Сёлета зямельныя ўчасткі павінны атрымаць усе, хто мае патрэбу
Зямельнымі ўчасткамі сёлета будуць забяспечаны ўсе грамадзяне, якія маюць адпаведную патрэбу, заявіў учора на брыфінгу Анатоль КАЛІНІН, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі. Таксама ён паведаміў, што зараз распрацаваны праект указа Прэзідэнта, які зменіць парадак прадастаўлення зямельных участкаў у нашай краіне.
— Зямля па натуральным праве з'яўляецца здабыткам усіх людзей, адпаведна кожны чалавек пры яго жаданні павінен мець сваю долю зямлі. Ужо сёння з упэўненасцю можна сказаць, што большасць людзей у 21 стагоддзі хацелі б жыць у горадзе — цывілізаваным, урбанізаваным грамадстве. Але ёсць людзі, якія мараць мець хатку непадалёк ад горада і адпаведна карыстацца і тымі, і другімі выгодамі. Кіраўніком дзяржавы і ўрадам пастаўлена задача, і ў апошні час гэтаму ўдзяляецца ўвага з усіх бакоў, каб навесці парадак у гэтай сферы, спрасціць працэдуры выдзялення зямельных участкаў, афармлення, скараціць тэрміны рэалізацыі афармленчых дакументаў і гэтак далей. Урадам і кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача сёлета забяспечыць усіх, хто мае патрэбу ў зямельных участках, — сказаў Анатоль Калінін.
Паводле яго слоў, на сёння ў Беларусі стаіць у чарзе на атрыманне зямельных участкаў 91 тысяча грамадзян, з іх у 35,1 тысячы ўжо аформлены або завяршаюцца афармленчыя працы. Такім чынам, зараз яшчэ не забяспечаны 55,6 тысячы грамадзян з ліку тых, хто мае патрэбу ў выдзяленні свайго кавалка зямлі. Прычым найбольшая колькасць жадаючых — у Мінскай вобласці (46,8 тысячы), з якіх ільвіная доля жадае атрымаць участак у Мінскім раёне. Прывабнымі таксама з'яўляюцца і прыгарадныя зоны абласных цэнтраў.
— Статыстыка кажа пра тое, што мы маем свабодныя тэрыторыі для поўнага задавальнення той катэгорыі, хто мае патрэбу ў атрыманні ўчастка, — сказаў Анатоль Калінін і дадаў, што канцэнтрацыя ў вышэйпералічаных прывабных раёнах не дазваляе хутка вырашыць праблемы: напрыклад, для рассялення жадаючых атрымаць участак у Мінскім раёне будуць прапаноўвацца раёны гарадоў-спадарожнікаў.
— Маючы дастаткова развітую транспартную сетку, мы можам без перашкод праехаць 30-40 кіламетраў і апынуцца ў цэнтры сталіцы. Мы проста да гэтага пакуль не прывыклі, але пройдзе час і гэта будзе звыкла. Для немца, напрыклад, нескладана праехаць 150-200 кіламетраў ад месца пражывання да месца працы.
Таксама віцэ-прэм'ер паведаміў, што ўрад даручыў Дзяржкаммаёмасці стварыць у другім паўгоддзі гэтага года адзіную агульнадаступную базу свабодных зямельных участкаў па ўсёй тэрыторыі Беларусі, якія могуць быць прадастаўлены грамадзянам для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва, прыцягнення інвестыцый, а таксама могуць быць прадастаўлены ўсім суб'ектам гаспадарання для размяшчэння аб'ектаў і для вядзення законнага бізнэсу.
Пабудаваць дом трэба будзе за 5-10 гадоў
Што датычыцца непасрэдна новага праекта ўказа Прэзідэнта "Аб некаторых мерах па ўдасканаленні адносін у галіне будаўніцтва, адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў і ўнясенні змен і дапаўненняў у некаторыя ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", то яго нормы, па словах Анатоля Калініна, накіраваны на фарміраванне дакладнага і празрыстага механізму прадастаўлення зямлі ўсім групам насельніцтва, а таксама на стварэнне дадатковых умоў для інвестыцыйнай дзейнасці.
— Праектам гэтага ўказа прапануецца ўстанавіць некаторыя новыя падыходы, якія ў першую чаргу выключаць спекуляцыю зямельнымі ўчасткамі — і тыя грамадзяне, якія маюць патрэбу, сапраўды змогуць атрымаць гэтыя ўчасткі. Так, праектам прадугледжваецца, што будаўніцтва грамадзянамі жылых дамоў і дач павінна быць завершана на працягу 5 гадоў з даты атрымання дакументаў на зямельны ўчастак. Тэрмін будаўніцтва можа быць працягнуты мясцовым выканкамам, але не больш чым на 2 гады (рашэнне прымаецца з улікам матэрыяльнага становішча грамадзяніна і іншых уважлівых прычын — хваробы, адсутнасці ў краіне і інш.). Пры немагчымасці завяршэння будаўніцтва ў вызначаны тэрмін жылы дом ці дача могуць быць закансерваваныя на тэрмін не болей за 3 гады. Пры гэтым жылыя дамы, дачы могуць быць закансерваваныя толькі пры наяўнасці фундаменту, сцен і дахаў, што з'яўляецца адрозненнем ад папярэдняга закона, — паведаміў Анатоль Калінін і дадаў, што ён лічыць такі парадак разумным, і чалавека, які бярэ ўчастак для сябе, а не для нейкіх спекуляцый, такія нормы не павінны насцярожваць.
Таксама Анатоль Калінін паведаміў, што праектам указа прадугледжваецца распрацоўка адзінага парадку ўліку жадаючых атрымаць зямельныя ўчасткі па ўсёй краіне.
— Сёння аблвыканкамы і Мінгарвыканкам могуць устанаўліваць свае парадкі чарговасці прадастаўлення зямельных участкаў грамадзянам, што выклікае неадназначныя ацэнкі і нараканні. Такім чынам у Брэсцкай вобласці была адна чарга, у Мінску — 4 чаргі, у іншых абласных цэнтрах — 2 і гэтак далей.
Па прапанове Генеральнай пракуратуры ў праект указа ўводзіцца норма, што пры будаўніцтве на самавольна занятым зямельным участку (або які прадастаўлены з парушэннем заканадаўства) можа быць прынятае рашэнне аб працягу гэтага будаўніцтва. Але пры ўмове, што захаванне будынка не нясе істотных парушэнняў горадабудаўнічых і іншых будаўнічых норм і правіл, а таксама пры ўмове ўнясення асобай, якая ажыццявіла самавольнае будаўніцтва, у мясцовы бюджэт адзіначасовай платы ў памеры трохразовага кадастравага кошту.
Што тычыцца інфраструктуры, то на яе развіццё будуць накіраваны грошы ад продажу зямельных участкаў (умовы продажу таксама прадугледжамыя праектам указа — яны будуць асобныя для прыгараднай зоны і для пазапрыгараднай). Прынамсі, у першую чаргу будзе будавацца пад'язная дарога з гравійным пакрыццём, лініі электраперадач і цэнтралізаваная сістэма водазабеспячэння. Астатнія інжынерныя камунікацыі і грамадзяне змогуць падвесці за свой кошт.
Напрыканцы Анатоль Калінін паведаміў, што праект указа ўжо прадстаўлены ў Адміністрацыю Прэзідэнта і выказаў меркаванне, што на працягу месяца ён будзе прыняты.
Павел БЕРАСНЕЎ.