Пешшу. Пад дажджом. Да Маці Божай
Каля 2,5 тысячы пешых пілігрымаў сабраў у Будславе
Нацыянальны санктуарый Маці Божай
Выпраўляючыся ў пілігрымку, гэтыя людзі пакінулі працу, дом і тое размеранае жыццё, якім жылі ўвесь год. Хто на тры дні, хто на пяць, а хто і зусім на ўсе дзесяць, як польскія веласіпедысты з Варшавы.
Ранкам 1 ліпеня, калі кожная з пілігрымак даходзіла і даязджала апошнія кіламетры, у самім Будславе ішлі апошнія прыгатаванні да ўрачыстасці. Бы мурашы, шчыравалі над афармленнем галоўнага алтара сёстры, у карычневых хабітах дапамагалі насіць лесвіцы законныя браты, правяралі тэхніку супрацоўнікі відэастудыі Гродзенскай епархіі: упершыню чакалася онлайн трансляцыя з каментарыем...
Будслаў жыў чаканнем. Такі яшчэ нешматлюдны пляц перад касцёлам зранку — і ўжо тысячная працэсія пілігрымаў апоўначы...
"Касцёл у Будславе за савецкім часам ніколі не закрываўся"
Мясцовая жыхарка Ніна Лубнеўская, вокны якой выходзяць акурат на касцёл, у Будславе пражыла трыццаць сем гадоў. Апошнія дваццаць — штогод на 2 ліпеня — перад сваім домам жанчына назірае за ўрачыстасцямі ў Будславе.
— Касцёл у Будславе за савецкім часам ніколі не закрываўся, — сведчыць жанчына. — І калі нават не маліліся, людзі ўсё роўна сюды ішлі пакланіцца Маці Божай — мясцовы абраз лічыцца цудадзейным. Памаліцца перад ім — для людзей фізічнае і духоўнае аблягчэнне. І я, хоць і праваслаўная, а ў касцёл таксама хаджу — Бог адзін.Да пілігрымаў, якія прыязджаюць сюды круглы год, кабета ўжо прывыкла:
— Мы прымаем гэта так, як павінна быць. Калі камусьці гарбаты трэба раніцай папіць, ці памыцца — мы даём магчымасць гэта зрабіць. Гэта нармальная патрэбнасць.
Назіраючы за фэстам і набажэнствамі, за начной працэсіяй са свечкамі, жанчына шчыра прызнаецца:
— Гляджу і думаю пра вечнае. Гэта вялікі сакрамэнт. А калі працэсія ўначы, кажуць яшчэ, маўляў, калі свечка не згасла, то ўсё тваё задуманае здзейсніцца...
"Пілігрымка — не паход"
— Некаторыя мяркуюць, што пілігрымка — гэта паход, дзе толькі адны забавы, весялосць і дзе можна ў палатках жыць, — дзеліцца юнак Вадзім (пілігрымка "Ракаў-Мінск"). — Насамрэч, галоўнае ў пілігрымцы — гэта малітва, духоўнае жыццё. А гэта духоўныя практыкаванні, канферэнцыі, споведзь, камунія. Гэта ёсць для нас паглыбленне веры. Шлях да санктуарыя — заўсёды цудоўныя сцежкі. Трэці раз хаджу, вельмі падабаецца...
Адметнасцю ў сёлетняй арганізацыі фэста стала прамая відэатрансляцыя, якая ўпершыню суправаджалася каментарыямі. Такім чынам усе ахвотныя, у каго не атрымалася быць у Будславе, маглі далучыцца да падзей праз відэатрансляцыю. Трансляцыю наладзілі дзякуючы падтрымцы партала TUT.BY і РУП "Белтэлекам".
— У Польшчы я была толькі ў аднадзённых пілігрымках, — распавядае пілігрымка з Ольшчыну Барбара Стаек. — А тут ішла цэлых пяць дзён. Вельмі цудоўная атмасфера. А якія чулыя людзі, якія прымалі нас на ноч! Яны аддавалі нам усё: свае ложкі, сваю вячэру. Я засталася пад вялікім уражаннем! Асабліва запаў у душу момант, калі разам з намі побач з вазком, у якім спала немаўлятка, ішла 76-гадовая жанчына...Будслаў — радасць
— Вырашаючы складаныя сацыяльна-палітычныя праблемы нашага грамадства, неабходна памятаць аб тым, што пачаткам пачаткаў з'яўляецца стан духоўнага жыцця чалавека, — падкрэсліў у сваім звароце да вернікаў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. — Прыкладам жа людзей, поўных Божага Духа, якія здольныя аднавіць грамадства, з'яўляецца Марыя...
— Марыя — тая, хто аб'ядноўвае людзей, — гаворыць Марына Захарэвіч, якая спецыяльна прыехала ў Будслаў на свята. — Гэта нават цяжка зразумець, гэта трэба адчуць. Мая дарога ў пілігрымку — гэта мінімальная ахвяра, якую я змагла прынесці Богу разам са сваёй інтэнцыяй аб здароўі для сваёй мамы. Прашу ў Бога дапамогі, прашу заступніцтва Марыі, дапамогі пазбавіцца маёй маці ўсяго лішняга ў яе жыцці. Я ніколі не хадзіла ў пешую пілігрымку, але магу ўявіць, як гэта ўнутры. Кожны год бачу гэтыя шчаслівыя твары пілігрымаў, якія ішлі да Маці Божай пехатой. Пілігрымка — ахвяра Богу, якая аб'ядноўвае людзей.
Сям'я Усніч прыехала ў Будслаў з маленькім сынам Даменікам. Маладыя муж і жонка прызналіся, што раней прыходзілі ў Будслаў пешшу, але сёлета яны — маладая сям'я — прыехалі асобна, каб падзякаваць Марыі за сына.
— Прыехалі паказаць наша дзіця Маці Божай, падзякаваць за яго, бо менавіта ў гэтым годзе яно ў нас нарадзілася. Будслаў — радасць. Нават цяпер бачу, як радуюцца людзі, якія ідуць сюды кожны са сваёй патрэбай. Мы прыйшлі падзякаваць за свайго сына. Шмат чаго мы за гэты год атрымалі ад Маці Божай і вельмі ёй удзячныя.
Пакуль мы размаўлялі, немаўлятка Даменік ляжаў на пялюшцы, час ад часу агугукаючы і цягнучыся ручкамі да ножак. Адзін момант — і ён ужо пераварочваецца на жывот і з годнасцю трымае галаву, радасна ўсміхаючыся шчаслівым бацькам.
У Будславе Бог дае сілы. Жыць.
Ілья ЛАПАТО.
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.
Будслаў—Мінск.