламбір. У топ самых запатрабаваных уваходзяць таксама шакаладны пламбір, ражкі і фруктовы лёд.
l Другі том гісторыі фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" прэзентаваны ў прэс-цэнтры фестывалю. Даведачна-энцыклапедычнае выданне "Славянскі базар у Віцебску. Другое дзесяцігоддзе" падрыхтавана дырэкцыяй фестывалю да 20-годдзя знакамітага свята мастацтваў. Кніга змяшчае падрабязную інфармацыю аб фестывалі з 2001 па 2010 год.
l У гонар юбілею па заказу дырэкцыі фестывалю былі выраблены 100 спецыяльных медалёў "20 гадоў "Славянскі базар у Віцебску". Іх уручылі тым, хто, паводле слоў Радзівона Баса, "тварыў гісторыю фестывалю, укладаў у яго сваю душу і энергію". Сярод узнагароджаных — пастаянная вядучая галоўных канцэртаў фестывалю Алена Спірыдовіч, нязменны вядучы "Зорных гадзін" Віктар Татарскі, артыст і кампазітар Канстанцін Масковіч, рэжысёры і пастаноўшчыкі фестывальных канцэртаў і конкурсаў, журналісты.