Новая ўласнасць — новы клопат
Майму мужу належыць двухпакаёўка, у якой мы жывём. Такую ж кватэру ён можа атрымаць у спадчыну ад бацькоў. Пытанне: калі ён стане ўласнікам дзвюх кватэр, як трэба будзе плаціць падаткі?
С.Л., г. Мінск.
г. Мінск.Падатковым кодэксам Рэспублікі Беларусь вызначана (п.п. 1.17 п. 1 арт. 186), што калі ў грамадзяніна маецца ва ўласнасці два і больш жылых памяшканняў, ён вызваляецца ад выплаты падатку толькі за адно жылое памяшканне на яго выбар на падставе пісьмовай заявы, пададзенай у падатковы орган па месцы жыхарства, з пазначэннем месцазнаходжання ўсіх прыналежных фізічнай асобе жылых памяшканняў у шматкватэрных жылых дамах. У выпадку непадачы фізічнай асобай такой заявы вызваленню ад падатку на нерухомасць падлягае толькі адно жылое памяшканне, набытае (атрыманае) ёй ва ўласнасць раней за іншыя жылыя памяшканні.
Падатак на нерухомасць спаганяецца ў памеры 0,1 працэнта ацэначнага кошту аб'екта нерухомасці. Вылічэнне гадавой сумы названага падатку ажыццяўляецца падатковым органам штогод на 1 студзеня кожнага падатковага перыяду.
Грамадзяне выплачваюць падатак на нерухомасць на падставе паведамленняў падатковых органаў не пазней за 15 лістапада бягучага года. Паведамленні з пазначэннем сумы падатку, якая падлягае выплаце, штогод уручаюцца плацельшчыкам падатковым органам да 1 жніўня.
Неабходна таксама ўлічваць, што калі ў другой кватэры ніхто не будзе прапісаны альбо колькасць метраў будзе перавышаць вызначаную норму агульнай плошчы, то плата за тэхнічнае абслугоўванне дома, ацяпленне і адлічэнні на капітальны рамонт дома будуць збірацца не па зацверджаных стаўках і тарыфах, а па нарматыўным сабекошце (гэта значыць, у значна большых памерах).
Віктар САВІЦКІ.