Ёсць такая прафесія — людзям святло прыносіць, альбо Як карэспандэнт "Звязды" разам з брэсцкім ліхтаршчыкам Кірысюком праводзіла і сустракала сонца
Турыстычную прыцягальнасць Брэста звычайна звязваюць з Брэсцкай крэпасцю, але, пераканалася на свае вочы, ёсць там яшчэ на што падзівіцца... Два гады таму, у ліпені, "гарадскі галава" падпісаў "наказ" аб увядзенні ў горадзе пасады ліхтаршчыка. Каб той "штодзённа ліхтары запальваў" на радасць людзям.
"Машыну хачу! Замуж хачу!"Бесклапотны летні вечар. На пешаходнай вуліцы Савецкай людна. Кожны бавіць час па-свойму. Адны п'юць каву ва ўтульнай кавярні, другія мілуюцца на лавачках, у якіх тут недахопу няма, трэція няспешна прагульваюцца...
Усеагульная ўвага пераключылася на камень з наказам, з-за якога паказаўся падцягнуты чалавек у сінім мундзіры з металічнай лесвіцай у руках, як толькі "прабіла" дзесяць гадзін.

Увесь час, пакуль Віктар Пятровіч пераходзіць са сваёй лесвіцай ад ліхтара да ліхтара, яго суправаджаюць дарослыя і дзеці. У рэшце рэшт школьніца, якая прыехала з Пінска ў Брэст на экскурсію, асмельваецца і просіць у ліхтаршчыка дазволу дакрануцца да гузіка на мундзіры. На шчасце. Апошнія, адпаліраваныя за два гады сотнямі пальцаў, блішчаць на адлегласці. За самай смелай выстройваецца чарга. Адны заплюшчваюць вочы і асцярожна, быццам баючыся спудзіць запаветнае жаданне, трымаюцца за гузік; іншыя што ёсць моцы націраюць пальцам бляху на рамяні.
— Жаданні, загаданыя побач з вамі, сапраўды спаўняюцца? — цікаўлюся ў ліхтаршчыка, калі чарга даходзіць да мяне.
— Кажуць, што спаўняюцца, — загадкава ўсміхаецца прадстаўнік рамантычнай прафесіі. — Многія ўжо падыходзілі і дзяліліся сваёй радасцю. Думаю, людзям абавязкова трэба ў нешта верыць. А як жа без веры?
— І што звычайна людзі загадваюць?
— Рознае сабе жадаюць. Хто камп'ютар, хто веласіпед, хто фотаапарат. Хто моўчкі, хто ўслых. Аднойчы стаяў на лесвіцы, а нейкая дама, тузаючы мяне за калашыну, крычала: "Машыну хачу! Замуж хачу!" Больш я яе не бачыў, таму мяркую, што яе жаданні спраўдзіліся (усміхаецца).
— А ў вас самога ёсць запаветнае жаданне?
— Хачу (на імгненне задумваецца), каб усе, у тым ліку мае дзеці і ўнукі, былі здаровымі. Будзе здароўе — тады і веласіпед, і машына, і муж будуць у радасць.
"Мой дзеда. Не дам!"
Бадай, ні ў адной краіне свету не знойдзеш сёння чалавека, у працоўнай кніжцы якога значылася б прафесія ліхтаршчыка. Так што абаяльны і сціплы Віктар Пятровіч Кірысюк, можна сказаць, унікум у сваім родзе.
— У мяне людзі часта пытаюцца: "А ў вас гэта спадчыннае?" Так, жартую, у дзяцінстве ўрокі разам з братамі і сёстрамі за адным сталом вучыў пры святле газавай лямпы. Тады, ды і пасля, — прызнаўся электрык з 30-гадовым стажам, — я і падумаць не мог, што стану мясцовай знакамітасцю, дзякуючы... газавым лямпам.
На пасаду ліхтаршчыка, як высветлілася, праводзіўся строгі адбор. Адміністрацыя КУП "Брэстгарсвятло" не адзін дзясятак кандыдатаў разгледзела. У рэшце рэшт "уключаць" Савецкую даверылі самаму вопытнаму работніку. Выбіралі па многіх крытэрыях. Ацэньвалі знешнія даныя, бо далёка не кожнаму да твару такі мундзір. Правяралі на камунікабельнасць: наўрад ці маўклівы ці раздражнёны чалавек стаў бы ўсеагульным любімцам. Не апошнюю ролю сыграла і адсутнасць шкодных звычак: аматар выпіць ці заядлы курыльшчык фізічна не справіўся б з задачай, бо падымацца і спускацца па лесвіцы 68 разоў у суткі не так ўжо і проста, як падаецца збоку.
— Палічылі, што за год я толькі ўверх-уніз па лесвіцы "наматаў" 14 (!) кіламетраў, — адзначыў ліхтаршчык.
— Віктар Пятровіч, і вы праўда "штодзённа ліхтары запальваеце, нягледзячы на дажджы праліўныя, снягі вялізныя і сцюжы лютыя"?
— Праўда-праўда. Толькі зімой значна складаней працаваць: коўзка, рукі мерзнуць. Ды і з ветрам зусім не салодка прыходзіцца: гэта ж не бензін, што загараецца імгненна ў любое надвор'е, а газа. На ўсялякі выпадак у мяне заўсёды пры сабе (ляпае па кішэні) ёсць яшчэ адна, запасная, запальнічка і запалкі. Так што без святла не застануцца гараджане.
— А хто вас замяняе, калі ідзяце ў водпуск альбо на бальнічны?
