Тут бярозы ды сосны...

Источник материала:  

Гартаю старонкі, углядаюся ў здымкі, зробленыя шэсцьдзясят сем гадоў таму. Здаецца, з далёкіх часоў далятае рэха стрэлаў, чуецца дым лясных вогнішчаў... Аўтары гэтых здымкаў — вядомыя франтавыя карэспандэнты Міхаіл Савін і Міхаіл Трахман — у 1944 годзе былі сярод беларускіх партызан і пакінулі для нашчадкаў бясцэнныя дакументы гісторыі.

Партызаны з цяжкімі кулямётамі пераходзяць балота, а з парога ім услед углядаецца хлапчук з драўлянай стрэльбай за плячыма... Здымкі з далёкага мінулага нібы падказалі: трэба пакласці побач з імі фота, зробленыя сёння ў тых жа лясах, на тых самых партызанскіх палянах.

  Зраўняліся з зямлёю старыя акопы, зацягнуліся на дрэвах шрамы ад куль і асколкаў. Ды і саміх старых дрэў, што калісьці хавалі пад сваімі шатамі партызанскія зямлянкі, ужо амаль няма. Новы лес паўстаў над месцамі былых баёў, але пошум у яго вершалінах той жа — толькі услухайся.

Сапраўдны партызанскі лагер сёння можна ўбачыць недалёка ад Станькава — створаны ён у старым лесе з вялікай дакладнасцю, бо зямлянкі для штаба і асабістага складу, майстэрня зброі, кухня аднаўляліся тут па ўспамінах былых партызан. Такі ж самы лагер у гады вайны існаваў у гэтых лясах, а паколькі вакол распрасціралася партызанская зона, то ў зямлянках было нямала сем'яў з дзятвой.

Тут бярозы ды сосны...

  Ці не адзін з тых малых, хто падрастаў у партызанскім лагеры пад Станькавам стаяў калісьці перад аб'ектывам франтавога карэспандэнта? Ці не тыя лясныя змагары з зямлянак засталіся на старым фотаздымку?

Напэўна, гэта ведае стары волат — дуб, што пражыў ужо не адну сотню гадоў і сёння сустракае ўсіх, хто прыязджае пад Станькава пакланіцца памяці абаронцаў.

"Партызанскі лагер" — сумесны праект музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і агракамбіната "Дзяржынскі".

Яўген Пясецкі.

←РОЗГАЛАС

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика