Пяць жывых пялёсткаў
На дзіва чыстыя і пяшчотныя, яны ўздрыгваюць ад дотыку лёгкага ветрыку
У гэтым куточку нашага саду летам доўгі час бывае незвычайнае белае свячэнне. То цвіце ажына. На яе сцяблінках, якія густа пераплятаюцца паміж сабой, мноства буйных кветачак, надзвычай чыстых, пяшчотных, i мне здаецца, што такімі не можа пахваліцца больш ніякае садовае дрэва ці куст.
Думаю, усе, хто рос у вёсцы, добра ведаюць гэтае кустоўе, якога шмат у лесе, на вырубках, на канавах, берагах рэк і ручаёў. Тут ажыне такое прыволле, што яна нярэдка стварае суцэльныя зараснікі. Праз іх не прой-дзеш, бо на кожным сцябле вострыя шыпы, як той калючы дрот. Пэўна, вясковая дзетвара, якая так любіць улетку пасмакаваць розныя лясныя ягады, са злосцю і крыўдай глядзіць на ажыну. Цэлыя гронкі чорна-бурых ягад ужо добра паспелі, наліліся сокам, а паспрабуй дастаць. Абдзярэш, паколеш шыпамі рукі, словам, ніякай радасці з такіх ягад. Ну, сарвеш тыя, што на самым краі зарасніку, і то з вялікай перасцярогай. На астатнія ж, асабліва ў сярэдзіне, глядзіш і шкадуеш, што такая смаката прападае.
Праўда, мы, вясковыя хлапчукі-пастухі, у галодныя пасляваенныя гады ўхітраліся рознымі спосабамі ўзяць ягады з самых густых кустоў ажыны. Моцнымі кіямі “разводзілі” яе сцяб-ліны ў бакі і гэтым вузенькім “калідорчыкам” асцярожна прабіраліся ў сярэдзіну куста. Або шукалі такую ляшчыну, каб было дзве галіны. Адну зразалі, і атрымліваўся своеасаблівы крук, ім падцягвалі ажыну да сябе. Такая наша “рацыяналізацыя” была нямарнай: удавалася сабраць некалькі жменяў незвычайна смачных ягад. Разагрэтыя сонцам, сакавітыя і водарныя, яны крыху дапаўнялі наш пастухоўскі абед з лусты хлеба і адной-дзвюх цыбулін...
Але ж вернемся да нашай садовай ажыны, з якой пачаў свой аповед. Некалькі гадоў назад наш сусед дзядзька Сівы прынёс мне дзесяць кволенькіх дубчыкаў і сказаў: “Гэта ажына, у цябе яе няма. Пасадзі, лішняй у садзе не будзе”.
Шчыра прызнацца, мы з жонкай аднесліся да гэтых дубчыкаў не надта сур’ёзна. Уткнулі іх там, дзе было пустое месца і нічога, акрамя пустазелля, не расло, бо зусім бедная глеба. Праўда, зрэдку палівалі. Кволыя сцеблікі ледзь трымаліся, а ў спякотнае лета засохлі. “Не перажывайце, — падбадзёрваў нас сусед. — Гэтая ажына не прападзе, яна ж пусціла ў зямлю свае карані. Так што чакайце яе патомства, толькі палівайце гэты ўчастак”.
Мы так і рабілі. І вось чарговай вясной убачылі такі малюнак. На тым самым участку з’явілася шмат парасткаў. Прычым не там, дзе раней былі саджаны, а зусім у іншых месцах. І разбегліся гэтыя дружныя парасткі даволі шырока, што нас вельмі здзівіла.
Цяпер тут — цэлая плантацыя ажыны. Прычым сваё месца пад сонцам адваёўвае яна смела і настойліва, з кожным годам бярэ сабе ўсё больш і больш зямлі, засяляе ўсе латачкі. Дружныя маладыя пабегі з усіх бакоў абступілі два кусты слівы, некаторыя, бы тыя разведчыкі, выйшлі да самых градак, дзе мы заўсёды садзім бульбу. Што будзе далей, самі не ведаем, але ж такая неўтаймаваная ажына пакуль нас радуе. Бо мы ўжо паспрабавалі гэтыя ягады, на дзіва сакавітыя і салодкія. Калі свежыя, дык ад іх добрая падмога нашаму арганізму, ён бярэ каштоўныя вітаміны, якіх у ажыне шмат. З яе пладоў рыхтуюць смачнае варэнне, джэмы, мармелад, кампоты, сокі і віно. Ажына і добры лекар, у ёй шмат пекцінавых рэчываў, ёсць глюкоза і фруктоза, лімонная кіслата. А настой з яе лісцяў дапамагае пры запаленнях, калі не ў парадку нервовая сістэма, хворае сэрца.
Цвіце ажына доўга, з чэрвеня аж да восені. Сёлета ў самы пік роск-віту наша плантацыя ўся гудзела ад пчол. Іх зляталася сюды процьма, здаецца, яны забыліся пра іншыя меданосы, якіх багата навокал. А мо спяшаліся не ўпусціць шчодрыя ўзяткі, якія даюць празрысты і светлы, вельмі гаючы мёд.
Мы не перашкаджаем гэтым рупліўцам. А на сцяблінах ажыны — маленькія жывыя букецікі з бялюткімі кветачкамі. І яшчэ многа крэпкіх бутончыкаў, якія чакаюць сваёй чаргі. Праўда, некаторыя, вельмі ўжо нецярплівыя, раскрываюцца раней, чым “дабяруцца” наверх сцяблінкі. Ну што ж, усё заканамерна: атрымліваючы столькі цяпла, бутончыкі наліваюцца сілай, і кожны імкнецца хутчэй паказаць свету свае пяць бялюткіх-бялюткіх пялёсткаў. На дзіва чыстыя і пяшчотныя, яны злёгку ўздрыгваюць ад дотыку лёгкага ветрыку. І хочацца думаць, што гэта тварэнне іскрыстых сонечных промняў, свежых кропель дажджу, дружнага пчалінага гоману, жывых сокаў зямлі...