Вішня
Вішня ў народнай творчасці ўсходніх славян заўсёды сімвалізавала прыгажосць дзяўчыны або жанчыну, жаночы лёс, цнатлівасць, юнацкае каханне. У хрысціянстве вішня стала сімвалам дабрыні, добрых пачынанняў і спраў, часам на абразах Ісус Хрыстос трымае ў руках галінкі ці ягады вішні.
На дзявяты дзень пасля нараджэння дзіцяці, перад тым, як пайсці з хаты парадзіхі, бабка-павітуха выконвала абрад першага рытуальнага купання. Ваду, у якой купалі дзяўчынку, абавязкова вылівалі пад вішню, каб малая стала такой жа стройнай і прыгожай, абавязкова выйшла замуж.
Часцей за ўсё менавіта галінкі вішні дзяўчаты выкарыстоўвалі ў варожбах. На Беларусі, ва Украіне і Расіі вядомы звычай адразаць галінкі вішні (чарэшні) у дні святых Андрэя, Кацярыны, Варвары і ставіць іх у вільготны пясок ці суглінак. Калі яны пачыналі квітнець напярэдадні Раства Хрыстовага ці Новага года, гэта прадказвала дзяўчыне хуткае вяселле, а іншым дамачадцам шчаслівы, удалы, ураджайны год. Калі ж галінкі не ажывалі, гэта было дрэнным знакам. Аднак у некаторых рэгіёнах такія дзеянні лічыліся вялікім грахом, таму што нельга было прымушаць дрэўца цвісці насуперак прыродзе.
Калі вішня ў садзе цвіла двойчы на год — вясной і ўвосень — гэта прадказвала смерць кагосьці са сваякоў. Было заўважана, што тое дрэва, якое будзе квітнець двойчы на год, высахне.
У народнай медыцыне вішня — скарбніца вітамінаў, сок вішнёвых ягад выкарыстоўвалі ад жаўтухі, як супакаяльны сродак, адвар сушаных ягад — пры захворваннях страўніка, ад малакроўя і цяжкага пахмелля, лісце вішні ў якасці кампрэса выкарыстоўвалі ад галаўнога болю.
Па стане лісця на вішні меркавалі пра будучую зіму: пакуль лісце на дрэве, колькі б снегу ні было — усё роўна растане.
Аксана Катовіч, Янка Крук.