Wееkеnd у сярэднявечным Мсціславе
У выхадныя ў горадзе Мсціславе адбудзецца традыцыйнае свята сярэднявечнай культуры "Рыцарскі фэст".
Раніцай 16 ліпеня ў саборы Аляксандра Неўскага і кармеліцкім касцёле адбудуцца малебны: праваслаўныя і католікі будуць маліцца пра мсціслаўцаў, якія загінулі за Айчыну на палях бітваў у розныя часіны. Потым тэатралізаванае шэсце рыцарскіх клубаў краіны накіруецца на цэнтральную плошчу горада, да помніка Пятру Мсціслаўцу, дзе і адбудзецца ўрачыстае адкрыццё свята.
На Замкавай гары, дзе яшчэ летась з'явіўся стылізаваны пад сярэднявечча драўляны гарадок і рысталішча, пройдуць рыцарскія турніры. На іх выступяць і суседзі-расіяне — удзельнікі ваенна-спартыўнага аб'яднання "Варта" са Смаленскай вобласці. Спаборніцтвы мечнікаў і лучнікаў, бугурты заўсёды прыцягваюць увагу мноства людзей. Лепшых рыцараў адзначаць і ўзнагародзяць на другі дзень свята, 17 ліпеня.
У гарадскім скверы раскінецца горад майстроў, будуць працаваць сельскагаспадарчыя падворкі, выступяць калектывы мастацкай самадзейнасці, "Мсціслаўскі шынок" і карчма запросяць на дэгустацыі і абеды.
Аднак яшчэ больш каштоўная частка рыцарскага фэсту — гэта арганізацыя экскурсій, у тым ліку па помніках старажытнага Мсціслава. Звычайна Іезуіцкі калегіум, вежы і скляпенні Кармеліцкага касцёла закрытыя для наведнікаў. Аднак на час свята ёсць унікальная магчымасць пабачыць велічныя архітэктурныя помнікі Мсціслава не толькі звонку. Тым больш што каштуюць экскурсіі сімвалічных грошай.
Да ўсяго гэтага прыкладаюцца багатая канцэртная праграма, вогненнае шоу, феерверк і запуск нябесных ліхтарыкаў і начная моладзевая дыскатэка.
Усе падрабязнасці пра свята можна даведацца на сайце mstіslаvl.mоgіlеv-rеgіоn.bу. Для тых, хто ўжо зацікавіўся рыцарскім фэстам, мясцовыя ўлады паведамляюць у тым ліку пра варыянт размяшчэння ў палатачным гарадку, на добраўпарадкаванай пляцоўцы ў гарадскім парку.
Ілона Іванова.