— Я ўжо два гады як не быў у водпуску. І ні разу за гэты час, цьфу-цьфу, сур'ёзна не хварэў. Былі балячкі, але падлечышся і выходзіш на працу. Ні выхадных няма, ні свят, ні двайніка.
— Дык вам трэба зменшчыка маленькага расціць, — прамовіў турыст з Мурманска, які з цікаўнасцю лавіў кожнае слова ліхтаршчыка.
— Вунь зменшчык, у машыне мяне чакае. Унучка мая, Даша. Яна тут ужо як свая. Ніколі не забудуся, калі дачка прывяла яе першы раз паглядзець, як дзядуля запальвае ліхтары. Даша, калі ўбачыла, што іншыя дзеці дакранаюцца да мяне, расхвалявалася і заплакала: "Мой дзеда. Не дам!"
— Віктар Пятровіч, вы выглядаеце надзвычай бадзёра, хоць, наколькі я разумею, кладзяцеся спаць позна і ўстаяце рана.
— Так, пакуль запалю ліхтары, пагавару з людзьмі, сфатаграфуюся... Карацей, кладуся спаць недзе а дванаццатай гадзіне ночы. А праз чатыры гадзіны — пад'ём. Таму такі худы (жартуе). А калі сур'ёзна, днём дасыпаю тое, што ноччу недаспаў. Як па мне, лепш недаесці, чым недаспаць.
Ліхтаршчык запальвае апошні з 17 ліхтароў — і ва ўсім горадзе тут жа ўключаецца астатняе сучаснае вулічнае асвятленне. Хочацца задаць ліхтаршчыку яшчэ некалькі пытанняў, але яго ўжо нехта паклікаў: "Пятровіч, паехалі!".
— А можна, я раніцай прыйду? — знаходжуся.
— Вы будзеце падымацца так рана? — недаверліва прамовіў Віктар Пятровіч. — Ну, калі так, да заўтра.
"Кожны з нас у душы маленькі ліхтаршчык"
У 4.30 раніцы ліхтаршчык прыехаў гасіць ліхтары. Шчыра здзівіўся, калі ўбачыў мяне "на варце" ля валуна з наказам. "Колькі журналістаў са мной запальвалі ліхтары, а вось "тушыць" будзеце вы першая".
У такі ранні час на Савецкай бязлюдна. Калі, вядома, не лічыць нас з Віктарам Пятровічам, ды дзяўчатак, якія вяртаюцца, пэўна, з дыскатэкі. "Добры вечар!" — вітаюць яны нас. "Добрай раніцы, дзяўчаткі!" — усміхаецца ў адказ Пятровіч. "Цьфу, і праўда раніцы!" — хіхікаюць сяброўкі і знікаюць з гарызонту. "А давайце, мы вам лесвіцу будзем пераносіць", — прапаноўваюць дапамогу хлопцы нападпітку, якія, калі мы пераходзілі да чарговага ліхтара, вынырнулі з гульнявога клуба. "Дзякуй, я сам спраўлюся, — ветліва адмаўляецца ад дапамогі ліхтаршчык. — Вы не глядзіце, што ў бацькі вам гаджуся, у душы я нашмат маладзейшы".
— За два гады штодзённай працы ў вас, пэўна, ужо з'явіліся сапраўдныя прыхільнікі?
— Не ведаю, як прыхільнікі, але варта было адгадаваць вусы, як пасыпаліся пытанні: "Ці не падмянілі нашага ліхтаршчыка?" А адна парачка з Брэста кожны дзень прыходзіла на Савецкую і фатаграфавала мяне. Можа, месяц так хадзілі. А пасля сюрпрыз зрабілі. Альбом прыгожы такі з фотаздымкамі падарылі мне.

— Усе глядзяць на цябе, сочаць за кожным крокам. Пытанняў шмат задаюць. Нават з чаго пашыты мой касцюм, іх цікавіць. Адна жанчына доўга цёрла тканіну і прыгаворвала: "Вой, які матэрыял добры!". Запомнілася, і як група расіян кожны запалены ліхтар вітала апладысментамі ды крыкамі "ўра!".
— А адкуль больш за ўсё турыстаў прыязджае?
— Адкуль толькі не прыязджаюць... З усяго былога Савецкага Саюза, з Канады, ПАР, Бразіліі, Японіі. Нашы дзяўчаты водзяць іншаземцаў, паказваюць горад. Усе, хто б ні прыязджаў, захапляюцца: "А ў нас такога няма. Вы малайцы!". Мяне таксама не так даўно дзяўчаты з Адэсы ў госці запрашалі. Не паехаў. Не магу ж я пакінуць гараджан без святла!
— Віктар Пятровіч, падзяліцеся сакрэтам свайго жыццялюбства, — на развітанне прашу па традыцыі суразмоўцу.
— Трэба быць добрымі, прыглядацца адзін да аднаго, не баяцца рабіць добрыя справы. Калі задумацца, кожны ж з нас у душы маленькі ліхтаршчык, які здольны падарыць святло іншаму.
— А што пажадаеце нашым чытачам? — спахапілася я, калі спадар Кірысюк ужо сеў у машыну.
— Моцнага здароўя. І абавязкова перадайце, каб прыязджалі ў Брэст загадваць жаданні, — прамовіў ліхтаршчык і яшчэ раз светла ўсміхнуўся на развітанне.
Надзея ДРЫЛА, фота аўтара.
Ад аўтара.
Ліхтаршчык Віктар Кірысюк у ліпені, напярэдадні свята горада Брэста, адзначае дзень народзінаў. Ад душы віншуем гэтага светлага чалавека з надыходзячымі святамі і жадаем, каб яго запаветнае жаданне здзейснілася.