Хто каму павінен плаціць

Источник материала:  

Мы, маладая сям'я, летась, у сакавіку, унеслі першы ўзнос на будаўніцтва кватэры. Дом абяцалі здаць у снежні 2010 г., але работы замарозілі, а цяпер патрабуюць аплаціць яшчэ 10% ад кошту кватэры.

Пытанне, ці існуюць нарматыўныя тэрміны будаўніцтва і адказнасць за іх парушэнне?

В. Маталыга,  Дзяржынскі раён.

Працягласць будаўніцтва жылога дома залежыць ад шэрагу фактараў і характарыстык будынка (асаблівасці канструктыўнай схемы, паверхавасць, агульная плошча, наяўнасць падвала, тэхнічнага гарышча, убудаваных або прыбудаваных нежылых памяшканняў, працягласць падрыхтоўчага перыяду і ўзвядзення падземнай часткі будынка, умовы правядзення работ і інш.).

Працягласць будаўніцтва канкрэтнага жылога дома вызначаецца зыходзячы з гранічных нарматываў працягласці будаўніцтва жылых дамоў у адпаведнасці з Інструкцыяй, зацверджанай пастановай Мінбудархітэктуры ад 4 красавіка 2007 года № 7 (у рэдакцыі пастаноў ад 30 ліпеня 2007 г. № 13 і ад 22 снежня 2008 г. № 59) і пры наяўнасці адпаведнага абгрунтавання ўстанаўліваецца праектам арганізацыі будаўніцтва (ПАБ), а таксама ўказваецца ў дагаворы (кантракце) будаўнічага падраду, калі іншае не было прадугледжана ўмовамі таргоў па выбары падрадчыка.

Напрыклад, у адпаведнасці з названай Інструкцыяй (дадатак 2) гранічны нарматыў працягласці будаўніцтва жылых дамоў з канструкцый буйнапанэльнага і аб'ёмна-блочнага домабудавання складае для дзесяціпавярховага жылога дома агульнай плошчай 9000 тыс. кв. метраў серыі 90 — 7 месяцаў (серыі М-464 — 8 месяцаў).

Гранічны нарматыў працягласці будаўніцтва дзесяціпавярховага жылога дома агульнай плошчай 7000 тыс. кв. метраў з сценавых кладкавых выбараў складае 11,5 месяца, а такога ж дома маналітных сістэм — 9 месяцаў.

Што датычыцца адказнасці, то, у адпаведнасці з артыкулам 12.10 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, невыкананне службовымі асобамі юрыдычнай асобы або індывідуальнымі прадпрымальнікамі абавязацельстваў перад грамадзянамі па дагаворах на набыццё, будаўніцтва, рэканструкцыю жылых памяшканняў у тэрміны, прадугледжаныя названымі дагаворамі, цягне накладанне штрафу ў памеры ад пяцідзесяці да ста базавых велічынь.

У пісьме не названы прычыны затрымкі будаўніцтва дома. У вызначаных заканадаўствам выпадках устаноўлены дагаворам тэрмін уводу шматкватэрнага жылога дома ў эксплуатацыю можа працягвацца.

Напрыклад, пры долевым будаўніцтве шматкватэрных жылых дамоў тэрмін уводу жылога дома ў эксплуатацыю вызначаецца ў дагаворы з улікам нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва, прадугледжаных праектнай дакументацыяй, і не можа перавышаць трох гадоў з дня заключэння дагавора з дольшчыкам.

У выпадку, калі своечасоваму выкананню абавязацельстваў па дагаворы перашкаджалі пацверджаныя рашэннем суда або іншых упаўнаважаных дзяржаўных органаў надзвычайныя абставіны (іншыя, якія не залежаць ад бакоў), якія нельга прадухіліць, то працягласць тэрміну выканання абавязацельстваў прыпыняецца і з дня спынення такіх абставін працягваецца.

Калі будаўніцтва жылога дома не можа быць завершана ў вызначаны ў дагаворы тэрмін (пры адсутнасці віны забудоўшчыка), ён не пазней чым за два месяцы да заканчэння названага ў дагаворы тэрміну абавязаны накіраваць дольшчыку адпаведную інфармацыю і прапанову аб унясенні змяненняў у дагавор. Змяненне прадугледжанага дагаворам тэрміну ажыццяўляецца шляхам падпісання дадатковага пагаднення да дагавора, у якім прадугледжваецца змяненне тэрміну будаўніцтва і іншых звязаных з гэтым умоў дагавора.

У любым выпадку кантроль за парадкам заключэння і выканання бакамі дагавораў будаўніцтва павінен ажыццяўляцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, якія выдалі забудоўшчыку дазвольную дакументацыю на долевае будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома.

Спрэчкі, якія ўзнікаюць пры выкананні дагавора будаўніцтва, вырашаюцца таксама ў судовым парадку ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Віктар САВІЦКІ.

←Минэнерго отчиталось перед Генпрокуратурой о работе по противодействию коррупции

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика